ГРОДНА
Чацвер,
13 чэрвеня
2024 года
 

Скажы “НЕ” індуісцкаму фестывалю – святу фарбаў Холі

З жыцця Касцёла

Пад канец жніўня ў Гродне запланаваны Фестываль фарбаў. Яго арганізатары ўпэўніваюць, што гэта будзе сапраўднае свята, поўнае радасці, колераў, танцаў і спеваў. Аднак, ніадзін з плакатаў, што інфармуюць аб гэтай падзеі, не ўпамінае пра тое, што гэтая, здавалася б, прыемная забава выводзіцца з індуісцкай традыцыі.
Фестываль фарбаў Холі становіцца ўсё больш папулярным у многіх краінах, у тым ліку і каталіцкіх. У Беларусі каляровае шаленства таксама набірае абароты, пра што сведчыць нават той факт, што апошні фестываль, які прайшоў у Мінску, сабраў 30 000 удзельнікаў.
    Гэтае “свята” выводзіцца з розных індыйскіх міфаў, у залежнасці ад вызнаваемай традыцыі індуізму (Шываізм, Вайшнавізм) і рэгіёна Індыі (паўночныя, усходнія ці паўднёвыя штаты). Само слова “холі” азначае спаленне. Яго значэнне растлумачваюць шматлікія легенды. Найбольш вядомая з іх расказвае гісторыю бязлітаснага караля дэманаў – Хіраньякашыпу, які хацеў, каб усе ў яго каралеўстве маліліся толькі да яго. Аднак яго расчараваў уласны сын – Прахлада, які горача маліўся богу Нараяна (Вішну). Бацька не мог справіцца з сынам, таму вырашыў пакараць яго смерцю. Ён загадаў сваёй сястры Холіцы, каб яна атуліла пляменніка сваім целам і разам з ім увайшла ў палаючы агонь. Холіка валодала дарам, дзякуючы якому яна магла прайсці праз агонь без пашкоджанняў. Але яна не ўсведамляла, што яе дар дзейнічае толькі тады, калі яна праходзіць праз агонь адна. У выніку Холіка згарэла ў агні, а Прахлада цудоўным чынам ацалеў, быў вернуты да жыцця.
У Індыі падчас Холі амаль усе маюць выхадныя дні, таму яны патанаюць у каляровым натоўпе, аддаючыся нічым не абмежаванай забаве, не грэбуюць алкаголем і дазволеным у гэты час малочным напоем з дадаткам марыхуаны, гашышу і прыпраў. На дзіва, гэтыя небяспечныя напоі прадаюцца ці раздаюцца на вуліцах. Некаторыя не адчуваюць у гэтым меры, дадаткова адурманьваюць сябе алкаголем і становяцца больш агрэсіўнымі, небяспечнымі. Неаддзельным элементам святкавання з’яўляецца эйфарычнае абсыпанне каляровымі парашкамі. Аднак, варта адзначыць, што падчас Холі ў Індыі кожны год павялічваецца колькасць ахвяр каляровага пылу. У большасці выпадкаў гэта астма, алергія, захворванні скуры і нават страта зроку. Натуральныя фарбавальнікі нават у Індыі ўжываюцца пры гэтай забаве рэдка – часцей за ўсё ўжываюцца розныя хімічныя сумесі. Але нават пры ўжыванні гіпаалергенных фарбаў, вочы застаюцца неабароненымі, што вельмі небяспечна.
   
    Як выглядае Фестываль фарбаў у еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Беларусі?
    Кульмінацыяй забавы з’яўляецца адначасовае выкідванне ў паветра фарбаў Холі. У гэты момант над некалькітысячным натоўпам утвараецца каляровая хмара, якая праз хвіліну ападае, расфарбоўваючы ўдзельнікаў з ног да галавы. Са сцэны пачынае даносіцца вясёлая музыка, і ўсе кідаюцца ў вір забавы. Над святам лятаюць дроны, аснашчаныя камерамі, удзельнікі трымаюць міні-камеры на кансолях, фатографы і аператары разрываюцца на часткі, каб атрымаць найлепшыя кадры. Можа здавацца, што гэта каляровая захапляючая гульня. Але давайце задумаемся, ці можа чалавек, які гаворыць пра сябе, што ён веруючы хрысціянін, які практыкуе веру ў Бога Адзінага ў Тройцы, прымаць удзел у такога роду забавах? Абсыпанне каляровымі парашкамі з’яўляецца рэлігійным абрадавым элементам індуізму. Неяк складана сабе ўявіць, каб індуіст пайшоў, напрыклад, сыпаць кветкі на Божае Цела. Затое атрымліваецца так, што хрысціяне актыўна практыкуюць абрады іншай рэлігіі. З аднаго боку Фестываль фарбаў выглядае эфектна ў вялікім тлуме і выклікае шмат смеху і радасці, але гэтая нявінная забава ніяк не сумяшчаецца з верай у Езуса Хрыста: “Не май іншых багоў, апроч Мяне”. А таму бяздумны адыход ад аб’яўленай ісціны з’яўляецца нявернасцю і нават, калі хтосьці ўвойдзе ў гэта глыбей, ідалапаклонствам. І хоць няма граху без яго ўсведамлення, калі хтосьці паінфармаваны, у выпадку нявернасці нараджаецца грэх. А таму варта памятаць, што ў Фестывалі фарбаў знаходзіцца спасылка на кагосьці іншага, чым у Езусавай малітве. Трэба таксама перадаваць інфармацыю пра карані і натхненне гэтага фестывалю, якія абсалютна супярэчаць вызнаваемай намі хрысціянскай веры. Не можна шанаваць Езуса і адначасова кланяцца чужым бажкам!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  202

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.