ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Як размаўляць пра веру з тымі, хто ні ў што не верыць

На шляху да святасці

Калі я прызнаўся сваёй сяброўцы, што цяпер веру ў Бога, яна паглядзела на мяне так, нібы я з глузду з’ехаў. Я быў адным з тых атэістаў, якія з любой нагоды і пытання, звязаных з хрысціянствам, з пачуццём уласнай годнасці адказваюць 1) цытатай з Ніцшэ, 2) цытатай з Маркса або 3) усё вышэйпералічанае. Мякка кажучы, я быў варожа настроены ў адносінах да рэлігіі. Ісціна не мае патрэбы ў тым, каб яе даказвалі, але варта ведаць, як яе даказаць, калі пачнуць пытацца. Досвед мне паказаў, што думаюць людзі па абодва бакі барыкад, і я магу з упэўненасцю сказаць: многія хрысціяне з такой стараннасцю спрабуюць заваяваць розумы і сэрцы непакораных, што дабіваюцца толькі адваротнага эфекту – людзі пачынаюць іх пазбягаць. У працэсе ўгаворванняў яны забываюць пра некаторыя асноўныя хрысціянскія мудрыя правілы – менавіта тыя, якія так пераканаўча дзейнічаюць на тых, “хто ні ў што не верыць”.
   
    Вось некалькі прапаноў адносна таго, як распавядаць пра веру тым, хто не верыць.
Тое, што вы гаворыце, павінна быць, перш за ўсё, разумным, а не проста эмацыйным
    Сярод людзей, якія адмаўляюць усялякую веру, існуе меркаванне, што вера заснавана выключна на эмоцыях і пазбаўлена разумнага кантэнту. У размове з агностыкам або атэістам хрысціяне занадта часта пераходзяць на эмацыйную мову: “Калі я даверыўся Госпаду...”, “Бог быў такі добры да мяне...” і г.д.
    Нічога няправільнага ў гэтым няма – мы пакліканы да таго, каб распавядаць пра сваю веру. Але для атэістаў і агностыкаў мова веры цалкам чужая, нязручная і раздражняльная. Гэта быццам вам прыйшлося б выслухаць цэлую тыраду пра нейкага сябра вашага сябра, якога вы і ў вочы не бачылі.
Акрамя таго, палагаючыся толькі на эмацыйны доказны бок вашай гутаркі, вы пазбаўляеце свайго суразмоўцу магчымасці даведацца пра глыбокую багатую гісторыю хрысціянскай думкі.
    Вучэнне самога Езуса – прыклад выдатнай логікі. Калі мы хочам пераймаць Ягоны стыль, то трэба прымушаць сябе гаварыць не толькі з перакананнем, але і з разумнымі довадамі.
    Памятайце, сама ісціна, можа, і не мае патрэбы ў доказе, але калі пачнуць пытацца, трэба здолець даць разумны адказ. Неабходна “быць у тэме па поўнай” – “падкаваць” сябе па гісторыі і хрысціянскай філасофіі, а таксама гісторыі атэізму, каб і самім яшчэ больш умацавацца ў веры і знайсці агульныя для размоў тэмы з нашымі суразмоўцамі. Гэта несумненна збліжае.
   
