ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Богу варта аддаваць усё

На службе Богу

сястра АгнешкаСёння сваю гісторыю апавядае сястра Агнешка з Кангрэгацыі Школьных Сясцёр Нотр-Дам.
Любімая бабуля была “трэцяй з бацькоў”
    Сястра Агнешка нарадзілася ў Лідзе. Тата працаваў вадзіцелем, мама – медсястрой. Сям’я вызнавала каталіцкую веру. У бацькоў былі сын і дачка. Яны баяліся хрысціць іх у сваёй парафіі (належалі тады да лідскай Фары), таму дзяўчына была ахрышчана ў Літве ў Дзевянішках ва ўспамін Маці Божай Дапаможніцы Вернікаў 24 мая. Атрымала імя Марыя.
    “Бацькі былі абсалютна рэлігійна абыякавымі, таму веру мне перадала мая любімая бабуля. Яна была для мяне, як я заўсёды казала, «трэцяй з бацькоў»”, – успамінае сястра Агнешка.
    Сын нарадзіўся яшчэ ў дастаткова складаны для веры час, таму бацька не дазволіў, каб бабуля вучыла яго малітвам. Аднак ужо не супярэчыў, калі пачала вучыць дачку. Бабуля старалася ўжо з самага маленства браць дзяўчынку з сабой у касцёл у нядзелю. Хутка яна ўжо ведала асноўныя малітвы.

    Хадзіла ў касцёл з любові да бабулі
    Калі дзяўчынка падрастала, яе ахвота да веры згасала, паколькі яна не бачыла прыкладу бацькоў. Яна цікавілася рознымі гурткамі, спортам, музыкай. Яна ўсімі магчымымі спосабамі спрабавала “адкруціцца” ад касцёла і далейшага вывучэння малітваў. “Але з перспектывы часу я бачу, што Бог мае сваю непаўторную дарогу да сэрца кожнага чалавека, што Ён нястомна выходзіць насустрач кожнаму з нас. А таму і да майго сэрца Ён таксама дабіраецца незвычайным, але адначасова такім простым спосабам”. Дзяўчыну ўжо не цікавіла вера бабулі: яна “верыла” толькі з-за таго, што бабулі будзе крыўдна, калі ўнучка не будзе хадзіць у касцёл. Выключна з любові да бабулі дзяўчына ішла ў нядзелю на св. Імшу – часам нават толькі на некалькі хвілін, – каб пазней расказаць, што там было, каб даказаць, што хадзіла ў касцёл. Другой прычынай было тое, што сям’я атрымала новую кватэру ў доме, які стаяў фактычна “на падворку” касцёла на Слабадзе.
    “І такім чынам Пан Бог нібы сам наблізіўся да мяне і маёй сям’і”.
   
    Божы дотык
    З дапамогай бабулі дзяўчына ў 11 гадоў прыступіла да Першай св. Камуніі.
    “Я памятаю, што вельмі хацела прыняць Пана Езуса, бо адчувала нешта незвычайнае ўнутры (я нават не магу гэтага апісаць). Таксама цешылася, што мая бабуля была вельмі шчаслівай. Мне больш нічога не было патрэбна. Адсутнасць бацькоў я прыняла як штосьці нармальнае”.
    Гэта і быў першы Божы дотык. Наступны адбыўся праз некалькі гадоў, калі зноў пад “прымусам” бабулі дзяўчына пачала хадзіць на ружанцовую малітву ў кастрычніку. Святар прыязджаў у парафію толькі ў нядзелю, таму некалькі бабуль штодзённа збіраліся ў касцёле на малітве. І тады дзяўчына адчула другі дотык.
    “Прымус раптоўна ператварыўся ў маё асабістае жаданне быць з Богам. З таго часу ружанцовая малітва стала чымсьці абавязковым у маім штодзённым жыцці”.
   
    Была на сёмым небе, калі дапамагала сястры
    Праз некаторы час у Ліду прыехалі ксяндзы салезіяне, пазней – сёстры Нотр-Дам. І распачалося вельмі жывое і дастаткова цікавае парафіяльнае жыццё. Тады дзяўчына пачала хадзіць у касцёл штодзённа па асабістай неабходнасці. З моманту прыезду сясцёр яна захаплялася імі, але не ведала, як наладзіць з імі больш блізкі кантакт. Таму малілася, каб сёстры самі першыя выйшлі да яе. Так і адбылося.
    “Калі пасля адной з Імшаў арганістка сястра Юдыта падышла да мяне і папрасіла пераключаць слайды падчас набажэнстваў, я была на сёмым небе”.
    Але пазней, калі дзяўчына падумала пра тое, каб стаць адной з сясцёр, яна адразу “апраўдалася” перад Богам, што любіць сясцёр, але не падыхо-дзіць для манастыра, бо вельмі любіць свабоду і незалежнасць. Яна заўсёды старалася падаўляць гэтую думку, ставячы розныя ўмовы Пану Богу.
   
    Рызыкнула адказаць Пану “так”
    “Але я адчула наступны дотык Пана. Гэта адбылося, калі да нас пачала прыязджаць моладзь з Польшчы з руху «Святло-Жыццё». Калі я ўдзельні-чала ў розных сустрэчах, мая вера нібы перараджалася з традыцыйнай у сапраўдную і глыбокую. Падчас рэкалекцый я зламала свае ўмовы і рызыкнула адказаць Пану «так». Я адчула незвычайны супакой у сэрцы і радасць”.
    Пасля вяртання з рэкалекцый у дзяўчыны ўжо былі падрыхтаваны ўсе дакументы ва ўніверсітэт. Але яна падумала, што калі цяпер згубіць кантакт з сёстрамі, то такое нованароджанае “так” таксама хутка можа згубіць. Таму вырашыла, што пойдзе на год у эканамічны каледж у Лідзе. Калі расказала пра гэта бацькам, яны былі ў шоку.
    “Але нягледзячы на канфлікт, я адчувала сябе вельмі спакойна”.
   
    Укладае ў працу ўсю сябе
    На працягу двух гадоў у душы дзяўчыны наспявала рашэнне, і ўрэшце яна пайшла ў кандыдатуру да сясцёр Нотр-Дам. Цяжка было пакінуць бацькоўскі дом, любімую бабулю. Але аблягчэнне прынеслі словы мамы, што ў кожную хвіліну яна можа вярнуцца дадому. Тата нічога не сказаў, толькі адвярнуўся са слязамі і пайшоў.
    Так пачалося жыццё сястры Агнешкі з Панам у манастыры і працягваецца ўжо 21 год. Сястра вельмі моцна малілася за сваю сям’ю. З дапамогай Божай ласкі бацькі паядналіся з Ім, нягледзячы на столькі гадоў нявер’я. Брат, маючы 45 гадоў, цудоўным чынам упершыню прыступіў да сакрамантаў споведзі і св. Камуніі.
    На працягу доўгага часу сястра Агнешка працавала катэхеткай, пасля – арганісткай.
    “Я люблю сваю працу і стараюся ўкладваць у яе ўсё, што Бог уклаў у мяне. Я кожны дзень бачу, што Ён увесь час шукае шляхі да майго сэрца, каб усё больш рабіць яго падобным на сваё. Богу варта аддаваць усё, хоць часта цяжка і баліць. Але гэта пацвярджае сапраўднасць і плённасць дарогі кожнага з нас, так, як сказала наша за-снавальніца Марыя Тэрэза Герхардзінгер: «Усе Божыя справы здзяйсняюцца павольна і ў болі; але пазней яны яшчэ больш трывалыя і прыносяць яшчэ больш цудоўны плён»”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.