ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Рось – гэта “санаторый” Езуса, гэта месца цуду

З жыцця Касцёла

8 жніўня дыяцэзіяльны санктуарый Езуса Журботнага ў Росі прыняў шматлікіх пілігрымаў з Гродна, Свіслачы, Шылавічаў, Ваўкавыска, а таксама з іншых месцаў Гродзенскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій Беларусі. Упершыню сёлета была арганізавана пешая пілігрымка Масты–Рось.
Найбольш хвалюючым стаў уваход пілігрымаў у санктуарый і хвіліна асабістай малітвы, калі кожны можа даверыць Богу свае справы. Не менш узрушваючым быў і момант, калі перад уваходам у святыню гродзенскія пілігрымы ляглі крыжам на асфальце.
    У гэтыя, здаецца, найважнейшыя хвіліны пілігрымавання ў вачах многіх можна было ўбачыць слёзы радасці. У гэтых слязах, нават у хлопцаў, заўважалася вялікае ўзрушэнне. Пасля пройдзеных кіламетраў, пасля цяжкай дарогі і доўгага чакання сустрэчы, Езус Міласэрны з вышыні алтара глядзіць на кожнага пілігрыма, пранікаючы сваім позіркам у душу чалавека...
Вячэрнюю св. Імшу для пілігрымаў узначаліў біскуп Юзаф Станеўскі.
    “Мы прыходзім у гэты санктуарый як да крыніцы, каб зачарпнуць чыстай вады, каб узмацніць і адчуць нашу годнасць Божага дзіцяці”, – адзначыў біскуп у гаміліі. Разважаючы над цярпеннем Езуса Хрыста, а таксама над людскім цярпеннем, іерарх дадаў: “З Хрыстом усё мае сэнс, а менавіта момант цярпення, пакуты і смерці”. Паводле слоў біскупа, сэнс пакуты і людскога цярпення варта шукаць у крыжы Хрыста, які з’яўляецца “тварам неспасцігальнай любові Бога да чалавека”.
    Затым пілігрымы выслухалі канферэнцыю, якую да прысутных скіраваў кусташ санктуарыя кс. Чэслаў Паўлюкевіч. Святар заахвоціў вернікаў адкрыцца на Божае дзеянне, каб Святы Дух знайшоў сваё месца ў іх сэрцах і кожны дзень вёў іx дарогай збаўлення.
Кс. бп Аляксандр Кашкевіч вітае ўдзельнікаў урачыстасцей    Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і акт аддання Найсвяцейшай Панне Марыі завяршылі першы дзень урачыстасцей у санктуарыі.
    9 жніўня ўрачыстую святую Імшу для шматлікіх пілігрымаў ўзначаліў ардынарый дыяцэзіі кс. бп Аляксандр Кашкевіч. У Імшы ўдзельнічалі вернікі з розных месцаў дыяцэзіі, частка з якіх прыйшла ў пешых пілігрымках.
    Звяртаючыся да пілігрымаў, іерарх адзначыў, што жыццё чалавека – гэта пастаянная пілігрымка. “Праз наша зямное пілігрымаванне нам трэба заслужыць вечнае жыццё”, – дадаў біскуп. Іерарх назваў санктуарый “духоўным санаторыем”, бо тут можна знайсці ўсё, што патрэбна для душы і цела. “Езус Хрыстус з сумным тварам глядзіць сёння на ўсіх нас, якія Яго тут адведваюць, і кажа нам: «Вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам»”, – сказаў гродзенскі ардынарый.
    Біскуп Аляксандр на заканчэнне сёлетніх урачыстасцей у санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі адзначыў, што хацеў бы, каб да цудатворнай фігуры Езуса, вядомай сваімі ласкамі ўжо больш за 400 гадоў, скіроўваліся вернікі ў пешых і аўтобусных пілігрымках з усіх парафій дыяцэзіі і з-за мяжы.
    “Я прагну, каб сюды пілігрымавала ўся дыяцэзія”, – падкрэсліў гродзенскі ардынарый.
    Кусташ санктуарыя кс. Чэслаў Паўлюкевіч падзякаваў усім пілігрымам за прынятую працу пілігрымавання і запэўніў, што дзверы санктуарыя заўсёды адчынены, а таксама заахвоціў наведваць гэтае святое месца часцей.
    Апошнім пунктам урачыстасцей стаў канцэрт гурта супольнасці Душпастарства студэнцкай і працуючай моладзі “OPEN” Гродзенскай дыяцэзіі, падчас якога пілігрымы праслаўлялі Бога праз спеў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.