    Шукайце агульную мову ў незямной сферы
    Самае дзіўнае, што паводле апытання, праведзенага сярод амерыканцаў, 68% жыхароў краіны, якія не прызнаюць ніякую рэлігію, усё роўна вераць у Бога і хочуць атрымліваць хоць нейкі духоўны вопыт. Нават самыя бескампрамісныя атэісты праявілі ўсвядомленае імкненне да чагосьці звышнатуральнага. Іншымі словамі, яны хочуць не проста ведаць нешта пра Бога, але адчуваць Яго на глыбокім духоўным, незямным узроўні, выходзячы за рамкі матэрыяльнага свету.
    Прасцей кажучы, як бы ні стараліся нам у нашай культуры навязаць меркаванне, што ў жыцці рэальна толькі тое, што можна вымераць, назіраць і сканаваць, дзесьці ў падсвядомасці ўсё роўна сядзіць думка: “У любой мове ёсць той іншы бок, на якім знаходзіцца штосьці, што падтрымлівае яго, але не змяшчаецца ў ім... Гэтае штосьці мы і называем Богам”.
    І нават калі вы будзеце супер пераканаўча распавядаць сваім сябрам атэістам, што супакой, які яны адчуваюць у прыродзе, або прыліў энергіі падчас праслухоўвання музыкі ёсць ні што іншае як канкрэтны вынік жыццядзейнасці канкрэтнага Бога, вам наўрад ці ўдасца пераканаць іх у гэтым, але, па меншай меры, яны зразумеюць, што паміж вамі ёсць хоць нешта агульнае. Мы можам нагадаць сабе аб тым, як шчодра Бог адарыў нас здольнасцю адчуваць усё, што ёсць у гэтым свеце, і дзяліцца гэтымі пачуццямі з іншымі людзьмі, распавядаючы ім пра нашыя асабістыя перажыванні ў адносінах з Богам.
   
    Не адмаўляйцеся ад цяжкіх пытанняў
    “Калі Бог такі добры, чаму ж у свеце столькі зла?”, “Калі адзіны шлях да збаўлення – гэта вера ў Хрыста, што будзе з тымі, хто нарадзіўся і вырас у нехрысціянскай сям’і?”, “Адкуль мне ведаць, што Бог ёсць, калі я ніяк не магу гэта праверыць дасведчаным шляхам?”. Адказы на падобныя пытанні часта бываюць вырашальнымі для няверуючых (і, па праўдзе сказаць, для многіх вернікаў). І справа не ў тым, што хрысціянства за 2000 гадоў так і не змагло знайсці годных адказаў, проста адказы на цяжкія пытанні часам не вельмі прыгожыя і прыемныя.
    Таму, калі вы ў чарговы раз будзеце прагортваць Біблію ў пошуках слоў суцяшэння, не забудзьцеся, што Пісанне ў якасці лекаў можа прапанаваць і горкую пілюлю. Мы, як хрысціяне, абавязаны, асабліва падчас размовы пра веру з няверуючымі, не абыходзіць бокам цяжкія моманты ісціны, а, наадварот, смела казаць пра іх, якім бы цяжкім гэта ні было для нас і нашых суразмоўцаў.
   
    Лепшае сведчанне – ваша жыццё
    Вядома, саступаючы толькі Пісанню, найлепшым сведчаннем пра хрысціянства з’яўляецца жыццё ў радасці, ласцы, пакоры і любові, нягледзячы на цяжкасці і няўдачы. І калі ў маім выпадку пазнаць Бога бліжэй мне дапамаглі разумныя довады, адчуванні, што Бог рэальны, на нейкім незямным касмічным узроўні, а таксама скурпулёзнае капанне ў самых складаных пытаннях веры, то мой першы зварот да Яго адбыўся менавіта дзякуючы таму, што я заўважыў, як Хрыстос дзейнічае ў жыцці іншых вернікаў, і зразумеў, як Ён дзейнічаў у маім, нават калі я яшчэ зусім не хацеў шукаць Яго.
   
Мы лёгка хвалюемся, калі не бачым вынікаў нашых намаганняў у адносінах з няверуючымі. Распавёўшы пра веру аднаму з іх, разумееш, колькі яшчэ засталося. Да таго ж, ва ўсіх нас ёсць свае духоўныя сады, за якімі трэба даглядаць, і часу на клопат пра іншых проста не хапае. Але колькасць людзей, якія аддаляюцца ад Бога, узрастае, і гэта павінна па-новаму ўскалыхнуць сэрцы хрысціян для актыўных дзеянняў. Я, хоць і невялікі, але ўсё роўна доказ таго, што вашыя намаганні цалкам могуць завяршыцца поспехам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.