ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Урачыстасці Маці Божай Тракельскай

З жыцця Касцёла

Галоўную адпуставую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка

З Марыяй у дарозе навяртання
У дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Тракельскай, Каралевы сем’яў, адбыліся адпуставыя ўрачыс-тасці. З розных бакоў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з-за мяжы ў санктуарый прыбылі пілігрымы. Усіх іх злучыла супольная малітва. Як адна сям’я, на каленях яны крочылі да Маці Божай і з вялікім даверам прасілі Яе, каб атуліла сваім мацярынскім плашчом.
Ужо традыцыйна ўсіх пілігрымаў яшчэ па дарозе ў Тракелі вітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які блаславіў і дзякаваў за прыгожае сведчанне веры. У саміх Тракелях перад уваходам у санктуарый пілігрымаў сустракаў кусташ гэтага святога месца кс. Аляксандр Рудзевіч.
    Найбольшай па колькасці ўдзельнікаў стала пешая пілігрымка з Гродна, якая прыйшла ў Тракелі ўжо ў 17-ты раз і налічвала больш за 370 чалавек. Таксама прыбылі пілігрымкі з Ашмянаў, Іўя, Навагрудка, Ваўкавыска і іншых мясцін.

    “Ратунак для душы – Божая любоў”
    Урачыстасці ў санктуарыі Маці Божай у Тракелях пачаліся 10 ліпеня марыйным зваротам. Усіх, хто прыбыў у пешых пілігрымках (у цэлым каля 2 тысяч чалавек), у арганізаваных групах і прыватнымі транспартнымі сродкамі, прывітаў кс. бп Аляксандр Кашкевіч.
    “Вітаю ўсіх вас у доме Маці! Яна цешыцца сёння з вашай такой шматлікай прысутнасці, і Яна сёння прагне ўсім вам дапамагаць”, – сказаў гродзенскі ардынарый.
    У межах сёлетніх урачыс-тасцей у санктуарыі ў Тракелях прысутныя выслухалі канферэнцыю “Навяртанне ў кантэксце Фацімскага адкрыцця”, з якой выступіў кс. Андрэй Роўба, дэкан лідскі і пробашч парафіі ў Вавёрцы.
    У кантэксце Года навяртання, які перажывае Касцёл у Беларусі, святар нагадаў сабраным вакол палявога алтара пра тое, што кожны чалавек з’яўляецца грэшным і слабым, што кожны мае патрэбу ў Богу. “Ратунак для душы – Божая любоў, адкрыццё на Божую ласку і міласэрнасць, на ўсё, што Бог чыніць для збаўлення чалавецтва”, – дадаў святар.
    Затым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, якую праводзіла моладзь з парафіі Ліда-Фара. Падчас адарацыі прысутныя дзякавалі Богу за дар лю-дзей, пакліканых да служэння ў Касцёле, за хрысціянскія сем’і, якія выхоўваюць у веры наступныя пакаленні.
   
    Імша ў Тракелях апоўначы: “Няхай цнота пакоры і згоды на волю Божую бачна прамянеюць у нашай штодзённасці”
    Святую Імшу апоўначы ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец i шматлікія святары.
    У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі сказаў: “У гэтым годзе мы прыйшлі сюды, у Тракелі, каб прасіць Найсвяцейшую Панну Марыю быць нам апорай на дарозе нашага навяртання да Бога”. “Мы хочам быць паспяховымі, каб намі захапляліся, каб толькі на нас звярталі ўвагу. Мы вельмі моцна клапоцімся пра тое, каб іншыя не раскрылі нашыя слабасці і абмежаванні, – сказаў іерарх. – Цнота пакоры патрабуе ад нас разумення, што змяняць людзей, усё чалавецтва, трэба пачынаць не ад іншых, а ад саміх сябе. Пакора таксама патрабуе ад нас умення прымаць не толькі тое, што нам прыемнае і даспадобы, але і ўсе цярпенні, цяжкасці, штодзённы ўласны крыж, бо яны дадзены для нашага дабра, для нашага збаўлення, для нашага перамянення”.
   
