ГРОДНА
Чацвер,
03 кастрычніка
2024 года
 

Навучыцца адказваць за сябе

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Рада вітаць усіх чытачоў рубрыкі “На скрыжаванні”! Сёння мы з Вамі паразважаем пра цяжар адказнасці, пра тое, як трэба працаваць, каб павысіць яе ўзровень, а таксама пра неабходнасць своечасовай “рэвізіі” ў галаве.
    Што ж, наперад з Богам!
   
    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Так кожны з нас адкажа за сябе перад Богам” (Рым 14, 12)
   Кожны робіць свой выбар у жыцці і павінен сам адказваць за яго наступствы. Як правіла, гэта даводзіцца рабіць тройчы: перад сабой, людзьмі і Богам. На аснове таго, наколькі адказна чалавек ставіўся да свайго жыцця, будзе вырашана пытанне аб яго вечным існаванні.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб палітычная адказнасць на ўсіх узроўнях практыкавалася як узвышаная форма міласэрнасці
   Сёння цяжка ўявіць побач паняцці палітыкі і міласэрнасці. Першае звязана з дзейнасцю на вышэйшых узроўнях, з уладай пэўных асоб. Другое ўвасабляе справядлівасць, бескарыслівасць, добраахвотнасць. Але менавіта для аб’яднання людзей нашы продкі стварылі палітычную сістэму. Молімся, каб кіраўнікі будавалі свае стратэгіі, зыходзячы з высокіх памкненняў і ідэалаў.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
   адказнасць
   Адказнасць – гэта пропуск у дарослае жыццё, білет на вялікія справы і магчымасці. Калі чалавек здольны браць на сябе адказнасць за свае словы і ўчынкі, то ён мае высокую самапавагу і лепшыя жыццёвыя перспектывы. Такому чалавеку давяраюць, на яго спадзяюцца.
    Але адказнасць – гэта адначасова цяжар. Каб яго несці, патрэбны сілы, гатоўнасць і ўменне. Паразважаем, наколькі ў кожнага з нас развіта адказнасць і як трэба працаваць, каб павысіць яе ўзровень.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
   навучыцца адказваць за сябе
   Часта людзі спрабуюць думаць за іншых – пляткараць, “малююць” чужыя карціны жыцця, але не могуць элементарна адказаць за сябе: навошта робяць нейкія рэчы, чаму паступаюць так, а не інакш.
    Непрыгожа, калі некаторыя імкнуцца “скінуць” цяжар сваёй адказнасці на іншых. Гэта выглядае так, нібы “мяне папрасілі”, “гэтак вучылі” або “не навучылі”. Але, як заўважыў вядомы філосаф і пісьменнік Оскар Уайльд, ніхто не можа перакласці сваю адказнасць на іншых: рана ці позна яна вяртаецца да таго, хто абавязаны яе несці.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
   адказаць сабе на пытанні, што выплываюць знутры
   Часам кожнаму з нас даводзілася шукаць адказы на пытанні кшталту “Што я тут раблю?”, “Навошта я так паступіў?”, “Дзе маё месца ў свеце?”. Калі запыт не задавальняецца, чалавек ходзіць пануры альбо раўнадушны да ўсяго таго, што адбываецца. Таму варта своечасова праводзіць у сваёй галаве гэтак званую “рэвізію”. Гэта надае ўпэўненасці і дапамагае прагназаваць наступствы новых сітуацый.

  ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
  “Зазірні ў сябе”, Яткоўскі Вадзім
   Ты зазірні ў сябе, паглядзі ў свой свет, скрозь эфір, праносіцца час твайго жыцця...” – двойчы паўтарае ў прыпеве выканаўца. Ён заклікае слухачоў задумацца над сэнсам свайго існавання: “У чым жывуць твае ідэі, як праводзіш ты тыдні?”. А напрыканцы – упэўненае “Хутчэй зрабі крок да новага жыцця!”.

 КНІГА МЕСЯЦА:

   “Абранне жыццёвага шляху”, а. Альберта Хуртада Кручага
   Гэтая кніга для тых, хто любіць Бога, натхняецца Хрыстом, для тых, хто шчыра любіць блізкіх і поўны рашучасці зрабіць іх жыццё больш карысным, радасным, як і сваё ўласнае. Аўтар кнігі – святы езуіт, адзін з самых значных дзеячаў каталіцкага Касцёла ў Чылі айцец Альберта Хуртада Кручага.
 
АСОБА МЕСЯЦА:

   святая Вераніка Джуліяні
   Нарадзілася Вераніка ў Меркатэла-суль-Метаура ў Італіі 27 снежня 1660 года. Паходзіць з беднай сям’і. Была малодшай з сямі дачок. Ва ўзросце 17 гадоў паступіла ў манастыр сясцёр капуцынак святой Клары ў горадзе Чыта-ды-Кастэла. Прайшла ўсе ступені манастырскай іерархіі ад кухаркі і выхавацельніцы паслушніц да ігуменні. Чулліва апекавалася хворымі і старэйшымі сёстрамі.
    Бог узнагародзіў яе дарам экстаза і звышнатуральных бачанняў. У 1697 годзе ў Вялікую пятніцу сястра Вераніка атрымала стыгматы. На працягу доўгіх гадоў ахвяравала свае цярпенні ў інтэнцыі навяртання грэшнікаў. Памерла 9 ліпеня 1727 года. Беатыфікавана папам Піем VII у 1802 годзе, кананізавана папам Рыгорам XVI у 1839 годзе.
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў ліпені? Св. Тамаш (3 ліпеня),
    св. Ізабэла (4 ліпеня),
    св. Тэрэза (6 ліпеня),
    св. Вераніка (9 ліпеня),
    св. Вольга (11 ліпеня),
    св. Андрэй (13 ліпеня),
    св. Часлаў (20 ліпеня),
    св. Віктар (21 ліпеня),
    св. Наталля (27 ліпеня),
    св. Пётр (30 ліпеня).
   
    Усе заўвагі, пажаданні і конкурсныя лісты дасылаць на паштовую скрыню рэдакцыі або на электронны адрас аўтара рубрыкі
    Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  90

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.