ГРОДНА
Пятніца,
13 верасня 2024 года |
Навучыцца дараваць на словах і ў сэрцы
Хвала Хрысту!
Вітаю ўсіх чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра цану прабачэння, моц духа і межы сэрца. Даведаемся, як правільна дараваць і дзе гэтаму навучыцца.
Што ж, наперад з Богам!
Вітаю ўсіх чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра цану прабачэння, моц духа і межы сэрца. Даведаемся, як правільна дараваць і дзе гэтаму навучыцца.
Што ж, наперад з Богам!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
“Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам” (Эф 4, 32).
Каб адчуць міласэрнасць Бога, трэба прыняць Яго прабачэнне. Яно дае магчымасць па-сапраўднаму дараваць іншым. Пакаянне пашырае межы сэрца і робіць чалавека дабрадушным.†
ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:
каб усе маглі адчуваць міласэрнасць Бога, які да гэтага часу нястомна нам даруе
Божая міласэрнасць бясконцая. Але Гасподзь выдатна бачыць розніцу паміж людзьмі, шчырымі ў сваім пакаянні, і людзьмі, якія выкарыстоўваюць Яго міласць толькі для заспакаення свайго сумлення. Бог не церпіць крывадушнага пакаяння і злоўжывання Яго міласэрнасцю, але шчодра пралівае ласку на тых, хто прыходзіць да Яго са шчырай пакорай.
ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
дараванне
Дараванне – гэта здольнасць адпускаць правіны крыўдзіцелю, рашэнне забыцца пра ўчыненае зло. Чалавек, як правіла, не кіруецца эмоцыямі, а свядома праяўляе міласць у адносінах да бліжняга. Іншым словам, дараванне – гэта дар чыстага сэрца.
Хтосьці можа меркаваць, што даруюць слабыя і няўпэўненыя ў сабе людзі, і што гэта супярэчыць законам справядлівасці. Але трэба браць вышэй! Над аб’ектыўнымі правіламі існуе нешта больш высокае. На міласэрнасць здольны толькі па-сапраўднаму моцны і светлы духам чалавек.
Па тым жа прынцыпе і мы не павінны нікому навязваць свае перакананні. Гарманічныя ўзаемаадносіны са светам грунтуюцца на павазе і разуменні.
МЭТА МЕСЯЦА:
навучыцца дараваць на словах і ў сэрцы
Нярэдка чалавеку цяжка дараваць бліжняму. Гэтаму можа перашкаджаць пыха, моцная эмацыйная траўма і інш. Але мы разумеем, што павінны. Таму і здараецца, што дзеянне на словах і ў сэрцы разыходзіцца.r /> Кожны раз, калі мы не даруем свайму крыўдзіцелю, то нібы завязваем ў сваёй душы нябачны вузялок. Шматлікія крыўды – гэта мноства вузельчыкаў, якія пачынаюць нас душыць. А калі даруем, на душы адразу становіцца лягчэй. Няхай жа сэрца і розум сустрэнуцца ў прыгожым дуэце на дарозе прабачэння.
СПРАВА МЕСЯЦА:
дараваць таму, хто гэтага патрабуе, але не просіць
Часта людзі чакаюць прабачэння з боку сваіх крыўдзіцелей. Але Гасподзь вучыць нас, што сапраўднае дараванне – гэта не рэакцыя на просьбу аб прабачэнні, а рэакцыя на саму крыўду. Дараванне ніколі не бывае заслужаным. Гэта высілак душы, які мае высокую цану: праз акт міласэрнасці чалавек прыпадабняецца да самога Бога. Паспрабуем узняцца на маральную вышыню, “выпусціўшы” са сваёй душы пачуццё непрабачэння.
ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
“Умей дараваць”, “Божы дотык”
Выканаўца заклікае дараваць, нават калі сэрца нагадвае келіх горкіх слёз. Дараваць крыўдзіцелям “святым промнем дабра”, “бо Бог тады твае малітвы чуе, калі ў табе гарыць даравання святло”.
КНІГА МЕСЯЦА:
“Шлях да прабачэння”, , а. Уільям А. Менінджэр
Аўтар падрабязна адказвае на пытанні, што датычацца сэнсу і цаны прабачэння. Кніга складаецца з трох частак: “працэс”, “дзевяць вандроўцаў” і “інструменты прабачэння”. У першым раздзеле разглядаюцца этапы прабачэння, у другім – асобасныя тыпы, сярод якіх можна ўбачыць сябе, а ў трэцім – спосабы дасягнення поўнай духоўнай цэласнасці. Кніга пачынаецца з малітвы аб прымірэнні.
АСОБА МЕСЯЦА: святы Францішак Ксаверый
Святы Францішак паходзіць з іспанскай шляхецкай сям’і. Нарадзіўся 7 красавіка 1506 года ў замку Хаўер. Ва ўзросце 19 гадоў адправіўся вучыцца ў Парыж. Падчас навуковай дзейнасці пазнаёміўся і пасябраваў з Ігнаціем Лаёлам. Сумесна з ім і іншымі яго вучнямі ўдзельнічаў у стварэнні Таварыства Езуса.
Пасля святарскага пасвячэння ў 1537 годзе працаваў місіянерам і займаўся дабрачыннымі справамі. Напісаў статут езуіцкага ордэна пад назвай “Формула інстытута”, які быў зацверджаны ў 1540 годзе булай папы Паўла III.
Хутка па просьбе партугальскага караля адправіўся на місію ў Індыю. Там прапаведаваў хрысціянства і займаўся стварэннем душпастарскіх пунктаў. З 1545 года працаваў на Малукскіх астравах, а ў 1549 годзе адправіўся з місіяй у Японію. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, арганізаваў там некалькі хрысціянскіх супольнасцей. Наступнай мэтай быў Кітай. Францішак прыбыў на востраў Шанчуань – адзінае месца ў Кітаі, якое дазвалялася наведваць еўрапейцам.
Не дасягнуўшы кантынента, памёр 3 снежня 1552 года. Беатыфікаваны папам Паўлам VI 25 кастрычніка 1619 года, кананізаваны папам Рыгорам XV 12 сакавіка 1622 года адначасова з Ігнаціем Лаёлам. У 1927 годзе папа Пій ХІ абвясціў святога Францішка заступнікам каталіцкіх місій. Ён таксама лічыцца заступнікам Аўстраліі, Барнэа, Кітая, Індыі, Гоа, Японіі і Новай Зеландыі.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 110 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.