    Прэзентацыя ордэнаў і манаскіх кангрэгацый у Гродзенскай дыяцэзіі
    У межах адпуставых урачыстасцей 11 ліпеня ў санктуарыі адбылася прэзентацыя манаскіх супольнасцей.
    Кажучы аб сваім шляху паклікання, кансэкраваныя асобы прыгадалі ўдзельнікам урачыстасцей у Тракелях, што чалавек ідзе за Хрыстом, бо Ён паглядзеў на яго з любоўю. Кажучы пра сваё штодзённае служэнне Касцёлу, кансэкраваныя асобы заахвоцілі маладых людзей таксама мець адвагу, рашыцца на гэты крок – пайсці за Езусам. Яны адзначылі, што шлях, на які кліча Хрыстос, прыгожы, бо гэта адмова ад катэгорыі “мець” на карысць катэгорыі “быць”. Праз прэзентацыю кансэкраваныя асобы заахвоцілі да малітвы аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле.
   
    Новапасвечаныя святары падзякавалі за дар святарства
    Падчас ранішняй св. Імшы новапрэзбітэры, якія ў апошнім годзе прынялі сакрамант святарства, дзякавалі Богу за дар паклікання. Таксама за 25 гадоў святарскага служэння дзякаваў кс. Ян Гавецкі, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
    Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. “Кожны святар вядзе ў імя Бога дыялог з чалавекам”, – падкрэсліў біскуп. Іерарх пажадаў маладым святарам, якія толькі ўваходзяць у святарства, быць дарогай, праз якую іншыя людзі змогуць прыйсці да Хрыста.
   
На ўрачыстасці ў санктуарый Маці Божай у Тракелях штогод прыбываюць тысячы вернікаў    Вернікі атрымалі хатняе заданне – маліцца за сям’ю
    Сёлетнія ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай, Каралевы сем’яў, у Тракелях завяршыліся 11 ліпеня. Яны праходзілі пад дэвізам “З Марыяй у дарозе навяртання”. Гэтыя словы прыгадвалі вернікам, што Касцёл у Беларусі перажывае Год навяртання і што навяртання патрабуе кожны чалавек: і малады, і сталы.
    Галоўную адпуставую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка. У сваёй гаміліі іерарх адзначыў, што дзеля Маці Божай вернікі “адважыліся ісці ў пілігрымку, пераадольваючы стому, спякоту, адлегласць у дзясяткі і сотні кіламетраў”.
    Нагадваючы, што сёлета ў межах падрыхтоўкі да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў Касцёл у Беларусі прапануе да разважання тэму “Марыя – прытулак грэшнікаў”, біскуп падкрэсліў: “Марыя туліць да сябе тых, хто шукае паяднання з Богам і пакідае грэшны шлях свайго жыцця, робячы пастанову весці цнатлівае жыццё ад моманту спаткання з Ёю”.
    “Памятай пра Маці – прытулак грэшнікаў, калі цябе будзе ахопліваць сумненне па прычыне цяжкіх грахоў, калі шатан будзе спрабаваць уцягнуць цябе ў маладушнасць”, – з гэтымі словамі біскуп звярнуўся да кожнага з вернікаў.
    Іерарх пажадаў вернікам, каб і гэтая пілігрымка ў летнюю спякоту, “пілігрымка, спалучаная з адрачэннем”, стала “сведчаннем любові да Божай Маці – прытулку грэшнікаў” і была “прыгожым і трывалым штрыхом у выкананні жыццёвай фігуры святасці”.
    Напрыканцы св. Імшы, якая была сапраўдным святам католікаў Гродзеншчыны і ўсёй краіны, біскуп Аляксандр Кашкевіч яшчэ раз заахвоціў да асаблівай малітвы за сем’і Беларусі. Усім прысутным вернікам біскуп пакінуў хатняе заданне – маліцца за сем’і: загубленыя, якія перажываюць крызіс, члены якіх закрануты рознымі залежнасцямі, якія знаходзяцца ў небяспецы распаду. Таксама да заданняў, даручаных вернікам, іерарх дадаў малітву за моладзь, якая рыхтуецца да заснавання сям’і, каб у будаванні будучага шчасця яна брала прыклад са Святой Сям’і з Назарэта – узору для кожнай хрысціянскай сям’і.
    Чарговыя ўрачыстасці ў Тракелях завяршыліся, вернікі развіталіся з Божай Маці і вярнуліся да сваіх сем’яў, у свае дамы, каб ствараць будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях разам з Богам, бо толькі тады, калі чалавек будзе жыць у гармоніі з Ім, будзе моцным фундамент нашага грамадства і кожнай сям’і.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.