ГРОДНА
Нядзеля,
19 мая
2024 года
 

Як праявіць любоў да нашых памерлых

Хрысціянскія традыцыі

Пачатак лістапада з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб прыпыніцца і падумаць аб вечнасці. Да рэфлексіі схіляюць міготкія агеньчыкі свечак і бляск лампад, што запалены на магілах памерлых і нагадваюць нам, наколькі крохкае чалавечае жыццё. Гэта таксама час, калі мы па-асабліваму можам паглыбіць нашу сувязь з нашымі блізкімі, якія адышлі ў вечнасць, ахвяруючы за іх малітвы, учынкі міласэрнасці, адпусты, якія сведчаць аб нашай любові да іх.
Св. Ян Павел II у разважаннях перад малітвай “Анёл Панскі” сказаў, што малітва за памерлых з’яўляецца важным абавязкам, таму што нават калі яны адышлі ў ласцы і еднасці з Богам, магчыма, ім неабходна яшчэ апошняе ачышчэнне, каб дасягнуць радасці неба”.
    Хіба, больш за ўсё малітваў да Бога ў інтэнцыі памерлых узносіцца на могілках, калі людзі схіляюцца над магіламі сваіх памерлых блізкіх, асабліва 1 і 2 лістапада. У гэтыя дні могілкі перажываюць сапраўдную “асаду”. Аднак часам здараецца, што магілы нашых блізкіх становяцца толькі месцам сустрэч, паказам мод, што замяняюць малітву і роздум. Часта таксама мы спыняемся толькі на знешняй форме: кветках, знічах, але забаваемся аб унутранай падрыхтоўцы, засяроджанні. Бясспрэчна, прыбраць і аздобіць магілы, прыгадаць пэўныя цёплыя хвіліны, праведзеныя разам, важна, але нельга таксама забывацца аб духоўных дарах, якія мы можам ахвяраваць нашым памерлым: аб малітве, стане асвячаючай ласкі, св. Камуніі, прынятай у іх інтэнцыі.
Таксама выразам любові да памерлых з’яўляюцца выпамінкі. Пішучы імёны сваіх блізкіх памерлых на выпамінкавых картках, а затым вычытваючы іх, мы выражаем веру ў тое, што яны запісаны ў Божай кнізе жыцця. Навука Касцёла прыгадвае нам, што паміж намі і памерлымі ёсць духоўная сувязь, і яна заключаецца ва ўзаемным заступніцтве: мы за іх, а калі яны дасягнуць неба, тады будуць асабліва заступацца за нас.
    Выпамінкі маюць яшчэ большае значэнне, калі яны звязаны з Эўхарыстыяй. А здзяйсняецца гэта тады, калі ў інтэнцыі памерлых, выпісаных на выпамінкавых картках, адпраўляецца св. Імша. Вельмі важным тады з’яўляецца наш поўны ўдзел у малітве, наша ахвяра і наша намаганне, каб у малітве за памерлых удзельнічаць усім сваім сэрцам, каб у іх інтэнцыі прыняць св. Камунію.
    Усе – як тут, на зямлі, так і тыя, хто ўжо перайшоў мяжу смерці – знаходзяцца ў тым самым Касцёле, галавой якога з’яўляецца Хрыстос. Таму мы можам дапамагаць адзін аднаму. І нават смерць не з’яўляецца тут перашкодай. Аб гэтым у энцыкліцы “Spe salvi” казаў таксама Бенедыкт XVI: “На працягу ўсіх стагоддзяў хрысціянства жывіла фундаментальнае перакананне, што любоў можа дайсці ажно на той свет, што магчыма ўзаемнае адорванне, у якім мы спалучаны сувязямі пачуцця па-за межамі смерці”. Час паміж 1 і 8 лістапада з’яўляецца асаблівай нагодай для мацнейшага клопату пра нашых блізкіх памерлых. Касцёл у гэты час дае нам магчымасць атрымаць за іх адпуст – “дараванне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія адпушчана”.
    1–8 лістапада ў нас ёсць выключны шанс для таго, каб нашыя блізкія маглі дасягнуць хвалы Неба. У кожны з гэтых дзён можна здабыць адпуст для адной асобы, пакутуючай у чысцы. Адпуст, які мы можам атрымаць за памерлых, можа быць поўны ці частковы. Поўны адпуст азначае, што нашаму памерламу будуць дараваны ўсе чысцовыя кары, а частковы – што будзе даравана толькі частка чысцовых пакаранняў.
   
Поўны адпуст за памерлых мы атрымаем,
калі выканаем наступныя ўмовы:

   
    1. Трэба хацець, мець інтэнцыю атрымаць адпуст для данай асобы.
    2. Адбыць сакраментальную споведзь (стан асвячаючай ласкі).
    3. Прыняць св. Камунію.
    4. Памаліцца ў інтэнцыях, прапанаваных Папам.
    5. Выканаць дзеянне, адоранае адпустам – пабожна наведаць могілкі і адначасова памаліцца за памерлых, хаця б у думках, ад 1 да 8 лістапада.
   
    Ці выканалі мы ўсе ўмовы атрымання адпусту– пра гэта ведае толькі Бог. Аднак варта памятаць: той, хто на працягу жыцця часта здабывае адпусты для чысцовых душ, хутчэй, чым хто іншы атрымае ў гадзіну смерці ласку поўнага адпусту.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  227

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.