ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Абп Кандрусевіч: дактрына аб сям’і не змяняецца

Інтэрв'ю

Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч: “Сем’i павiнны быць моцныя сваёй верай”

Пра Сінод на тэму сям’і, “беларускую” мадэль сям’і, а таксама пра тых, хто аказаўся ў складанай, нязгоднай з навукай Касцёла сітуацыі, з ксяндзом арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам размаўляў ксёндз Павел Салабуда.
- Ксёндз Арцыбіскуп, ці апраўдаў Сінод Вашыя чаканні і надзею?
    - Галоўным чынам трэба сказаць, што Сінод Біскупаў на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і свеце”, які адбываўся ў Ватыкане з 4 да 25 кастрычніка бягучага года, справіўся з задачамі і чаканнямі, якія былі з ім звязаны.
   
    - Як выглядае сучасная сям’я? Ці можна казаць пра “беларускую” мадэль сям’і?
    - Сям’я знаходзіцца ў небывалым крызісе. Узрастае колькасць разводаў, што з’яўляецца трагедыяй не толькі для разведзеных, але і для іх дзяцей, якія пры жывых бацьках становяцца быццам сіротамі. Абясцэньваецца само паняцце сям’і як адзінага і непарыўнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай супольнага жыцця, нараджэння патомства і яго выхавання. У многіх краінах свету былі легалізаваны гомасексуальныя саюзы, часам нават з правам усынаўлення дзяцей. Амаральнае выкарыстанне дасягненняў навукі, асабліва генетыкі, адкрывае шлях да маніпуляцыі каштоўным дарам, якім з’яўляецца дар жыцця. Сям’я замест таго, каб быць хатнім Касцёлам, месцам сустрэч і супольнай малітвы, а таксама фармацыі маладога пакалення, становіцца нібы гатэлем, куды яе члены прыходзяць толькі спаць. Супольны стол, які некалі яднаў усіх членаў сям’і, сёння амаль ужо не існуе. А калі і здараецца нагода для супольнага абеду, адразу ж пасля яго ўсе разбягаюцца па сваіх пакоях, дзеці ў інтэрнэт, бацька да тэлевізара, а маці на кухню. Адышла ў гісторыю шматпакаленневая сям’я.
У многіх аспектах нешта падобнае можна сказаць і пра беларускую сям’ю, за выключэннем легальных гомасексуальных саюзаў. Я з трывогай гляджу на нашы сем’і. У часы ганенняў на Касцёл бабулі, дзядулі і бацькі вучылі дзяцей катэхізісу і былі для іх сведкамі хрысціянскага жыцця. Сёння бацькі ўсцешны, што дзеці могуць вывучаць рэлігію і рыхтавацца да першай споведзі і Камуніі на катэхезе пры касцёле. Але самі не моляцца з імі, не ходзяць на нядзельную Імшу, не даюць ім такога неабходнага сведчання хрысціянскага жыцця. Вельмі негатыўна на вобраз беларускай сям’і ўплывае заробкавая міграцыя, калі бацька, а часам нават і маці, выязджаюць у іншую краіну на заробкі; нярэдка бацькі павінны працаваць на некалькіх працах, каб утрымаць сям’ю. Усё гэта пагражае вельмі негатыўнымі наступствамі для фармацыі маладога пакалення, якія ўсё часцей праяўляюцца.
   
