ГРОДНА
Серада,
17 красавіка
2024 года
 

Да Маці Божай з ружанцам у руцэ

З жыцця Касцёла

Месяц кастрычнік вельмі часта асацыюецца ў нас з залатой восенню, калі ўсё навокал поўніцца каляровымі пейзажамі, якія мастакі ахвотна пераносяць на палатно, ствараючы прыгожыя карціны. Аднак, для веруючага чалавека кастрычнік – гэта не толькі пара, якая заварожвае восеньскімі матывамі, але перш за ўсё месяц, што нагадвае аб Ружанцы. Ён прыпамінае нам аб прыгожай і простай малітве, якая яднае людзей усіх кантынентаў – у касцёлах, каплічках, шпіталях, дамах, сем’ях.
Калі хочаце мець у вашых сэрцах і сем’ях супакой, маліцеся супольна на ружанцы”, – заахвочваў папа Пій IX і меў абсалютную рацыю, паколькі гэтая малітва дае багаты плён. Калі бацькі разам з дзецьмі моляцца святым Ружанцам, становяцца на калені перад абразом Найсвяцейшай Панны Марыі, не саромеюцца супольнай малітвы, а прагнуць умацаваць свой “хатні Касцёл”, тады будуюцца сапраўдныя сямейныя сувязі, вырашаюцца самыя складаныя пытанні, закладаюцца падмуркі веры, надзеі і любові.
Зараз у святынях з вуснаў святароў, біскупаў вельмі часта гучыць заклік да штодзённай ружанцовай малітвы. Няма ў гэтым нічога дзіўнага, бо такая форма малітвы не патрабуе нейкай унікальнай духоўнай фармацыі, кожны хрысціянін можа адгаворваць Ружанец. Прастак ці навуковец – няма значэння, трэба толькі шчыра верыць у Бога і любіць Нябесную Маці. Хтосьці можа сказаць, што сучаснаму чалавеку вельмі цяжка знайсці час на малітву, асабліва на разважанне таямніц Ружанца, але тут паўстае пытанне: “Чалавек – гаспадар часу ці наадварот?”. Таму варта знайсці вольныя хвіліны на Ружанец – малітву, якая надае кшталт нашаму жыццю і нашай штодзённасці. Гэта тая форма малітвы, якая пераплятае людскія справы з Божымі, злучае неба і зямлю, трэба толькі навучыцца праз Ружанец давяраць свае штодзённыя клопаты Богу, а з іншага боку – адкрываць Бога, які праз Ружанец становіцца часткай нашай штодзённасці. Нездарма падчас сваіх аб’яўленняў Маці Божая прасіла: “Адгаворвайце штодня Ружанец!”, бо дзякуючы яму чалавечае жыццё змяняецца ў лепш бок.
    Аднак калі ідзе гаворка пра ружанцовую малітву, перад вачамі многіх людзей, напэўна паўстане вобраз ці, дакладней, такі стэрэатып: зморшчаная бабулька ў хустцы, якая кленчыць каля касцёльнай лаўкі, перабіраючы ў руках пацеркі. А ці так на самой справе?
    З аднаго боку, сапраўды з ружанцам у руках ў касцёлах часцей можна сустрэць старэйшую жанчыну, чым маладую дзяўчыну ці хлопца. Але гэта зусім не сведчыць аб тым, што моладзь цураецца гэтай прыгожай малітвы. У сваім асяроддзі маладыя католікі ствараюць адмысловыя групы, каб супольна маліцца на ружанцы, а таксама ладзяць цікавыя акцыі, звязаныя асаблівым чынам з Ружанцам.
    У гродзенскіх касцёлах адбываюцца духоўныя сустрэчы, мэта якіх – супольная малітва. Стала добрай традыцыяй, што перажываючы месяц святога Ружанца, моладзь выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі і моліцца на ружанцы праз Skype. Ініцыятыва малітоўнай акцыі зыходзіць ад душпастара гродзенскай каталіцкай моладзі кс. Антонія Грэмзы і саміх маладых католікаў, якія адным са сваіх абавязкаў лічаць распаўсюджванне Ружанца ў асяроддзі школьнікаў, студэнтаў і працоўнай моладзі.
    Таксама ў гэтым го-дзе каталіцкая моладзь з парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне выйшла з прапановайштодзённай малітвы Святога Ружанца ў інтэрнэце і прапанавала ўсім ахвотным далучыцца да малітоўнага кола.
    У сваю чаргу польская моладзь заклікала сваіх аднагодкаў з розных краін свету маліцца менавіта на ружанцы за мір у свеце. „У нас няма зброі, няма грошай. Мы не ведаем таксама ўплывовых людзей, але ў нас ёсць ружанец!”, – напісалі маладыя людзі з Нацыянальнага бюро па арганізацыі Сусветных дзён моладзі ў Польшчы. Яны папрасілі сваіх аднагодкаў зрабіць відэазапісы малітвы „Вітай, Марыя” на розных мовах.
    Менавіта з гэтых ролікаў быў створаны фільм, які прасоўвае акцыю „Я малюся за мір!”. Моладзь з усяго свету падтрымала акцыю.
    Чаму ўсе гэтыя людзі абралі марыйную ружанцовую школу? Бо менавіта праз гэтую малітву можна навучыцца радасна несці свой штодзённы крыж, карэкціраваць сваё жыццё і распазнаваць яго сэнс паводле Евангелля, жыцця Езуса і Марыі, адным словам – быць Божымі людзьмі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  259

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.