ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка
2024 года
 

Беняконі

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Вёска вядома з XVІІ ст., калі яна належала роду Чаплінскіх. Касцёл пад тытулам св. Яна Хрысціцеля быў заснаваны тут па фундацыі тагачаснага ўладальніка вёскі графа Яна Сымонавіча Чаплінскага ад 16 жніўня 1634 г. і пабудаваны з дрэва. Адначасова з касцёлам граф перадаў касцёлу фальварак Хадкішкі і в. Перагані для ўтрымання там шпіталя на 16 чалавек, а ў 1638 г. зафундаваў яшчэ і парафіяльны шпіталь.
    У 1737 г. быў скончаны касцёл, які будаваў тагачасны плябан кс. Леон Мінкоўскі, а пасля яго смерці – кс. Ян Кант-Шабікоўскі. Прэзбітэрый касцёла быў мураваны, з дзвюма сакрыстыямі, а малітоўная зала – драўляная. Скатны гонтавы дах пасярэдзіне ўвенчвала вялікая вежа-сігнатура. Пры гэтым касцёл узгадваецца пад тытулам св. Юрыя.
    Інтэр’ер касцёла ўпрыгожвалі 4 алтары. Галоўны алтар быў створаны па фундацыі Яна Шрэтара, кашталяна інфляндскага, у 1765 г. і кансэкраваны 13 сакавіка 1687 г. Уладзіславам Сільніцкім, біскупам-суфраганам віленскім. У цэнтры алтара быў змешчаны тытульны абраз св. Яна Хрысціцеля, а ў другім ярусе – абраз “Укрыжаванне”. Левы бакавы алтар, устаноўлены ў 1742 г., быў прысвечаны св. Лаўрэнцію, правы ж, датаваны 1762 г., – Маці Божай Троцкай, абраз якой быў каранаваны. Чацвёрты алтар меў абраз святога Шкаплера. У арцы прэзбітэрыя быў выкарыстаны характэрны рэнесансны прыём – гарызантальная бэлька-зацяжка з Укрыжаваннем пасярэдзіне, таму магчыма, што мураваны прэзбітэрый – гэта і быў першапачатковы касцёл. Апошні драўляны касцёл быў вытрыманы ў традыцыях народнага дойлідства з рысамі барока. Трохнававая святыня мела прамавугольны выцягнуты план, галоўны фасад быў вырашаны як шасцікалонны порцік пад крывалінейным барокавым франтонам, завершаны глухой чацверыковай вежай пад чатырохсхільным дахам з карункавым крыжам.
Да 1808 г. да беняконскай парафіі належала капліца ў Канвелішках, пакуль там не ўтварылася самастойная парафія. У ХІХ ст. як прыпісная ўзгадваецца і філія ў Бутрыманцах (сёння парафія ў Літве), а колькасць парафіян складала амаль 5000 вернікаў.
    На пачатку ХХ ст. у Беняконях вырашылі пабудаваць новы, ужо каменны, велічны касцёл. Святыню пачалі ўзво-дзіць у 1900 г. на гістарычным месцы па ініцыятыве і дзякуючы намаганням ксяндза пробашча Тадэвуша Загорскага, аб чым напісана на мемарыяльнай дошцы ў касцёле. Будаўніцтва скончылася ў 1902 г. Аб гэтым сведчыць пліта з датай МСМІІ, усталяваная на апсідзе храма. Святыня ўяўляе сабою дзвюхвежавую трохнававую базіліку з трансептам у эклектычным стылі з рысамі неабарока і неакласіцызму. Апсіда паўкруглая, фланкаваная дзвюма сакрыстыямі, якія злучаюцца аб’ёмам, што агінае па перыметры паўкруг апсіды. Галоўны фасад, завершаны трохвугольным франтонам, фланкаваны трох’яруснымі магутнымі чацверыковымі вежамі-званіцамі пад фігурнымі неабарокавымі купаламі са спічакамі. Цэнтральная нава і трансепт накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі бляшанымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах і конусападобнай формай над алтаром.
    Навы касцёла перакрыты крыжастымі скляпеннямі на падпружных арках. Выкарыстаны цікавы прыём асвятлення верхняга яруса галоўнага алтара шэрагам круглых вокнаў-люнетаў у конхавым скляпенні. Інтэр’ер упрыгожваюць тры двух’ярусныя алтары: галоўны прысвечаны патрону касцёла св. Яну Хрысціцелю, левы – Божай міласэрнасці (у другім ярусе знаходзіцца абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса), правы – Маці Божай Шкаплернай.
 Галоўны алтар   У 1925 г. Беняконі сталі цэнтрам аднайменнага дэканата Віленскай архідыяцэзіі. Да Другой сусветнай вайны Беняконскі дэканат складаўся з 11 парафій: Беняконі, Воранава, Осава, Германішкі і Канвелішкі, якія сёння знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а таксама Бутрыманцы, Салечнікі (Шальчынікай) Вялікія, Салечнікі Малыя, Падбор’е і Дзевянішкі (цяпер тэрыторыя Літвы), а таксама парафія Геранёны (сёння Іўеўскі дэканат). Колькасць вернікаў у беняконскай парафіі перавышала ў той час 6500 чалавек.
    На парафіяльных могілках у Беняконях пахавана Марыя Путкамер (+1856) з Верашчакаў, каханая Адама Міцкевіча.
    Ліхалецце бязбожных дзесяцігоддзяў савецкай улады не абмінула і Беняконі. 8 чэрвеня 1951 г. ксёндз дзекан Дамінік Гайліюш быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў катаргі, памёр у Іркуцку ў 1953 г. і там пахаваны, у Беняконях зроблена сімвалічнае надмагілле. На працягу наступнага дзесяцігоддзя да мясцовых вернікаў прыязджаў кс. Апалінарый Зубелевіч з Канвелішкаў, былы вікарый бняконскай парафіі. Але ў 1961 г. улады ўсё ж зачынілі касцёл у Беняконях, зрабіўшы ў будынку святыні сховішча паліва. Нягледзячы на гэта, касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры. У будынку плябаніі была змешчана школа-інтэрнат, а пасля псіхіятрычная бальніца.
    Потым было доўгае змаганне за вяртанне святыні, і нарэшце 10 снежня 1988 г. вернікі атрымалі ключы ад касцёла. Адразу распачалася рэстаўрацыя храма. 21 снежня 1988 г. адбылося першае набажэнства. У 1989–1994 гг. беняконскай парафіяй апекаваліся ксяндзы палаціны.
    Дзейнічае касцёл св. Яна Хрысціцеля і сёння, у будынку плябаніі зноў жыве пробашч адроджанай парафіі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  81

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.