ГРОДНА
Нядзеля,
14 красавіка
2024 года
 

Хто моліцца: Ты ці Бог у Табе?

Слова рэдактара

 Пра малітву напісана даволі шмат тэкстаў, але на самой справе ніадзін з іх не можа да канца апісаць сапраўдную малітву, яе сэнс і досвед адкрыцця Бога нанова. Прапаную яшчэ адну спробу, можа, і няўдалую, задумацца аб малітве ў маім сённяшнім рэдактарскім разважанні.
    Для многіх з нас малітва можа стаць ключом да зусім іншага падыходу да жыцця. У гутарках з людзьмі, якія моляцца вельмі шмат, можна на самой справе заўважыць іншы падыход да жыцця, у адрозненне ад тых, хто забывае аб малітоўных размовах з Богам. Людзі малітвы адчуваюць у сваім жыцці вялікую прысут-насць Бога, які надае сэнс індывідуальнаму вопыту чалавечага жыцця. У цэнтры малітоўнага жыцця чалавека знаходзіцца душа, якая становіцца перспектывай змянення жыцця да лепшага. Прыгожа на гэтую тэму кажа святы Ян Марыя Віянэй: “Дзеці мае, ваша сэрца маленькае, але малітва пашырае яго і робіць здольным любіць Бога. Малітва – гэта прадчуванне нябёсаў, як бы сыходжанне ў райскае шчасце. Яна заўсёды напаўняе нас асалодай, яна з’яўляецца мёдам, які сцякае ў душу і робіць усё салодкім. У моманты шчырай малітвы смутак знікае, як снег пад сонцам”. Езус вучыў Апосталаў маліцца так, каб змяніць сваё жыццё.
Апостал Павел у сваім Пасланні да Эфесцаў прапаноўвае кожнаму з нас маліцца такім чынам, каб “аднавіць мысленне духам”. Дзякуючы такому перамяненню, кожны з нас мае магчымасць убачыць сваё жыццё па-сапраўднаму, мудра і глыбока. Прысутнасць Бога заўсёды дае нам перспектыву на лепшае жыццё.
    У малітве мы, перш за ўсё, павінны дазволіць Богу змяніць нас. Мы заўсёды можам быць лепшымі, а працуючы над сабой, мы сябе асвячаем. Гэта менавіта Бог дапамагае нам даведацца, чаго нам на самой справе не хапае. З ласкі Божай, экран, на якім адлюстроўваецца нашае жыццё, пашыраецца, але гэта патрабуе часу. У малітве размова ідзе не аб тым, каб чалавек змяніў самога Бога, а аб тым, каб ён дазволіў Богу змяніць сваё людское жыццё. Навука малітвы – гэта штодзённая праца, якая заключаецца ў тым, каб нашае сэрца напоўнілася. Часцей за ўсё, калі мы пачынаем маліцца, наш розум запоўнены рознымі паўсядзённымі справамі і абавязкамі, якія перашкаджаюць нам адкрыць сябе для Бога. Розум павінен быць вызвалены на малітве, і толькі тады сэрца будзе напоўнена. Сапраўдная малітва заўсёды будзе пачута. І калі Ты можаш ахвяраваць сваё жыццё Хрысту, значыць Твая малітва ўжо выслухана. “Жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу! Калі ж з’явіцца Хрыстос, жыццё вашае, тады і вы з’явіцеся з Ім у хвале” (Клс 3, 3–4). Ці, можа быць, мы павінны сказаць: “Lex orandi est lex vivendi” – “Закон малітвы – гэта закон жыцця”?
    Такім чынам, наша малітва павінна прыняць такую форму, якая можа змяніць нас знутры. Плады малітвы заўсёды будуць прыкметныя. Падчас малітвы мы знаходзім самога Бога, які прыходзіць да нас, каб змяніць наша жыццё. Можна сказаць, што да кожнага з нас прыходзіць Бог, апрануты ў нашае жыццё. Шчырае жаданне волі Бога на самой справе з’яўляецца сапраўднай воляй Бога. Менавіта на гэтым этапе Бог перамог, а Твая малітва была выслухана.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  262

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.