    - Якія былі галоўныя тэмы дыскусіі?
    - Праца Сінода грунтавалася на дакуменце “Instrumentum laboris” – “Рабочы дакумент”, падрыхтаваным раней спецыяльна створанай групай. Ён складаўся з трох раздзелаў: “Выклікі сям’і”, “Пакліканне сям’і” і “Місія сям’і сёння”. Айцы Сінода, якімі былі 270 біскупаў і некалькі ксяндзоў, на працягу трох хвілін свабодна выказваліся на адвольную тэму. У некаторыя дні адбываліся гэтак званыя вольныя дыскусіі, у якіх кожны мог узяць слова. Пасля абмеркавання кожнага раздзела працавалі г.зв. “малыя групы”, якія былі падзелены паводле моўнага ключа. Іх было 13. Вынікі працы гэтых груп апрацоўвала спецыяльная камісія, якая прадставіла канечны тэкст Сінода, што быў зацверджаны шляхам галасавання. Трэба адзначыць, што канечны дакумент прынцыпова адрозніваецца ад першага.
    Да галоўных тэм сінадальнай дыскусіі трэба аднесці наступныя. Неабходнасць грунтоўнай падрыхтоўкі да сужэнства, якая павінна мець не толькі тэарэтычную аснову, але і малітоўны грунт, добрае веданне Святога Пісання і навукі Касцёла. Фармацыя маладога пакалення ў сям’і. Абвяшчэнне праўд веры і навукі Касцёла простай і зразумелай для сучаснага чалавека мовай. Спадарожнічанне сям’і з боку душпастараў і парафіі ў першыя гады пасля шлюбу з мэтай нейтралізаваць і пераадолець цяжкасці, якія ў яе ўзнікаюць. Лепшая фармацыя святароў у справе душпастарства сем’яў. Праблема душпастарства разведзеных ці тых, хто знаходзіцца ў новым грамадзянскім саюзе, а таксама ў гомасексуальным саюзе.
   
  Сям’я павінна быць моцная Богам  - Ці сапраўды справа легалізацыі гомасексуальных саюзаў і св. Камуніі для разведзеных з’яўляецца настолькі актуальнай, што некаторыя сцвярджалі, што Касцёл павінен іх дазволіць? Як Айцы Сінода каментавалі гэтую тэму?
    - Сінод пацвердзіў традыцыйную навуку Касцёла на тэму гомасексуальных саюзаў і разведзеных асоб, якія жывуць у новых грама-дзянскіх саюзах. Айцы Сінода разам з папам Францішкам яшчэ раз сцвердзілі, што дактрына аб сям’і не змяняецца. І гэта вельмі важна, таму што Сінод вершаць не СМІ, а Святы Дух, які кіруе Папам і біскупамі. Іншая справа, што ў душпастарстве трэба прысвяціць большую ўвагу тым, хто аказаўся ў складанай і нязгоднай з вучэннем Касцёла сітуацыі. Як асобы, якія жывуць у гомасексуальных саюзах, якія ніякім чынам не могуць быць прызнаны сужэнствамі, так і разведзеныя, якія жывуць у новых грамадзянскіх саюзах, што з’яўляецца прычынай немагчымасці прыняцця імі св. Камуніі, не экскамунікаваны і маюць права на душпастарскую апеку, мэта якой – давесці іх да упарадкавання сітуацыі згодна з Божым правам. Сярод мноства поглядаў, да таго ж розных, адносна гэтых праблем, большасць прытрымліваецца традыцыйнай навукі, але ў той жа час выступае за неабходнасць духоўнага спадарожнічання такім асобам і лепшага разумення кожнай канкрэтнай сітуацыі з мэтай павышэння іх інтэграцыі ў жыццё Касцёла.
   
    - Як прымірыць вучэнне і міласэрнасць у сітуацыі, напрыклад, разведзеных асоб, якія хочуць прымаць св. Камунію?
    - Дактрына і міласэрнасць не супярэчаць адна адной, а дапаўняюць адна адну. Касцёл павінен дзейнічаць згодна з праўдай Евангелля, але ў міласэрнасці, якая з’яўляецца найважнейшай рысай Бога. Мы павінны пераадольваць грэх, а не змагацца з чалавекам, бо нават самы грэшны можа навярнуцца, прыкладаў чаго дастаткова.
   
    - Ці адварочваецца Касцёл ад гомасексуалістаў і разведзеных?
    - Касцёл не адварочваецца ад іх, не забараняе ім прымаць удзел у набажэнствах. Сінод яшчэ больш заахвоціў душпастараў ахінуць іх сталай душпастарскай апекай і спадарожнічаць ім у іх складанай сітуацыі, індывідуальна падыходзячы да кожнага выпадка.
   
