ГРОДНА
Аўторак,
27 лютага
2024 года
 

Радунь. Касцёл Маці Божай Ружанцовай

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Касцёл быў заснаваны тут па мецэнацтве каралевы Боны Сфорцы ў 1556 г. Па іншых звестках – у 1538 г. Пасля ліхалецця сярэдзіны XVII ст., у 1660 г. драўляны касцёл быў адноўлены і асвечаны пад гістарычным тытулам Маці Божай Ружанцовай. Чарговыя драўляныя святыні гарэлі і адбудоўваліся нанова ў 1662 г. (пасля “маскоўскага нашэсця” адноўлены і кансэкраваны б-пам Слупскім), 1752 і 1801 гг.
    Апошні драўляны будынак святыні (фарны) быў узведзены ў 1838 г. намаганнямі ксяндза Маціеўскага на сродкі парафіян. Асновай гэтай святыні стаў былы пакармеліцкі касцёл з Калеснікаў (сёння Літва), які перанеслі ў Радунь. Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа.
    На пачатку ХХ ст. драўляны касцёл (велічная святыня з трансептам, завершаная невялікай васьміграннай вежай над галоўным фасадам) ужо не задавальняў сваіх парафіян, і ў 1933 г. над Радунню ўзнеслася велічная дзвюхвежавая базіліка з цэглы і бутавага каменю ў стылі мадэрн (з рысамі неаготыкі). Пачалі будаваць касцёл у 1929 г. паводле праекта архітэктара Яна Бароўскага, будаўнічымі працамі кіраваў майстар Антоні Бепка.
Касцёл уяўляе сабою дзвюхвежавую трохнававую базіліку з пяціграннай апсідай, арыентаванай алтаром на ўсход і фланкаванай дзвюма сакрыстыямі і трансептам з чатырохграннымі ў плане крыламі. Святыня мае велічныя памеры: у даўжыню яна 58 метраў, у шырыню – 35, вежы ўзносяць крыжы на 48 метраў. Галоўны фасад з акном-ружаю пад трохвугольным франтонам фланкаваны чатырох’яруснымі (верхні ярус васьмерыковы, ніжнія – чацверыковыя) вежамі-званіцамі пад купаламі з глаўкамі. Нартэкс вынесены перад касцёлам у самастойны нізкі аб’ём з неагатычным глыбокім парталам галоўнага ўвахода. Травея сяродкрыжжа пашырана і таксама вылучана ў кампазіцыі ў асобны аб’ём, завершаны на кожным фасадзе ступеньчатымі атынкаванымі франтонамі. Цэнтральная нава ўмацавана ступеньчатымі контрфорсамі.
    Інтэр’ер перакрыты дашчаным атынкаваным скляпеннем, спічастым у сячэнні. Сяродкрыжжа перакрыта каробчатым скляпеннем на перасечаных велічных спічастых арках. Бакавыя навы маюць эмпоры. Усё размалявана расліннай арнаментыкай у стылі мадэрн. На сценах сяродкрыжжа намаляваны сцэны “Апошняя Вячэра” (на левай сцяне) і “Унясенне ў пячору” (на правай). У базіліцы пяць алтароў у стылі барока, якія захаваліся ад старога касцёла, і яшчэ адзін, “пахавальны”, з абразом св. Францішка з Асізі, знахо-дзіцца пад правай вежай. Галоўны алтар аднаярусны, вырашаны ў выглядзе трыфорыума, завершанага фігурамі Пана Езуса і анёлаў. У цэнтры змешчаны абраз сярэдзіны XVIІІ ст. (верагодна, сюды ён трапіў з кармеліцкага кляштара ў Калесніках) – Маці Божая перадае шкаплер генералу кармелітаў Сымону Стоку. Па баках усталяваны абразы св. Марыі Магдалены (злева) і св. Тэрэзы ад Крыжа (справа). Два драўляныя двух’ярусныя алтары стаяць пры вуглах травеі сяродкрыжжа: злева – алтар св. Антонія з абразом “Зняцце з Крыжа” наверсе (на менсе алтара ўсталяваны невялікі абраз Езуса са шматлікімі вотамі), справа – св. Юрыя з абразом Пана Езуса ў цярновай кароне ў другім ярусе. Яшчэ два двух’ярусныя алтары – св. Юзафа (злева) і Маці Божай Ружанцовай (справа), дзе Багародзіца перадае ружанец св. Дамініку, а Яе фігура абведзена вянком з кветкавых бутонаў, у сярэдзіне якіх намаляваны сюжэты ўсіх пятнаццаці ружанцовых таямніц (у другім ярусе алтара знаходзіцца абраз святых апосталаў Мацвея і Фамы) – усталяваны ў капліцах, зробленых у крылах трансепта. Над нартэксам знаходзяцца арганныя хоры, раскрытыя ў малітоўную залу велічнай спічастай аркай.
    У ХІХ ст. пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа, а да парафіі прыпісвалася філія ў Дубічах (сёння Літва). Была ў тыя часы і драўляная капліца на парафіяльных могілках, аднак у ХХ ст. як дзеючая яна больш не ўзгадвалася. У 1815 г. была заснавана капліца пры плябаніі, але з часам звесткі аб ёй таксама знікаюць. Перад Другой сусветнай вайной колькасць радунскіх парафіян перавышала 8000 вернікаў. Будынак былога драўлянага касцёла па-ранейшаму стаяў за некалькі сотняў метраў на паўночным усходзе ад новага каменнага, але выкарыстоўваўся толькі як сховішча. Згарэла былая святыня ўжо пры савецкай уладзе, пасля вайны. Затое побач з новым касцёлам захаваўся драўляны будынак былой плябаніі, дзе сёння месціцца бальніца.
    Касцёл Маці Божай Ружанцовай дзейнічаў увесь час, аднак пры савецкай уладзе не быў залічаны да помнікаў архітэктуры. Сёння ж мастацкая каштоўнасць святыні ўжо не выклікае сумненняў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  309

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.