ГРОДНА
Субота,
30 верасня
2023 года
 

Бог – гэта Той, хто вельмі моцна любіць

На службе Богу

айцец Дзмітрый Лабкоў CSsRСёння сваю гісторыю распавядае айцец Дзмітрый Лабкоў CSsR з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля.
Бога адкрыла бабуля
    Айцец Дзмітрый паходзіць з Парэчча. Быў ахрышчаны ў Ротніцы ў Літве. Першую Камунію прыняў у роднай парафіі ва ўзросце 10 гадоў.
    Гадаваўся ў сям’і католікаў. Маці працавала лабаранткай, бацька – вадзіцелем.
    “У школе я расказваў, што хачу быць вадзіцелем, як тата. Але настаўніца мне пярэчыла, казала, што гэтага замала. Бачыла, што я быў хлопцам здольным, і падказвала, што трэба шукаць у жыцці нечага большага”.
    Выхоўваўся хлопец разам з малодшым братам.
    “Бога мне адкрыла бабуля, якая навучыла малітвам. Бачыў, як яна моліцца. Прыкладам чалавека веруючага таксама была прабабуля. Кожную нядзелю яна наведвала касцёл. Лічу, што шляхі веры бабулі з боку бацькі і прабабулі з боку маці сышліся на мне і парадзілі маю веру”.

    “Ойча наш” у інтэнцыі распазнання паклікання
    Для духоўнага развіцця была добрая атмасфера не толькі ў сям’і, але і ў парафіі: пры касцёле служылі пробашч і манаскія сёстры. Хлопец прыслужваў пры алтары як міністрант. Рэгулярна хадзіў на катэхезу, удзельнічаў у шматлікіх рэкалекцыях, духоўных практыкаваннях.
    “Праз усё гэта я ўзрастаў”.
    Прыкладам для яго быў пробашч парафіі айцец Андрэй Шчупал. Ён быў узорам стараннасці і правільнай малітвы.
    Аднойчы 14-гадовы юнак пачуў на пропаведзі святара, што трэба маліцца аб распазнанні свайго паклікання. Пасля чаго ён вырашыў штодня ахвяраваць у гэтай інтэнцыі малітву “Ойча наш”. Хутка хлопец атрымаў базавую адукацыю і пайшоў вучыцца ў Гродзенскі фізіка-матэматычны ліцэй. “Калі паехаў у горад, памятаю, была моцная туга па парафіі, па тым духоўна-рэлігійным жыцці…”.
   
    Служыць Богу і людзям
    У выпускным класе юнак прыйшоў да пробашча і прызнаўся, што хоча прысвяціць сваё жыццё Богу. Святар вельмі ўзрадаваўся, што ёсць кандыдат.
    “У заяве для паступлення ў семінарыю я тлумачыў свой выбар тым, што хачу служыць Богу і людзям”. Першыя думкі аб пакліканні ўзніклі ў хлопца даўно, падчас першай сустрэчы ў сваім сэрцы з Хрыстом. Жаданне ўзрастала і ўмацоўвалася.
    “У 11 класе, калі ўсе думалі пра тое, куды паступаць, я быў спакойны за сваю будучыню. Разумеў, што павінен быць святаром. Гэта такі прыклад Божай ласкі. Важна маліцца аб сваім пакліканні”.
   
    Адказ на любоў Бога
    Пасля школы малады чалавек паехаў на фармацыю да рэдэмптарыстаў у Кракаўскую семінарыю. Там адбыў два гады пастулята і год навіцыята. Далей працягваў навучанне ў Тухаве.
    У 2005 годзе 15 жніўня склаў вечныя манаскія абяцанні. Падзея адбылася ў Тухаве. 5 лістапада таго ж года ў капліцы парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адбылося яго дыяканскае пасвячэнне. У наступным годзе 20 мая ў Тухаве атрымаў святарскае пасвячэнне.
    Пасля семінарыі айцец Дзмітрый працаваў у расійскім горадзе Орску. Праслужыў там тры гады. Пасля вярнуўся ў Беларусь і працаваў вікарыем у Вялікай Бераставіцы. З 2011 года працуе ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне.
   
    “Бог – гэта Той, хто мяне вельмі моцна любіць. Адказам на Яго любоў з’яўляецца маё манаскае жыццё. Жыццё, прысвечанае Богу і людзям”.


   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  93

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.