Осава

 |  Паводле архіва Гродзенскай дыяцэзіі  |  Парафіі і святыні
Дэканат Радунь
Касцёл у гонар св. Юрыя быў заснаваны тут у 1666 г. па фундацыі Казіміра Францкевіча, тагачаснага ўладальніка Осава, і ягонай жонкі Аляксандры. Новы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1732 г. на сродкі князя Юрыя Радзівіла.
    Спачатку, верагодна, касцёл быў дзвюхвежавы, але ў ХІХ ст. вежы разабралі. Напрыканцы стагоддзя касцёл уяўляў сабою прамавугольную ў плане святыню з пяціграннай апсідай, накрытую двухсхільным гонтавым дахам з вальмамі над прэзбітэрыем. Галоўны фасад завяршаў трохвугольны франтон пад вялікім карункавым крыжам, у нішы франтона была ўсталявана фігура св. Юрыя. Справа ад касцёла асобна стаяла двух’ярусная (меншы чацвярык на большым), таксама драўляная званіца пад чатырохсхільным дахам. Комплекс быў абнесены высокай бутавай агароджай з аднапралётнай уваходнай брамай, цаглянай і атынкаванай.
    З другой паловы XVIII ст. да Осаўскай парафіі адносілася капліца ў сядзібе Пагародна. Таксама калісьці дзейнічала і капліца ў в. Вайдакі.
Парафія разрасталася і ў пачатку ХХ ст. стары касцёл ужо не мог змясціць усіх парафіян. Таму, атрымаўшы дазвол на новую святыню, вернікі пад кіраўніцтвам свайго пробашча кс. Віктара Качаньскага пачалі будаваць новы, ужо каменны касцёл у неагатычным стылі. У 1910 г. будаўніцтва было скончана і касцёл асвяцілі пад гістарычным тытулам св. Юрыя. Святыня пабудавана з жоўтай цэглы, трохнававая, аднавежавая, з пяціграннай апсідай і трансептам. Над галоўным фасадам узведзена васьмігранная шатровая вежа-званіца, над алтаром – стромкая сігнатурка. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе перспектыўнага неагатычнага партала.
Галоўны алтар    Асабліва цікавы інтэр’ер святыні. Уся ўнутраная прастора, падзеленая на навы дзвюма апорамі і перакрытая крыжастымі скляпеннямі, размалявана дэкаратыўна-раслінным арнаментам у стылі мадэрн. Арыгінальна вырашана і асвятленне касцёла: гэтую ролю выконваюць не традыцыйныя жырандолі, а сучасныя кропкавыя свяцільнікі, што надае малітоўнай зале асаблівы ўтульны настрой. Акрамя таго, інтэр’ер касцёла ўпрыгожваюць сем алтароў: галоўны – Маці Божай Чанстахоўскай, бакавы ў левай капліцы (крыле трансепта) – св. Антонія, у правай – св. Юрыя, і яшчэ чатыры алтары ўсталяваны пры кожнай апоры – (па гадзіннікавай стрэлцы ад увахода) св. Ізідара, Маці Божай Шкаплернай, св. Юзафа і св. Роха. Прэзбітэрый перакрыты складанай сістэмай скляпенняў, раскрыты ў малітоўную залу велічнай спічастай аркай. Галоўны алтар, як і іншыя алтары святыні, зроблены з дрэва ў неагатычным стылі на пачатку ХХ ст., завершаны стромкімі пінаклямі. У алтары змешчаны абраз Маці Божай Чанстахоўскай, адзначаны вотамі. Паміж набажэнствамі яго засланяе абраз Маці Божай Анёльскай. Над нартэксам зроблены арганныя хоры, раскрытыя ў малітоўную залу невялікай стрэльчатай аркай.
    Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай, уваход пазначаны невялікай аднапралётнай атынкаванай брамай. “За польскім часам” колькасць вернікаў Осаўскай парафіі павялічылася да больш чым 4300 чалавек. Пагародненская капліца атрымала статус філіяльнага касцёла.
    Дзейнічае касцёл св. Юрыя і сёння. Статус помніка архітэктуры святыні надалі адносна нядаўна. Ніжэй за касцёлам захаваўся мураваны будынак былой плябаніі, дзе ў савецкія часы была зроблена крама. Побач сёння пабудавана ўжо новая драўляная плябанія. У 1994 г. касцёл быў урачыста кансэкраваны гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top