ГРОДНА
Панядзелак,
07 кастрычніка
2024 года
 

Германішкі

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Вёска вядома з 1367 г.,
    у 1411 г. – маёмасць вялікага князя Вітаўта,
    з 1539 г. – мястэчка,
    у XVI–XVIІІ стст. – маёнтак віленскага біскупства.
    У ХІХ ст. знаходзіцца ў Лідскім павеце Віленскай губерні як уладанне графаў Лефертаў, потым Гофманаў.
    Згодна з мясцовым паданнем, касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы быў заснаваны тут яшчэ ў 1387 г., аднак на самой справе ў гэтым годзе вёска ўпершыню ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах сярод паселішчаў, якія кароль Ягайла аддаў касцёлу святых Станіслава і Уладзіслава ў Вільні. Архіўныя матэрыялы пацвярджаюць заснаванне каталіцкай святыні ў Германішках каля 1452 г. паводле біскупскай фундацыі. Першапачаткова касцёл быў драўляным, чарговы драўляны будынак касцёла пабудавалі ў 1686 г. на сродкі віленскага біску-па Бжастоўскага. Тады святыня стаяла ў заходняй частцы вёскі, але пасля пажару 1880 г. вырашана было перанесці касцёльны пляц на ўсходнюю ўскраіну.
Будаўніцтва новага кас-цёла, гэтым разам мураванага, пачалося ў 1886 г., магчыма паводле праекта губернскага архітэктара Полазава. У 1909 г. новазбудаваная святыня ў стылі неаготыкі была асвечана пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы.
    Касцёл пабудаваны з бутавага каменю і цэглы з пяціграннай арыентаванай на ўсход апсідай, да якой з абодвух бакоў дабудаваны, верагодна, пазней, невялікія атынкаваныя закрыстыі. Над галоўным фасадам у 1905 г. была надбудавана васьмігранная вежа-званіца, завершаная спічаком. Святыня накрыта двухсхільным бляшаным дахам, над алтарнымі вальмамі якога знаходзіцца стромкая сігнатурка. У алтарную сцяну ўмуравана надмагільная пліта Стэфаніі Вансовіч (+1879), спадчына ад якой склала аснову сродкаў на будаўніцтва касцёла.
    Інтэр’ер зальны, перакрыты плоскаю падшыўной дашчанай столлю, падлога з керамічных плітак. У святыні тры алтары. Галоўны тытульны алтар Найсвяцейшай Тройцы ілюзорна намаляваны на сцяне, бакавыя алтары (злева – Божай міласэрнасці, дзе ў другім ярусе змешчаны абраз св. Францішка з Асізі, справа – Маці Божай Чанстахоўскай з абразом св. Юзафа ў другім ярусе) драўляныя, зробленыя разам з амбонай у 1885 г. у стылі неабарока і перанесеныя з былога драўлянага касцёла. Над уваходам зроблены хоры, дзе і сёння захоўваецца цікавы арган у стылі класіцызму, таксама з былога касцёла.
    Касцёльны ўчастак абнесены атынкаваным мурам, галоўны ўваход пазначаны трохпралётнай брамай у стылі класіцызму. На тэрыторыі захавалася некалькі цікавых надмагілляў, сярод якіх вылучаецца каплічка Юліі Рэўкоўскай з роду Хлюдзінскіх (+1835). У ХІХ ст. на мясцовых парафіяльных могілках дзейнічала драўляная капліца, але пасля 1870 г. яе ўжо не існавала.
    У час польскай улады колькасць вернікаў германішскай парафіі дасягала амаль 4000 чалавек. Але пры савецкай уладзе, у 1965 г., касцёл зачынілі, усё каштоўнае было разрабавана, аднак будынак не руйнавалі і не прыстасоўвалі для якіх-небудзь патрэб.
    Адрадзілася парафія ў 1987 г. Касцёл быў асвечаны нанова 17 чэрвеня 2000 г. Дзейнічае і сёння, аднак статус помніка архітэктуры атрымаў адносна нядаўна.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  86

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.