ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

У Год Міласэрнасці пры яслях

Слова рэдактара

 Чарговыя святы Божага Нараджэння даюць нам нагоду для шторазовай задумы. Зрэшты, ад аднаго ксяндза я пачуў, што хрысціянін – гэта чалавек, які павінен увесь час думаць. Хтосьці скажа, што кожны чалавек павінен думаць, але парадокс гэтага жыцця заключаецца, як бачым, у тым, што не ўсе гэта робяць. Не кожны можа сказаць Богу “так”, а д’яблу – “не”. Але я не аб гэтым хацеў бы сёння разам з Вамі паразважаць.
    У гэтыя дні кожны з нас, думаю, не раз падыдзе да бэтлеемскай стайні, каб ушанаваць Бога, які нара-дзіўся на зямлі. Мы не адзін раз пачуем прыгожыя мелодыі калядак і заспяваем разам у касцёлах і ў сваіх дамах бэтлеемскія гісторыі цуду нараджэння Збаўцы. Для адных гэта могуць быць звычайныя святы, а для іншых – сапраўдная сустрэча з нованароджаным Хрыстом. Калядкі, стаенка, малітва – усё гэта вельмі важна, і без гэтага мы не ўяўляем сабе свят Божага Нараджэння. Але ёсць яшчэ адзін спосаб “малітвы” і “каляды” ў Год міласэрнасці. Хрыстос можа нарадзіцца ў нашых сэрцах праз добры ўчынак. Варта над гэтым задумацца.
    Сёння чалавеку як ніколі патрэбна дапамога ад Бога і людзей. Гэтая дапамога можа быць рознага тыпу: пачынаючы ад добрага слова, ажно да цудоўных каштоўных падарункаў, патрэбных тым, хто знаходзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. На адным з каталіцкіх форумаў дапамогі ў інтэрнэце я прачытаў такі сказ: “Праз добры ўчынак дапамагаю людзям у збаўленні”. Здавалася б, што добрыя ўчынкі – гэта ратаванне ўласнай душы і жыцця. І гэта таксама праўда. Але можна пайсці далей: праз добрыя ўчынкі можна збавіць іншых.
Я не буду падаваць спіс добрых учынкаў, таму што кожны выдатна ведае, што ён павінен зрабіць і каму дапамагчы. Найважнейшае, каб гэта было ад чыстага сэрца, з добрымі намерамі і на хвалу Богу, які нарадзіўся, каб несці свету спакой і дабрыню, міласэрнасць і справядлівасць. Мы жывём у цяжкія часы, але нельга паддавацца абыякавасці і песімізму. Нельга забывацца аб тым, што ў нашым акружэнні ёсць людзі, якім неабходна наша дапамога, якія, дзякуючы нам, могуць знайсці сэнс жыцця. Калі мы праз свае добрыя ўчынкі будзем верагоднымі сведкамі цуду нараджэння Хрыста, гэта стане магчымасцю адшукання сапраўднага Бога і сапраўднага Касцёла для тых людзей, якія шукаюць Бога або якія Яго згубілі.
    Задача хрысціяніна – не толькі перадаваць Добрую Навіну, але і дапамагаць у сустрэчы Хрыста і ў досведзе Яго любові і міласэрнасці. Запрашэнне да міласэрнасці становіцца асноўнай задачай у жыцці хрысціяніна. Тваё жыццё становіцца сведчаннем таго, што Ты захочаш абвяшчаць радасць асабістай сустрэчы з Богам праз міласэрнасць для іншых. Абвяшчаць яе тым, хто яшчэ не сустрэў Бога ці забыўся пра Яго.

    Дарагія Чытачы! Прагну таксама ад свайго імя і ад імя нашага рэдакцыйнага калектыву ў гэтыя святочныя калядныя дні скласці Вам сардэчныя пажаданні. Перш за ўсё, каб Вы былі пры яслях Хрыста, каб сталі сведкамі цуду Божага Нараджэння і разам з анёламі і пастухамі сваім жыццём маглі абвясціць гэтую праўду іншым людзям, каб на нашай зямлі панаваў супакой і дабрыня. Жадаю кожнаму з Вас адчуць Божую міласэрнасць і па-свойму падзяліцца міласэрнасцю з іншымі. Няхай гэтыя святы Божага Нараджэння, як і ўвесь новы 2016 Панскі год, будуць для Вас самым цудоўным часам сустрэчы Божай міласэрнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.