    - Хто з удзельнікаў Сінода заклікаў да змены дактрыны Касцёла адносна сужэнстваў? Якая была Ваша пазіцыя? Якія змены Вы маглі б прыняць?
    - Як я ўжо казаў вышэй, дактрынальныя справы, што вынікаюць з Аб’яўлення, нязменныя. Але могуць падлягаць зменам некаторыя практыкі. Сінод выразна выказаўся на карысць большай інтэграцыі жыцця асоб, якія знаходзяцца ў сітуацыі, што не згаджаецца з вучэннем Касцёла. Слова “інтэграцыя” можа разумецца вельмі шырока, напрыклад, публічнае чытанне Святога Пісання падчас рэлігійных сустрэч ці набажэнстваў або актыўны ўдзел у жыцці парафіяльнай супольнасці. Тут таксама трэба браць пад увагу традыцыі розных народаў і іх культуру. Не можа быць агульнага рэцэпта для ўсіх, таму папа Францішак далей развівае ўзнятую ІІ Ватыканскім Саборам ідэю дэцэнтралізацыі ўлады ў Касцёле.
   
    - Якія закранутыя на Сінодзе пытанні павінен разглядзець Касцёл у Беларусі? У якім напрамку павінна развівацца сям’я?
    - Перш за ўсё, неабходна сур’ёзна аднесціся да справы падрыхтоўкі маладых людзей да сакраманту сужэнства, бо многія не разумеюць ні мэты гэтага сакраманту, ні правоў і абавязкаў, якія з яго вынікаюць. Існуе выразная неабходнасць спадарожнічання маладым сем’ям, у сувязі з чым усё большае значэнне атрымліваюць сямейныя кансультацыі пры парафіях ці дыяцэзіях. Сужэнцы павінны памятаць пра асноўны абавязак нараджэння патомства і выхавання яго паводле правіл Евангелля так, каб беларускія сем’і сталі хатнімі Касцёламі. Архіважным заданнем з’яўляецца абарона Божага дару жыцця ад зачацця ажно да смерці. Сям’я павінна нанова стаць галоўнай ячэйкай беларускага грамадства, яго радасцю і надзеяй.
   
    - Што сёння Касцёл павінен зрабіць для сям’і?
    - Сінод паказаў, што Касцёл павінен актывізаваць душпастарства сем’яў. Гэта задача не толькі душпастараў, але і ўсёй супольнасці вернікаў. Касцёл павінен таксама больш супрацоўнічаць з дзяржавай у справе абароны правоў сям’і і ўдасканалення прасямейнай палітыкі.
   
    - Ці будзе выслуханы голас Сінода? Якая пазіцыя самога папы Францішка?
    - Сінод з’яўляецца дарадчым голасам Папы. Фінальны дакумент Сінода быў перададзены Святому Айцу Францішку, і цяпер, гаворачы спартыўнай мовай, мяч знаходзіцца на яго баку. Напэўна, Папа напіша адпаведны дакумет, Апостальскую адгартацыю, якая стане ўказальнікам таго, як паводзіць сябе ў тым ці іншым выпадку. Сінод адкрыў перад Папам дзверы для вырашэння складаных праблем, і я веру, што пад кіраўніцтвам Святога Духа ён зробіць гэта. На Сінодзе не было пераможцаў і пераможаных. Сінод даследаваў становішча сям’і ва ўсім свеце і даў свае рэкамендацыі. Разнастайнасць думак, пачутых на Сінодзе, пацвярджае яго сінадальнасць, г.зн. супольную дарогу з мэтай вырашэння прамлем сям’і.
   
    - Існуе мноства цудоўных сем’яў. Можа, трэба сёння прысвяціць ім больш увагі і разам дапамагаць тым, хто перажывае цяжкасці?
    - Гэта праўда і вялікі, нявыкарыстаны пакуль што патэнцыял Касцёла. У працах Сінода прымалі ўдзел гэтак званыя аўдытары. Гэта былі сем’і з розных куткоў свету. Іх сведчанні былі вельмі павучальнымі і патрэбнымі. Яны могуць паказаць, як выратаваць сям’ю, якая аказалася ў крызісе.
   
    - Ксёндз Арцыбіскуп, які рэцэпт стварэння добрай сям’і можаце даць Вы?
    - Такі ж, як і для кожнага хрысціянскага жыцця. А менавіта, жыць згодна з Божым законам, шукаць дапамогі ў Бога, маліцца, шанаваць адзін аднаго і дапамагаць адзін аднаму, а ў цяжкія хвіліны знайсці ў сабе сілы, каб сказаць “прабач”.
   
    - Дзякуй за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.