ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Бог – гэта цішыня, якая дазваляе крычаць

На службе Богу

айцец Андрэй ВрублеўскіСёння сваю гісторыю распавядае айцец Андрэй Врублеўскі з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля.
З адкрытай каталіцкай сям’і
    Айцец Андрэй паходзіць з Гродна. Ахрышчаны ў пабернардынскім касцёле. Першую святую Камунію прыняў у фарным касцёле ў 1989 годзе. Гадаваўся ў сям’і католікаў. Тата працаваў кіроўцам, а мама – выхавацельніцай. У сужэнстве пара мела чацвёра дзяцей. “Мае бацькі вельмі адкрытыя людзі. У хаце заўсёды шмат гасцей. Бацькі прымаюць вернікаў, якія едуць у пілігрымкі, на розныя сустрэчы, рэкалекцыі. І сёння, калі камусьці трэба зрабіць прыпынак на начлег, я, канешне, тэлефаную бацькам”.
   
    Божае бласлаўленне
    Хлопец скончыў адну з гарадскіх школ і паступіў у політэхнікум, каб атрымаць прафесію будаўніка. “Мы з сябрамі хадзілі сваімі шляхамі. І вось аднойчы мяне агарнуў страх, што я магу трапіць у непрыемную гісторыю. У кампаніі я зразумеў, што мяне ўратуе паслушэнсва. На дапамогу прыйшла бабуля, якая задала мне пытанне: ты хочаш Божага бласлаўлення? Я адказаў згодай. З гэтага ўсё і пачалося...”.
    Бабуля распавяла, што на Дзевятоўцы рамантуецца каплічка і там патрэбна дапамога. Хлопец стаў прыходзіць туды працаваць: дапамагаў мяняць дах, добраўпарадкоўваў тэрыторыю. Затым яго запрасілі на рэкалекцыі для моладзі.
    “У Новай Рудзе ў 1996 го-дзе я блізка пазнаў Хрыста, сустрэўся з Яго вялікім супакоем. Адкрыў для сябе, што трэба паступаць у ВНУ. Я ніколі пра гэта не думаў, бо хацеў ісці ў армію”.

    Жаданне ісці шляхам Хрыста
    Ва ўзросце 19 гадоў юнак паступіў у Інстытут сучасных ведаў на спецыяльнасць “эканамічная інфарматыка”. Адначасова пачаў працаваць аніматарам сярод моладзі ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне.
    Пасля першага курса зразумеў, што яго больш цікавіць духоўнае развіццё. Стаў наведваць курсы ў Катэхетычным інстытуце. Прыслухоўваўся. Прыйшоў да высновы, што трэба больш маліцца, часцей спавядацца. З дыскатэк ужо вяртаўся з ружанцам у руцэ.
    “Так я зразумеў сябе. А потым гэта перарасло ў жаданне ўмацавацца сілай звысока, і я прыступіў да сакраманту канфірмацыі”.
    Пасля яго прыняцця малады чалавек атрымаў размілаванне на малітве і жаданне ісці шляхам Хрыста.
    “Да паступлення ў інстытут мне давялося разам з ксяндзом Анджэем Балукам вешаць карціны ў пабрыгіцкім касцёле. Пад канец нашай сустрэчы ён сказаў: “Будзь місіянерам”. У той час я нават і не думаў пра гэта. Але яго словы паступова наспявалі ў маім сэрцы”.
   
    Рашэнне стаць місіянерам
    Пастанову ісці дарогай святарства хлопец прыняў праз два гады, у Вялікі чацвер 1998 года.
    “Для мяне адкрылася таямніца, што быць святаром – гэта значыць абмываць людзям ногі. Дарэчы, гэты дэвіз да сённяшняга дня застаўся ў маім жыцці...”.
    Увечары, пасля Імшы, бацька задаў хлопцу пытанне: што той хоча рабіць у жыцці. І пачуў адказ, што сын збіраецца ў семінарыю. Бацька кіўнуў і даў яму тры месяцы, каб вывучыць польскую мову, здаць усе экзамены і адпрацаваць практыкі.
    “Я сказаў Езусу «так», але думаў, што трэба пакуль яшчэ скончыць інстытут... А тут бацька паставіў перада мной канкрэтныя ўмовы. Гэта і прымусіла мяне «заварушыцца»”.
    Пасля была пілігрымка ў Францыю.
    “Я быў у Лізье на магіле святой Тэрэзкі. Менавіта там я даведаўся пра яе, а таксама пра тое, што яна з’яўляецца заступніцай місіянераў. Тэрэзка мне вельмі блізкая сэрцам. Там, у Лізье, я і прыняў дакладнае рашэнне, што буду місіянерам”.
    З Францыі хлопец вяртаўся не дадому, а ў семінарыю. Прысутнічаў на пасвячэнні першага беларускага рэдэмптарыста айца Станіслава Станеўскага. І ўжо ведаў, што летам вернецца сюды.
    На трэцім курсе інстытута хлопец пакінуў установу: гэта быў адказ на пакліканне. У 1998 годзе паступіў у семінарыю. Спачатку два гады вучыўся ў Кракаве. Затым быў год навіцыяту, а потым – яшчэ чатыры гады вучобы ў Тухаве. Там жа 15 жніўня 2004 года айцец Андрэй склаў вечныя шлюбы. У Гродне восенню таго ж года з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча ён атрымаў дыяканскае пасвячэнне, а 28 мая 2005 года ў Тухаве адбылося яго святарскае пасвячэнне.
   
    Чалавек ад работы
    Спачатку айцец Андрэй працаваў у Польшчы, у Шчэцінку. Праз год вярнуўся ў Гродна. Пачаў хадзіць у пілігрымкі. Затым арганізоўваў іх самастойна. На працягу пяці гадоў прамаўляў канферэнцыі ў абласным клінічным цэнтры “Псіхіятрыя-наркалогія”. Быў памочнікам у арганізацыі Дыяцэзіяльнага душпастарства цвярозасці. У 2011 годзе паехаў вучыцца ў місійную школу ў Люблін. Праз два гады вярнуўся з місійным крыжам.
    Адказвае за каталіцкіх скаўтаў у Гродзенскай дыяцэзіі. Акрамя таго, любіць арганізоўваць палатачныя гарадкі для моладзі. Супрацоўнічае з ваеннымі: ездзіць на прысягі, прамаўляе канферэнцыі. Па запрашэнні часта прыходзіць з Божым словам да студэнтаў, дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
    Айцец Андрэй характарызуе сябе як “чалавека ад работы”. Сціпла называе сябе простым вікарыем, які “круціцца тут, праводзіць місіі, рэкалекцыі”.
    “Бог для мяне – гэта міласэрны Айцец, які дазваляе сябе любіць. Гэта Езус Хрыстус, Адкупіцель і Брат, які заўсёды падтрымлівае. Гэта Дух Святы, які распальвае знутры і робіць цудоўныя рэчы ўва мне, нястомна мяне аднаўляе. Бог – гэта такая цішыня, якая дазваляе крычаць: яна ўваходзіць і разрывае ўсё вакол”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.