ГРОДНА
Серада,
23 красавіка 2025 года |
Правесці рэвізію на паліцы кампетэнцый

Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сувязі з пачаткам навучальнага года прапаную паразважаць пра шырокія магчымасці, неабходнасць атрымання новых ведаў і гібкасць чалавечага розуму. З кнігі месяца даведаемся пра працэс абнаўлення, які адбываецца ў галаве, а праз песню месяца паспрабуем натхніцца на вялікія справы.
Што ж, наперад з Богам!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
“Нядобра душы без ведаў, і хто спяшаецца нагамі, спатыкаецца” (Мдр 19, 2)
Веды ўпрыгожваюць чалавека, яны з’яўляюцца велізарнай стваральнай сілай. Людзі, якія імкнуцца шмат ведаць, як правіла, устрымліваюцца ад неабдуманых крокаў і памыляюцца радзей як у свецкім жыцці, так і ў духоўным. †
ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:
каб пашыраліся магчымасці адукацыі і працы для ўсіх маладых людзей
Маладосць – гэта час пошуку свайго месца ў свеце. Іншы раз гэты пошук бывае доўгі і цярністы. Папа Францішак заклікае вернікаў памаліцца ў інтэнцыі пашырэння ў свеце магчымасцей адукацыі і працы для моладзі. Менавіта праз паляпшэнне ўмоў для самарэалізацыі маладыя людзі хутчэй знойдуць сябе і будуць прыносіць карысць грамадству і Касцёлу.
ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
веды
Кожны з нас мае за плячыма нейкі запас ведаў, які будзе выкарыстоўваць у жыцці. Хтосьці не бачыць межаў у спазнанні нечага новага, а хтосьці спыняецца на дасягнутым. Варта паразважаць, ці не адчуваем мы сябе бездапаможнымі, ці хапае кожнаму з нас ведаў, каб ісці па жыцці ўпэўнена?
МЭТА МЕСЯЦА:
атрымаць новыя веды
Веды дазваляюць чалавеку адрозніць праўду ад хлусні, дапамагаюць арыентавацца ў свеце хаоса. У спалучэнні з верай веды робяць асобу мудрай. Чым больш у чалавека ведаў і ўменняў, тым больш карысці ён зможа прынесці Богу і людзям.
СПРАВА МЕСЯЦА:
правесці рэвізію на паліцы кампетэнцый
Прыйшоў час паразважаць, якія веды выкарыстоўваюцца намі ў жыцці, а якія дагэтуль не былі запатрабаваны. Неактуальныя кампетэнцыі трэба без шкадавання адсоўваць на самыя высокія паліцы, пакідаючы пры гэтым зручнае месца для новых ведаў. Умееш рабіць фокусы? Прамаўляць скарагаворкі? Усё ж такі карысней было б навучыцца гатаваць або плаваць. Ідэальна – выкарыстоўваць свае ўменні на славу Бога. Такім чынам, умеючы гатаваць ежу, можна працаваць валанцёрам. Здольнасць жа трымацца на вадзе можа спатрэбіцца, каб некалі выратаваць чыёсьці жыццё.
ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
“Падбадзёрваючая”, “Божая кароўка”
Сапраўдны хрысціянін не маркоціцца: ён упэўнены і вясёлы, гатовы дзяліцца сваёй радасцю з іншымі. Калі камусьці з Вас не хапае запалу, раю паслухаць песню “Падбадзёрваючая”. Выканаўцы пераконваюць, што справы ідуць угору, калі давяраеш Богу. Заклікаюць падбадзёрваць сябе з ранку і штодня казаць ворагу на злосць: “я змагу!”.

“Творчы розум”, Ульф Экман
З кнігі Вы даведаецеся, як распараджацца сваім розумам і што перашкаджае яго абнаўленню. “Бог хоча, каб вы мелі поспех”, – заўважае ў пачатку аўтар. Ён запэўнівае, што ў Бога для людзей добрыя планы, ёсць будучыня і надзея. Усявышні стварыў чалавека па сваім вобразе і надзяліў яго творчым розумам. Але каб умела ім карыстацца, асоба павінна прайсці працэс абнаўлення. Кніга дапаможа ахвотным у гэтай нялёгкай справе.
АСОБА МЕСЯЦА:

бласлаўлёная Браніслава
Нарадзілася Браніслава каля 1200 года ў Камені-Слёнскім. Паходзіць з сям’і Адрованж. Сваячка святога Яцэка і бласлаўлёнага Чэслава.
Дзяўчына заўсёды адрознівалася глыбокім духоўным жыццём. Ва ўзросце 16 гадоў уступіла ў жаночы манаскі ордэн нарбертанак у Кракаве.
Бог адарыў яе дарам экстазу і бачанняў. Аднойчы Браніслава глядзела ў накірунку кляштара дамініканцаў і ўбачыла анёлаў і Маці Божую, якая вяла ў неба душу святога Яцэка. Калі яна прыйшла ў кляштар, то сустрэлася там з братамі, якія займаліся падрыхтоўкай пахавання Яцэка.
У 1241 годзе, падчас нападу татар на Кракаў, Браніслава разам з іншымі сёстрамі хавалася ў ваколіцах Бялянаў. З таго часу мясцовасць празвалі Паненскімі скаламі. З жыццём Браніславы таксама звязаны ўзгорак Сікорнік, куды яна часта прыходзіла на малітву. Памерла там жа 29 жніўня 1259 года. Пазней на тым месцы была пабудавана невялікая капліца.
Заступніцтву і апецы бласлаўлёнай Браніславы прыпісваюць выратаванне ад чумы раёна Звежынец у 1707 годзе. У 1839 годзе папа Рыгор XVI залічыў яе да ліку бласлаўлёных. Дзень яе памяці ў каталіцкім Касцёле – 1 верасня.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 253 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.