ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Каталіцкія святыні Гродзенскай дыяцэзіі адчынілі Святыя Дзверы

З жыцця Касцёла

Кс. бп Аляксандр Кашкевіч адчыняе дзверы гродзенскай катэдры, якія сімвалізуюць Браму Міласэрнасці

13 снежня гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч адчыніў Святыя Дзверы ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. У гэты ж дзень дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адчыніў Дзверы Міласэрнасці ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа (Фара) у Лідзе. У незвычайнай падзеі прыняло ўдзел мноства вернікаў.
Перад пачаткам святой Імшы каля святыні сабраліся шматлікія вернікі. Спеў песні “Езу, давяраю Табе з дзяцінства” уводзіў у перажыванне літургіі, якая адкрыла Юбілейны год міласэрнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі.
    З гэтага часу да 20 лістапада 2016 г. у гродзенскім катэдральным касцёле вернікі будуць мець магчымасць атрымаць поўны адпуст. Пасля адкрыцця Святых Дзвярэй біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў усіх увайсці ў святыню. Затым пачалася ўрачыстая Імша з удзелам святароў, кансэкраваных асоб, навучэнцаў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі і вернікаў горада.
    У гаміліі гродзенскі ардынарый адзначыў, што папа Францішак, абвяшчаючы Юбілей, жадаў звярнуць увагу ўсяго Касцёла на вялікі дар, якім з’яўляецца Божая міласэрнасць. Іерарх дадаў, што праз сваё рашэнне Святы Айцец хоча, каб у гэты Юбілейны год “увесь Касцёл скіраваў свой позірк на таямніцу міласэрнасці, каб кожны чалавек спазнаў блізкасць і любоў Айца Нябеснага”.
Біскуп падкрэсліў, што ў гэты асаблівы год ласкі ад Пана кожны вернік павінен паставіць сабе мэту – распазнаваць Бога ў бліжніх, якім патрэбна дапамога. “Калі мы хочам спаткаць Езуса ў нашым жыцці, мы павінны вучыцца распазнаваць Яго ў бліжнім, які мае патрэбу ў дапамозе”, – сказаў іерарх.
    Гродзенскі ардынарый заахвоціў усіх задумацца падчас Юбілею аб учынках міласэрнасці адносна цела і адносна душы, а таксама заклікаў нанова адкрываць іх.
    Па словах біскупа, у гэтым годзе можна і нават трэба карыстацца ласкай атрымання адпустаў. “Каб дапамагчы нам адкрыць нанова ўсё духоўнае багацце, схаванае ва ўчынках міласэрнасці, Святы Айцец пастанавіў, што кожны раз, калі вернік сам выканае адзін або некалькі з гэтых учынкаў, ён атрымлівае поўны адпуст”, – сказаў іерарх, дадаўшы, што гэты адпуст, як звычайна, можна будзе ахвяраваць за сябе або за адну памерлую асобу.
    “Уваходзячы з верай у Надзвычайны год міласэрнасці, просім Пана Езуса, каб усе далі здзівіць сябе Богу, Айцу Міласэрнасці. Ён нястомна адчыняе перад намі дзверы свайго сэрца, каб паўтараць, што любіць нас і хоча дзяліць з намі сваё жыццё”, – адзначыў гро-дзенскі ардынарый.
    “Няхай пасланне міласэрнасці, якое абвяшчае Хрыстовы Касцёл, дасягне кожнага чалавечага сэрца. Няхай яно абудзіць у нас усіх жаданне дзяліцца міласэрнасцю і дабрынёй з бліжнімі, каб мы былі міласэрнымі, як міласэрны Айцец наш Нябесны”, – пажадаў іерарх. На заканчэнне Імшы біскуп удзяліў спецыяльнае бласлаўленне маці, якія чакаюць нараджэння дзяцей.
   
Падчас адкрыцця Святых Дзвярэй у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе    Чарговым месцам у Гродзенскай дыяцэзіі, дзе адчыніліся Дзверы Міласэрнасці, стаў касцёл Узвышэння Святога Крыжа (Фара) у Лідзе. Урачыстасць узначаліў дапаможны біскуп Гро-дзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
    Лідская святыня стала месцам пілігрымкі вернікаў, якія, спаўняючы звычайныя ўмовы, могуць атрымаць там поўны адпуст, прыняўшы ўдзел у святой Імшы і прыступіўшы да святой Камуніі.
    Пасля адкрыцця Святых Дзвярэй у касцёле адбылася Імша, падчас якой біскуп Юзаф Станеўскі маліўся аб тым, каб усе вернікі Гродзенскай дыяцэзіі добра выкарысталі час Надзвычайнага года Божай міласэрнасці і ахвотна карысталіся магчымасцю атрымаць адпусты – багацце Касцёла, – паглыбляючы сваю веру і сяброўства з Езусам.
    У гаміліі іерарх адзначыў, што Юбілей міласэрнасці папа Францішак абвясціў у каталіцкім Касцёле для таго, каб “усе асабіста спазналі Божую міласэрнасць, сапраўды спаткаліся з міласэрным Айцом, які першы выходзіць нам насустрач, прабачае, суцяшае і, узбройваючы нас надзеяй, ускладае на нас «новыя шаты»”. Біскуп дадаў, што сустрэча з міласэрным Айцом – мэта Года міласэрнасці.
    Іерарх нагадаў, што 8 снежня падчас адкрыцця Дзвярэй Міласэрнасці ў базіліцы св. Пятра ў Ватыкане Папа сказаў, што адчыняе гэтыя Святыя Дзверы для ўсіх і для сябе, бо таксама з’яўляецца грэшнікам, на якога Пан паглядзеў з міласэрнасцю. Пантыфік заўважыў, што ён чалавек, якому ў жыцці не раз было прабачана.
    Біскуп Юзаф падкрэсліў, што кожны чалавек адчувае бязмежнасць Божай міласэрнасці штодня. “Гэтую Божую міласэрнасць мы спазнаём не толькі ў абяцанні Бога, якое ўзнёсла гучыць, але і ў штодзённай рэчаіснасці. Калі мы хочам убачыць сапраўднае аблічча Бога, убачыць Бога такім, якім Ён быў ад самага пачатку, мы павінны ўглядацца ў Езуса Хрыста, які з’яўляецца міласэрным”, – сказаў іерарх. Біскуп дадаў, што Дзверы, якія адчыняюцца ў гэты дзень, – гэта Хрыстос. “Гэта ў Яго абдымкі мы падаем. Хрыстос запрашае нас, каб мы спазналі Яго міласэрнасць. Пакаяўшыся і здзейсніўшы справы міласэрнасці ў дачыненні да нашых бліжніх, будзем паўтараць з верай: Езу, давяраем Табе”, – заахвоціў вернікаў іерарх.
   
   

Таксама 13 cнежня Дзверы Міласэрнасці былі адчынены ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі. Адкрыццё здзейсніў дэлегат гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча дэкан Астравецкага дэканату кс. Юзаф Багдзевіч у прысутнасці шматлікіх вернікаў і святароў.
   

Адкрыццё Дзвярэй Міласэрнасці стала добрай нагодай для кожнага верніка засяродзіцца на аднаўленні сваёй еднасці з Богам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.