ГРОДНА
Субота,
13 ліпеня
2024 года
 

Крыніца жыцця і святасці

На шляху да святасці

Асабліва ў чэрвені ўсе вернікі накіроўваюць свой позірк на Найсвяцейшае Сэрца Езуса. Яно паказвае самыя розныя вымярэнні любові. Гэта параненае Сэрца, прабітае, напоўненае знявагай і болем, але адначасова – жыццё і ўваскрасенне, збавенне для тых, хто даверыўся яму, і крыніца ўсякага суцяшэння. Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса складаецца з 33 заклікаў для ўвекавечання 33 гадоў жыцця Езуса Хрыста. Іх змест выражае збаўчы план любові Бога да чалавека.
На працягу стагоддзяў многія Папы навучалі, што культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса – гэта не проста адно з многіх набажэнстваў, але – побач з Эўхарыстыяй – вяршыня набожнасці і пераказ усёй хрысціянскай рэлігіі. Каб лепш зразумець сэнс гэтага набажэнства, варта прывесці выказванні аб ім некаторых наступнікаў св. Пятра. Леў XIII бачыў у ім сімвал і жывы вобраз бясконцай любові Езуса да вернікаў і самую правераную форму рэлігійнасці. Пій XI бачыў у гэтай форме пабожнасці суму, змест нашай рэлігіі і норму дасканалага жыцця, таму што набажэнства да Сэрца Езуса лепш за ўсё вядзе да больш дасканалага пазнання Хрыста, да глыбейшага замілавання да Яго і пераймання. †
Святы Айцец Бенедыкт XVI казаў аб тым, што “кожнаму чалавеку неабходны які-небудзь «цэнтр» жыцця, крыніца праўды і дабрыні, адкуль можна чэрпаць у розных сітуацыях, якія змяняюцца, і ў цяжкасцях штодзённасці. Кожнаму з нас, калі мы застаёмся ў цішыні, неабходна адчуваць не толькі біццё ўласнага сэрца, але – яшчэ глыбей унутры самога сябе – пульсацыю сэрца свету, беспамылковай прысутнасці Хрыста, якая адчуваецца пачуццямі веры, але з’яўляецца намнога больш рэальнай”. Сэрца Езуса, укрыжаванага і ўваскрослага, з’яўляецца невычэрпнай крыніцай ласкаў. Яно перапоўнена любоўю Бога Айца, на якога заўсёды можна разлічваць. У набажэнстве да Сэрца Езуса Касцёл з аднаго боку бачыць знак любові Бога да людзей, а з другога – хоча адначасова абудзіць у людскіх сэрцах узаемную любоў да Бога. Асабліва ў наш час, калі вялізную ролю адыгрывае сведчанне аб жывой веры ўсіх членаў Касцёла, як свецкіх, так і духоўных, нам трэба няспынна ўглядацца ў Сэрца Збаўцы. Менавіта яно з’яўляецца сімвалам самай дасканалай любові, бескарыслівай, гатовай да ахвяр і адрачэнняў. Толькі такая сапраўдная любоў робіць чалавека здольным да веры, якая выражаецца ў канкрэтных учынках. Яна таксама вядзе да перамены чалавечага сэрца і фарміравання яго па ўзоры Божага Сэрца.

    “Маё Божае Сэрца так пaлае любоўю да людзей, што не можа даўжэй утрымаць гэтых гарачых промняў, замкнёных у Маім улонні. Яно жадае разліць іх з тваёй дапамогай і ўзбагаціць людзей сваімі Божымі скарбамі”. “У Ім людзі знойдуць усё, што ім будзе неабходна для выратавання сваіх душ з бездані пагібелі”.
    Словы Езуса падчас першага аб’яўлення (27 снежня 1673 г.) Марыі Малгажаце Алякок
У пошуку лякарства ад крызісу веры ў сучасным свеце арцыбіскуп Андрэ Леанар, прымас Бельгіі, заахвоціў вярнуцца ў цэнтр – у Сэрца. Ён піша, што “пунктам, дзе ўсё сканцэнтравана, пунктам, з якога ўсё выплывае, полымем усяго хрысціянскага жыцця і жыцця Касцёла з’яўляецца Сэрца Хрыста. Толькі тады, калі мы зноў паглыбімся ў гэтую крыніцу, мы будзем мець неабходныя сілы, каб, з аднаго боку, супрацьстаяць сучаснаму свету, а з другога – дастасоўвацца да яго”.
    Развіццё культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса дазваляе чалавеку адкрыць сапраўднае аблічча Бога, які яго любіць, і які годны любові. Яно садзейнічае святасці чалавека і яго аб’яднанню з Богам і адначасова дае яму магчымасць адкрыць дар: дзяліцца любоўю з іншымі. Дзякуючы гэтаму мы станем больш уражлівымі на грэх і нібы прыспешанымі ў імя любові змагацца з ім і ўзнагароджваць за тых, хто раніць Божае Сэрца, мы адчуем узаемную адказнасць за кожнага з нас.
    З Божай любові існуе ўвесь Сусвет і чалавечы род. Яна з’яўляецца крыніцай, з якой усё бярэ свой пачатак і ўвесь час чэрпае сілы для жыцця. Мы павінны чэрпаць з гэтай крыніцы бясконцай і дасканалай любові, каб станавіцца лепшымі людзьмі. Мы павінны звяртацца да Божага Сэрца ва ўсіх сваіх патрэбах, давяраць розныя свае справы, прасіць прабачэння за грахі і недасканаласці, а таксама дзякаваць за багацце атрыманых дароў і ласкаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  172

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.