ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка
2024 года
 

Жырмуны

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Вёска вядома з пачатку XV ст., калі яна з’яўлялася родавым маёнткам Бутрымаў. Потым уласнасць Кучукаў, з канца XV ст. – Мантоўтавічаў, з 1513 г. – князя Юрыя Радзівіла. На карце Т. Макоўскага 1613 г. Жырмуны пазначыны як мястэчка Лідскага павета. У XVІІ ст. знаходзіліся ва ўладанні Завішаў, з пачатку XVІІІ ст. – зноў перайшлі да Радзівілаў. У 1724 г. кароль Аўгуст ІІ надаў мястэчку магдэбургскае права.
    Касцёл тут быў заснаваны ў 1437 г. па фундацыі тагачаснага ўладальніка Жырмунаў пана Войцеха Кучука. У сярэдзіне XVІ ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя.
    Новы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1624 г. на сродкі Яна Завішы, ваяводы віцебскага, і яго жонкі Ганны Трызнянкі. Касцёл быў кансэкраваны пад тытулам Найсвяцейшай Марыі Панны і ўпасажаны “з абавязкам утрымання арганіста, школкі, кантара і слуг касцёльных”. Але святыня была знішчана падчас вайны 1654–1667 гг. Новы касцёл ў 1667–1673 гг. паўстаў дзякуючы намаганням кс. Мацея Шаркевіча на сродкі пана Алойзы Кунцэвіча. Менавіта ў гэты час тут з’явілася галоўная парафіяльная рэліквія – кроплі крыві Пана Езуса. 20 сакавіка 1667 г. жонка віцебскага кашталяна Завішы, Гальшка Тышкевіч, ахвяравала іх жырмунскаму касцёлу. А ёй, атрымаўшы іх ад Папы Урбана VIII, прывёз з Рыма яе брат віленскі біскуп Тышкевіч. У 1674 г. святыню кансэкраваў біскуп суфраган Мікалай Слупскі, у яго тагачаснай візіце адзначаецца цудатворны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, змешчаны ў алтары касцёла.
А ў 1788–1789 гг. князь Станіслаў Радзівіл разам са сваёй жонкай Каралінай з Пацеяў ахвяравалі сродкі на ўзвядзенне цяперашняга драўлянага храма ў класіцыстычным стылі. Пабудавалі касцёл на ранейшым месцы, у цэнтры мястэчка, паводле праекта архітэктара Яна Падчашынскага, які працаваў у жырмунскім маёнтку Радзівілаў. Касцёл быў кансэкраваны пад новым тытулам Адшукання Святога Крыжа. Пры касцёле дзейнічалі парафіяльная школа і шпіталь, які фундавала лідская падстаросціна Гадзебская.
    Касцёл уяўляе сабою трохнававую святыню з трансептам і трохграннай алтарнай часткай, арыентаванай на ўсход. Цікава, што сакрыстыя не дабудавана да прэзбітэрыя, а змешчана ў паўночным крыле трансепта. Касцёл накрыты двухсхільным дахам з трохвугольнымі франтонамі над тарцамі трансепта і вальмамі над алтаром. Галоўны фасад завершаны васьміграннай нізкай і глухой невялікай вежай. Уваход у святыню пазначаны глыбокай лоджыяй з дзвюма мураванымі калонамі на лініі галоўнага фасада.
    Унутраная прастора падзелена мураванымі калонамі дарычнага ордэра на тры навы, цэнтральная з якіх значна шырэйшая за бакавыя. Інтэр’ер, перакрыты плоскай падшыўной столлю, упрыгожваюць чатыры каменныя алтары. Галоўны алтар і два бакавыя ўтвараюць адзіную аднаярусную шматкалонную кампазіцыю карынфскага ордэра з разьбяным Укрыжаваннем у цэнтры, абразом Езуса Уваскрослага ў левым алтары і Унебаўшэсця Езуса ў правым. Паміж алтарамі ўсталяваны разьбяныя паліхромныя фігуры св. Станіслава біскупа і св. Казіміра. Алтар з абразом Маці Божай Ласкавай са шматлікімі вотамі змешчаны ў паўночнай капліцы трансепта – чатыры спараныя мураваныя калоны дарычнага ордэра нясуць антаблемент, у метопах якога знаходзяцца выявы Мук Хрыста. У крыпце касцёла пахаваны Радзівілы, фундатары і калятары святыні. Над уваходам зроблены арганныя хоры на чатырох дарычных мураваных калонах.
    Злева ад касцёла асобна пабудавана каркасная, таксама драўляная, двух’ярусная званіца. Комплекс абнесены невысокай бутавай агароджай з трохпралётнай уваходнай брамай у стылі класіцызму, цаглянай і атынкаванай.
    Перад Другой сусветнай вайной колькасць вернікаў жырмунскай парафіі дасягала амаль 4000 чалавек. Да парафіі належаў хатні араторый у радзівілаўскім палацы ў двары Жырмуны.
    Касцёл дзейнічаў увесь час, у 1970-я гг. быў аб’яўлены помнікам архітэктуры. Да ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі жырмунская парафія заўсёды ўваходзіла ў склад Лідскага дэканата, з 1991 г. знаходзіцца ў Радунскім дэканаце.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  81

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.