ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Дадаць талерантнасці ў букет маральных пачуццяў

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Вітаю ўсіх чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра ўзор Божай любові, сутнасць талерантнасці і непаўторнасць кожнага чалавека. Даведаемся, на чым грунтуюцца гарманічныя ўзаемаадносіны са светам і што можна згубіць, закрываючыся ад людзей.
   Што ж, наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе” (Гал 5, 14).
   Сёння на Зямлі пражывае больш за 7 мільярдаў чалавек. І сярод людзей няма і пары аднолькавых асоб. Не было і не будзе. Кожны з нас непаўторны і значны; і Бог пароўну размяркоўвае на ўсіх сваю любоў. Варта арыентавацца на гэты ўзор.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб мы змаглі адкрыцца на асабістую сустрэчу і дыялог з усімі, нават з тымі, хто мае адрозныя ад нашых перакананні
   Калі чалавек упэўнены ў сабе і трымаецца сваіх перакананняў, ён не баіцца параўнання з іншымі пунктамі гледжання. Ні адна ідэйная плынь не можа канкурыраваць з поглядамі, якія ў свядомасці непахісны. Молімся аб гэтай упэўненасці ўнутры кожнага з нас.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
    талерантнасць
   Талерантнасць азначае цярпімасць да іншага светапогляду, ладу жыцця, паводзін, звычаяў. Яна не раўназначна абыякавасці або прыняццю іншых поглядаў, а палягае на прадастаўленні іншым права жыць у адпаведнасці з уласнай пазіцыяй. Талерантнасць дарэчная ў адносінах да асаблівасцей розных народаў, рас, рэлігій. Яна таксама актуальна і штодня ў зносінах з бліжнімі: датычыцца праяўлення цярпімасці да звычак і нораваў іншых.
    Па тым жа прынцыпе і мы не павінны нікому навязваць свае перакананні. Гарманічныя ўзаемаадносіны са светам грунтуюцца на павазе і разуменні.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
   дадаць талерантнасці ў букет маральных пачуццяў
   Усе мы прагнем быць шчаслівымі. Талерантнасць – гэта гатоўнасць прыняць тое, што іншы таксама хоча быць шчаслівым. Калі ў яго ўсё добра, але мне гэта замінае, я змагу прыняць існае. Змагу быць шчаслівым ад таго, што шчаслівы бліжні. Важна разумець, што ўсе мы роўныя, і адкрывацца на дыялог.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
   зблізіцца з непрыяцелем
   Прынамсі, кожнаму некалі даводзілася адчуваць непрыязныя адносіны да сябе або са свайго боку да некага. Прычына таму – адрозненне ад астатніх. Часта чалавек варожа ставіцца да людзей, якіх ён не разумее. Але гэта не можа быць асновай для таго, каб закрыцца на ўзаемадзеянне. Мажліва, гэта рызыка не спазнаць нечага новага, упусціць шанц стаць шчаслівым у садружнасці з кімсьці?

  ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
  “Змяні мяне”, Аляксей Каратаеў
   У песні выканаўца звяртаецца да Езуса і просіць змяніцца пад сілай Яго любові. “Як я чакаю, каб расправіць крылы, побач быць хачу, чуць голас Твой, ісці за Табой”. Каб адчуць сапраўдную Любоў Хрыста, неабходна аднавіцца ўнутры. Сілы на гэта і просіць у Езуса спявак.

 КНІГА МЕСЯЦА:

   “Аб перайманні Хрыста”, Фама Кемпійскі
   Гэты трактат, напісаны, як лічыцца, каля 1427 года, паслужыў падтрымкай для многіх вернікаў і шчытом ад няверы ў вельмі цяжкую для заходняга хрысціянства эпоху Рэфармацыі. Складаецца з 4 кніг і 18 раздзелаў, сярод якіх “Супраць марных меркаванняў чалавечых” і “Аб цярпімасці да чужых недахопаў”.
    За мінулыя некалькі стагоддзяў была самым тыражыруемым (пасля Бібліі) тэалагічным выданнем. Перакладзена больш чым на 90 моў. Перавыдавалася за мяжой звыш пяці тысяч разоў.
 
АСОБА МЕСЯЦА:
   святы Леанард
   Нарадзіўся Леанард 20 снежня 1676 года ў невялікім прыбярэжным паселішчы Порта-Маўрыцыа (Італія) у сям’і рыбака. Атрымаў добрае рэлігійнае выхаванне. У дзяцінстве часта збіраў пры капліцы сваіх сяброў для супольнай малітвы. Вучыўся ў Рыме ў вядомым “Калегіум раманум”. У 1697 годзе ўступіў у рэформеннае адгалінаванне ордэна францысканцаў. У 1703 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне.
  Марыў паехаць з місіяй у Кітай, але планы перакрэсліла пагаршэнне стану здароўя. Пасля цяжкай хваробы цалкам прысвяціў сябе прапаведаванню. На працягу 40 гадоў працаваў рэкалекцыяністам і прапаведнікам у розных парафіях. Быў нястомным народным місіянерам, вядомым як “Апостал Італіі”. Звяртаўся да людзей з вялікай верай праз простую мову. Дзякуючы гэтаму, сярод слухачоў часта здараліся шматлікія навяртанні. Асабліва распаўсюджваў набажэнства да Маці Божай і Мукі Пана. Стаў ініцыятарам адпраўлення Крыжовага шляху, які вельмі хутка укараніўся. Заснаваў шмат рэлігійных брацтваў. Напісаў некалькі кніг на тэму маральнасці.
  Змучаны працай пры амбоне і ў канфесіянале, памёр 26 лістапада 1751 года. Беатыфікаваны папам Піем VI у 1791 годзе, кананізаваны ў 1867 годзе папам Піем IX. Лічыцца заступнікам рэкалекцыяністаў.
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў лістападзе?
  Усе святыя (1 лістапада),
  св. Лізавета (5 лістапада),
  св. Эрнэст (7 лістапада),
  св. Андрэй (10 лістапада),
  св. Крысціна (12 лістапада),
  св. Альберт (15 лістапада),
  св. Саламея (19 лістапада),
  св. Рафал (20 лістапада),
  св. Кацярына (25 лістапада),
  св. Леанард (26 лістапада),
  св. Стэфан (28 лістапада).
   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце на паштовую скрыню рэдакцыі або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.