ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Малітва ў духу Taize – асаблівая

З жыцця Касцёла

Сустрэчы Taize прызначаны для тых, хто любіць малітву і роздум

Больш за 150 маладых католікаў з Беларусі прынялі ўдзел у ХХХVIII Еўрапейскай сустрэчы моладзі “Пілігрымка даверу па зямлі”. Спатканне, арганізаванае экуменічнай супольнасцю Taize, адбывалася з 28 снежня па 1 студзеня ў іспанскай Валенсіі. Уражаннямі ад паездкі дзеліцца Вольга Сяліцкая з Гродна.
Я ўпершыню была на еўрапейскай сустрэчы Taize. Шмат чула пра гэтыя спатканні, але не выязджала. У мінулым годзе планавала паехаць у Прагу, але, на жаль, не атрымалася. І вось я ў Валенсіі... У адказ усміхаюся валанцёрам Taize. Нас засяляюць у прыгарадзе. З сяброўкай трапляем да пажылой іспанкі. Нягледзячы на моўны бар’ер, імкнемся зразумець адна адну сэрцам.
    Кожную раніцу сустракаемся на малітве з моладдзю, якая пасялілася з намі ў парафіі. Пасля дзелімся на групы. Наша суполка складаецца з французаў, немцаў, палякаў, славакаў і беларусаў. Браты Taize прапануюць паразважаць над даверам да міласэрнага Бога, шматкратным прабачэннем, сітуацыямі непакою, пашырэннем міласэрнасці, якая ўсеабдымная. Свае думкі скіроўваем да дэвіза сёлетняй сустрэчы – “Мужнасць міласэрнасці”.
За жывое кранаюць сведчанні маладых лю-дзей. Паляк распавядае пра свайго тату, які прабачыў урачам прафесійную памылку. І дадае, што кожны чалавек павінен знаходзіць у сабе сілы, каб дараваць. Вострую праблему падымаюць францужанкі, якія прызнаюцца, што цяжка прабачыць тэрарыстам. А пасля робяць высновы, што за такіх людзей трэба маліцца. Дзеля чаго мы, уласна, тут і сабраліся: прасіць аб міры ва ўсім свеце.
    Увечары ўся моладзь збіраецца на агульнай малітве Taize. Мушу пры-знацца, што ў першы раз няпроста засяродзіцца сярод тысяч вернікаў. Хтосьці перамяшчаецца, кашляе, шэпча... Але важна ахвяраваць усё другаснае, штодзённае Богу і адкрыцца на Яго дзейнасць у сваім сэрцы.
    Моліцца моладзь з розных канфесій хрысціянскай Царквы. Мяне здзіўляе, што некаторыя на святой Імшы сядзяць нага за нагу, пляскаюць у далоні і танцуюць у час літургічных спеваў. Гэтыя дэталі адрозніваюць вернікаў з розных краін, яднае вера ў адзінага Бога. У гэтым яшчэ раз упэўніваюся, калі ўсе разам на малітве “Ойча наш” бярэмся за рукі і, гойдаючыся, шчыра звяртаемся да нябеснага Айца. Калі спявае хор, усё ўнутры замірае. Дрыжыкі ідуць па спіне ад прыгажосці і велічы музычных біблійных канонаў. Далучыцца да спеву на лацінцы складана, але мова не становіцца перашкодай. Душа напаўняецца думкамі, што ўсе мы – адно, і мэта ва ўсіх нас таксама адна – наблізіцца да Бога, які нас стварыў.
На сустрэчы Taize прыязджаюць маладыя хрысціяне з усяго свету    Малітва ў духу Taize – асаблівая. Яна згуртоўвае. Першы раз я малілася ў духу Taize на “Музычнай майстэрні” ў Івянцы гады тры таму. І яна адразу запала мне ў сэрца. Не магу апісаць словамі, трэба прапусціць малітву праз сябе. Заплануйце! Наступны раз сустрэча адбудзецца ў Рызе. Я вось, дарэчы, паеду абавязкова. За душэўным супакоем, новымі знаёмствамі, эстэтычнымі ўражаннямі. Гэта так цудоўна – адкрываць нешта новае разам з Богам.

Малітоўныя сустрэчы ў духу Taize рэгулярна адбываюцца ў Гродне:
   - у трэцюю нядзелю месяца ў 20.00 у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі;
   - ў кожны трэці панядзелак у 20.00 у касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.