ГРОДНА
Аўторак,
28 мая
2024 года
 

У сто разоў больш атрымаеш ад Бога

На службе Богу

сястра Зоя

Сёння сваю гісторыю распавядае сястра Зоя з Шанштацкага Інстытута Сясцёр Марыі.
У касцёл прывёў тата
   Нарадзілася сястра Зоя ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і ўрачоў. Была чацвёртай з 15 дзяцей.
    “Мая мама вырасла ў сям’і, дзе не было веры, таму яна не магла мне яе перадаць. А тата католік. Менавіта ён прывёў усіх нас у касцёл”.
    Усіх дзяцей хрысцілі ў праваслаўнай царкве, таму што тады нідзе паблізу не было касцёла, куды можна было б бяспечна хадзіць: вера праследавалася. У 1990-х гадах ганенні спыніліся. І калі прыйшоў час рыхтаваццца да Першай св. Камуніі, бацька прывёў дзяцей у каталіцкі касцёл.
    “Мушу прызнацца, што сустрэчу з Хрыстом падчас сваёй Першай св. Камуніі я не перажыла так глыбока, як пра гэта часта распавядаюць. Хадзіла ў касцёл, бо бацькі казалі, што так трэба. Бог быў мне абыякавы”.
Марыла іграць у аркестры і гадаваць дзяцей
    “Ва ўзросце 14-15 гадоў я ўжо мела план на сваё жыццё. Я вучылася іграць на скрыпцы і марыла выступаць у міжнародным аркестры. Хацела мець прыгожага мужа і па меншай меры пяцёра дзяцей”.
    У 1999 годзе дзяўчына паступіла ў музычнае вучылішча на спецыяльнасць “скрыпка”.
    “Мы з бацькамі пераехалі з ускраіны горада бліжэй да цэнтра і пачалі наведваць іншы касцёл. Там я пазнаёмілася з шанштацкімі сёстрамі. Яны жылі насупраць майго музычнага вучылішча, таму я часта заходзіла да іх на перапынку. Сёстры сардэчна мяне прымалі, ім нават не перашкаджалі мае практыкаванні на скрыпцы ў іх кватэры”.
   
    Новае жыццё
    Ва ўзросце 15 гадоў Зоя мела вельмі небяспечную аперацыю, якую яна магла не перажыць.
    “Часта бывае так, што перад абліччам смерці кагосьці блізкага нават няверуючы пачынае маліцца. Мама падчас маёй аперацыі горача прасіла ў Бога: «Няхай будзе ўсё, што хочаш, толькі каб мая дачка не памерла». І стала...”.
    Аперацыя прайшла паспяхова. Пасля таго, як Зоя ўявіла сабе, што зараз памрэ і стане перад абліччам Бога, з якім нават не знаёма, яна вырашыла ўсё змяніць: пачала больш маліцца і шукаць Бога ў сваім жыцці. Тады ёй вельмі дапамагалі сёстры, якія запрашалі яе на катэхезу для моладзі, фармацыйная сустрэчы, рэкалекцыі і супольную малітву.
    “Аднойчы я з сёстрамі і групай дзяўчат паехала ў Польшчу. Я была шакавана тым, што ля дарог узвышаюцца крыжы, што крыж вісіць на сцяне ў школе, на пошце, ва ўстановах. Нават у звычайны дзень у касцёле я бачыла столькі лю-дзей, колькі ў нас не бывае на Святы. У Расіі не гавораць пра веру ў публічнай прасторы: у маёй краіне гэта не прынята. У Расіі католікаў каля аднаго працэнта. У Піцеры мы ведаем адзін аднаго ў твар. У вучылішчы, наколькі мне вядома, каталічкай была адна я. Гэта быў важны для мяне досвед, што католікаў у свеце шмат!”.
    Потым былі “Канікулы з Богам” у Пскове, новыя знаёмствы і ўсё глыбейшыя адносіны з Богам. Затым – шматлікія сустрэчы, рэкалекцыі. Раптам у дзяўчыны з’явілася дзіўнае жаданне – стаць сястрой.
   
    Барацьба з Божым планам
    “Але я не планавала быць сястрой. Ніколі пра гэта не думала. Па-першае, жыццё ў мяне было ўжо распланавана. Па-другое, я не ведала ні адной духоўнай асобы з Расіі. І калі ў маёй галаве ўзнікла такая шалёная ідэя, я пачала з ёю змагацца. Радзей наведвала касцёл, «змяніла» сяброў, пачала слухаць “цяжкую” музыку. Я ўвайшла ў абсалютна няверуючую і не надта добрую кампанію”.
    Цэлы год дзяўчына вяла барацьбу з Богам, а пасля паддалася голасу, які быў ціхім і лагодным, але не даваў сябе заглушыць. Вырашыла пайсці шляхам свайго паклікання. Ва ўзросце 19 гадоў скончыла вучылішча і хацела паступіць да шанштацкіх сясцёр. Аб сваім рашэнні трэба было паведаміць бацькам.
    “Тата даўно заўважыў, чаго я прагну. Але маме было цяжка зразумець маё рашэнне. Яна была ўпэўнена, што я буду паступаць у кансерваторыю, і слёзна прасіла мяне яшчэ трошкі пачакаць”.
    Тады дзяўчына пачала жыць асобна ад бацькоў, уладкавалася на працу ў музычную школу. У гэты ж час маці арганізвала для дачкі паездку ў Парыж. І нават усё падрыхтавала, калі б дзяўчына захацела там застацца.
   
    Абранніца Хрыста
    Але яна вярнулася і ва ўзросце 21 год паехала ў Правінцыяльны дом шанштацкіх сясцёр у Свідэр каля Варшавы. Пастулят, навіцыят, у 2008 годзе сястра складае першыя манаскія абяцанні на год. Потым на два гады, на тры. У гэты час сястра працуе ў Правінцыяльным доме пад Варшавай, затым – у курыі ў Маскве. У 2011 годзе на некаторы час вяртаецца ў Польшчу, і вось ужо чацвёрты год служыць ў Беларусі.
    Вечныя шлюбы сястра склала ў мінулым годзе 5 чэрвеня.
    “Людзям часта цяжка зразумець, што я абранніца Езуса, што Ён галоўны ў маім жыцці. Я хачу належаць Яму поўнасцю і заўсёды, нягледзячы на цяжкасці і маю слабасць”.
    І хоць сястра Зоя не стала скрыпачкай і не выступае ў міжнародным аркестры, яна часта іграе на скрыпцы, і здараецца, што нават з цудоўнымі музыкантамі з розных краін.
   
    “І кожны, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі дзеля Майго імя, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае” (Мц 19, 29).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  218

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.