ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Любоў – наша місія. Сям’я, якая жыве ў паўнаце

З жыцця Касцёла

Сям’я, якая заснавана на падмурку веры – наймацнейшаяПад такім дэвізам 12 верасня адбылася IX Нацыянальная пілігрымка сем’яў. Да Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў парафію Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне прыбылі сем’і з усёй Беларусі. Падчас сустрэчы сужэнцы-католікі маліліся аб тым, каб Маці Божая ахінула іх сваім матчыным плашчом, а Яе заступніцатва ўчыніла так, каб кожная сям’я ішла ў сваім жыцці дарогай сапраўднага шчасця.
У межах IX Нацыянальнай пілігрымкі сем’яў вернікі, што прыбылі на сустрэчу, пачулі гісторыю культу абраза Маці Божай Нястомнай Дапамогі. А. Анджэй Ядкоўскі CSsR заахвоціў прысутных прыносіць перад аблічча Марыі ўсе свае радасці і клопаты, каб у Яе прысутнасці ўсё асэнсаваць, падзякаваць за атрыманыя ласкі і папрасіць аб заступніцтве. Таксама пілігрымы ўдзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, мелі магчымасць паспавядацца, маліліся на ружанцы.
    Цэнтральным пунктам пілігрымкі стала ўзначаленая кс. б-пам Аляксандрам Кашкевічам святая Імша ў інтэнцыі ўсіх сем’яў нашай краіны. Падчас набажэнства іерарх звярнуўся да сабраных сужэнцаў з прамовай, падчас якой асаблівы акцэнт зрабіў на праблемах, з якімі сутыкаюцца сучасныя сем’і.
Ужо на пачатку гісторыі чалавецтва Бог стварыў сям’ю як адзіны, непарушны саюз мужчыны і жанчыны, якія павінны жыць разам, дапамагаць адно аднаму, нараджаць патомства і выхоўваць яго. Сучасная сям’я, якая з’яўляецца галоўнай клеткай кожнага грамадства, перажывае крызіс. Таму ўмацаванне ў веры патрэбна для нас усіх, асабліва для дзяцей і моладзі, якія ўзрастаюць да дарослага жыцця менавіта ў сям’і”, – падкрэсліў біскуп Аляксандр.
    Іерарх зазначыў, што найбольш актуальныя праблемы – гэта ўзрастаючая колькасць разводаў і абортаў, незахаванне сужэнскай вернасці, адыход ад традыцыйнай мадэлі сям’і. Карані ўсіх гэтых ды іншых праблем належыць шукаць у крызісе веры, які ахапіў свет. Сучасная сям’я павінна быць месцам прабывання Бога, таму важнай з’яўляецца супольная малітва ў сям’і. Вельмі добрай нагодай, каб распачаць практыку супольнай малітвы, будзе месяц кастрычнік, прысвечаны Маці Божай.
    “Няхай ружанцовая малітва да Маці Божай узносіцца ў кожнай сям’і нашай краіны, бо без малітвы чалавечае сэрца не знойдзе супакою. Няхай дзеці з малога вучацца любові да Божай Маці, няхай пазнаюць, што маюць не толькі зямную маці, але і нябесную. Штодзённая малітва ўсёй сям’і, рэгулярная св. Імша і катэхізацыя будуць для дзяцей найлепшай школай жыцця”, – падкрэсліў бп Аляксандр Кашкевіч.
    Таксама падчас св. Імшы пілігрымы аднавілі свае сужэнскія абяцанні. Гэта быў вельмі кранальны момант, бо сямейныя пары з розным стажам сумеснага жыцця, гледзячы ў вочы і трымаючыся за рукі, нанова сказалі “так” адно аднаму і аднавілі абяцанні вернасці і адданасці, якія далі падчас сакраманту шлюбу. Вельмі сімвалічна тое, што зараз сведкамі гэтых абяцанняў сталі дзеці сужэнцаў.
   
 Падчас св. Імшы маліліся ў інтэнцыі сем’яў усёй краіны і ў інтэнцыі Сінода Біскупаў, прысвечанага сям’і, які пройдзе ў Рыме   “Усе праблемы вырашальныя, калі ў сэрцы чалавека Бог”
    Мэтай сустрэчы каталіцкіх сем’яў у Гродне было з’яднаць сем’і, каб праз сумеснае прабыванне, шчырую малітву і сведчанні знайсці адказы на сямейныя праблемы. Таксама гэта быў час падзякі за вернасць любові, узаемную павагу і дар бацькоўства.
    Як адзначылі ўдзельнікі пілігрымкі, важным аспектам сустрэчы была магчымасць абмеркаваць надзённыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца сужэнцы, і разам з душпастарамі паспрабаваць знайсці выйсце з гэтых складаных сітуацый. “Падчас адной з канферэнцый нам быў прадстаўлены свайго роду псіхалагічны партрэт сучаснай сям’і, дзе бацькі не заўсёды знаходзяць час на сваіх дзяцей, кожны заняты выключна сабой, няма ўзаемнай павагі, любові, жадання выслухаць і дапамагчы, – гаворыць удзельніца сустрэчы Тэрэза Паплаўская. – Многія з нас, напэўна, у гэтым партрэце распазналі рысы, якія ў пэўнай ступені ўласцівы кожнаму з нас, недзе ў глыбіні душы нават сорамна стала за тое, што недалюбіў, недапесціў, не прамаўчаў ці, наадварот, не сказаў патрэбных слоў. Але разам з тым мне палягчала на душы, бо я дала сабе абяцанне нанова запрасіць Бога да сябе дадому, у сваю сям’ю. Цяпер будзем усёй сям’ёй старацца знаходзіць час і на працу, і на адпачынак, і на сустрэчу з Богам, але, галоўнае, каб гэта ўсё было супольна, тады і праблемы ўсе вырашацца. Вельмі добра, што ёсць такія сустрэчы, гэта сапраўдная падтрымка для сям’і”.
    IX Нацыянальная пілігрымка сем’яў па традыцыі была арганізавана Радай па справах сям’i пры Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi. За ход сустрэчы быў адказны а. Дзмiтрый Лабкоў CSsR, новапрызначаны адказны за душпастарства сем’яў у Гродзенскай дыяцэзii i пробашч парафіi Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, якая і прымала гасцей.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.