ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Адкрыцца на дыялог з бліжнім

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра рух па сбліжэнні і комплексы ў камунікацыі. Даведаемся, на якім фундаменце грунтуюцца чалавечыя адносіны, што агульнага ва ўсіх людзей і навошта неабходна адзінства хрысціян.
   Што ж, наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне” (Ян 17, 21)
   Па Бібліі ідэалам адзінства паміж людзьмі з’яўляецца непадзельнасць паміж Сынам і Айцом. Вернікі належаць да аднаго “цела” Хрыста, таму пакліканы існаваць ў любові і ціхмянасці адзін да аднаго.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб шчыры дыялог паміж людзьмі, якія вызнаюць розныя рэлігіі, прыносіў плён міру і справядлівасці
   Людзі шматлікіх веравызнанняў часта забываюца пра чужое “я” і парушаюць межы згоды і спакою іншых. Незаўважна такая сітуацыя саспела і ў сучасным свеце. Папа Францішак заклікае Паўсюдны Касцёл скіраваць свае малітвы ў інтэнцыі міру.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
    экуменізм
   Паняцце “экуменізм” паходзіць з грэчаскай мовы і азначае “заселены сусвет”. Яго сэнс палягае на паглыбленні ўзаемаразумення з другімі канфесіямі, павазе, любові і адкрытасці на другога чалавека. Экуменізм – гэта не кампраміс, а, хутчэй, дыялог, рух па збліжэнні. Варта цікавіцца, аб чым думае другі чалавек, суперажываць, быць памяркоўным. Бо мэта ў кожнага з нас адна і тая ж – дасягнуць вечнага жыцця і з’яднацца з Богам.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
    адкрыцца на дыялог з бліжнім
   Кожны чалавек на зямлі разам з астатнімі складае адну вялікую сям’ю. Гэта фундамент, на якім павінны грунтавацца чалавечыя адносіны. Здаецца, няма ніякіх падстаў, каб зыкрывацца на брата, але часта зносіны абмяжоўваюцца. На гэта ўплываюць комплексы, навязаныя стэрэатыпы. Прааналізуем наша жыццё ў аспектах камунікацыі і зробім з гэтага слушныя высновы.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
   аб’яднацца для добрай справы
   Спярша трэба вызначыцца са справай. Хутчэй і лягчэй за ўсё паставіць сабе пытанне: хто зараз патрабуе дапамогі? Знайшоўшы адказ, выбраць паплечніка (будзе карысным скантактавацца з малазнаёмым чалавекам). Прапанаваць яму прыняць удзел у добрай справе і разам “накідаць” план для рэалізацыі задумкі.
    Падводзячы вынікі, можна заўважыць, што міласэрнасць зыходзіць з душы. А яна ёсць у кожнага, незалежна ад узросту, полу, роду дзейнасці ці веравызнання.

  ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
  “Мы адно”, гурт “Евангелле”
   Выканаўцы спяваюць аб тым, што “Айцец адзін”, і “мы адно”. Адна на ўсіх вера, надзея і любоў. “Злучае нас Твой Дух Святы” і нішто ўжо не разлучыць, “агонь або вада, ні меч і ні бяда”.

solowjow КНІГА МЕСЯЦА:

   “Уладзімір Салаўёў аб значэнні Прымата апостала Пятра для адзінства хрысціянскай Царквы”, а. Аляксандр Каліноўскі
   Каб абараніць чалавецтва ад маральнага рэлятывізму, каб сведчанне Евангелля мела сілу, неабходна адзінства хрысціян. У пошуку непаразуменняў у пытанні еднасці паміж праваслаўнай і каталіцкай Цэрквамі аўтар звяртаецца да творчасці вялікага рускага філосафа і багаслова Уладзіміра Салаўёва.
    У 2011 годзе а. Аляксандр Каліноўскі абараніў доктарскую дысертацыю па дагматычнай тэалогіі аб адзінстве Царквы. Нарадзіўся і вырас у Беларусі. Зараз служыць у Казахстане.
 

АСОБА МЕСЯЦА:
    святы Антоній
   Святы Антоній паходзіць з мясцовасці Кома (Егіпет) з заможнай і рэлігійнай сям’і. Маючы 20 гадоў пачуў у казанні словы, прамоўленыя Хрыстом: “Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах; пасля прыходзь і ідзі за Мною!” (Мц 19, 21). Гэтае ўказанне ён зразумеў даслоўна. Паколькі бацькі ўжо памерлі, ён прадаў сваю маёмасць і адправіўся ў пустыню. Там практыкаваў малітву, пакаянне і фізічную працу.
    Праз некаторы час вакол яго пачалі збірацца жадаючыя весці падобнае жыццё. Ён стаў для іх настаўнікам. Так узніклі першыя зборы пустэльнікаў, якіх назвалі ерэмітамі. Св. Антоній мае таксама вялікія заслугі ў абароне чысціні веры, калі абвяшчалася фальшывая навука, якая супярэчыла боству Хрыста.
    Святому прыпісваецца аўтарства 7 лістоў і Статута. Яны перадаюць парады і падказкі для тых, хто хоча практыкаваць пустэльнае жыццё. Памёр ва ўзросце 105 гадоў 17 студзеня 356 года. Святога Антонія лічаць заступнікам, які абараняе ад чумы і пажару. З’яўляецца першым заступнікам псіхічна хворых, а таксама жывёл, асабліва свіней. Літургічны ўспамін у каталіцкім Касцёле – 17 студзеня.
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў студзені?
 Св. Рыгор (2 студзеня),
    св. Ян (5 студзеня),
    св. Люцыян (7 студзеня),
    св. Севярын (8 студзеня),
    св. Павел (15 студзеня),
    св. Антоній (17 студзеня),
    св. Агнешка (21 студзеня),
    св. Францішак (24 студзеня),
    св. Томас (28 студзеня),
    св. Здзіслаў (29 студзеня),
    св. Людвіка (31 студзеня).

   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце на паштовую скрыню рэдакцыі або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.