ГРОДНА
Аўторак,
15 кастрычніка
2024 года
 

Каштоўнасці Маці Божай

Хрысціянскія традыцыі

Вясна ўжо набрыняла сонцам. Майскія дні і вечары былі напоўнены водарам і незлічонымі гукамі. Навокал сярод траў, дрэў і кустоў разносілася гудзенне, шчабятанне і жарты. Сапраўды, прыемна было грэцца і прагульвацца, захапляючыся каляровым светам. Але хто ўважліва не ўслухоўваўся ў веснавыя водгукі і не прыглядаўся да раслін, не ведаў, што паміж імі адбываліся брыдкія спрэчкі. На лузе палявыя ружы, якія выглядалі далікатна і чароўна, пакрыквалі стракатлівымі галасамі на іншыя, менш пышныя кветкі:
    – Рассуньцеся! Ці ж не бачыце, што хтосьці набліжаецца, каб палюбавацца намі?
    – Ага! Якраз! – піскліва закрычалі незабудкі. Гэта мы гераіні мая! Гэта намі захапляюцца!
    – Добра, добра. Кажыце сабе, што хочаце, але і так найважнейшыя на лузе мы, – буркнулі разнастайныя зёлкі, кветкі якіх распаўсюджвалі салодкі мядовы пах.
    Праз хвіліну да сваркі далучыліся буйныя травы і нават пустазелле, якое прыадзелася ў ружовыя чупрыны. Тым часам бачная здалёк постаць стала на лузе. Папраўдзе, цяжка сказаць, што яна менавіта стала. Яна, хутчэй, далікатна перамясцілася над зямлёй, шукаючы штосьці сярод разгарачаных раслін. Урэшце яе позірк упаў на дробненькія белыя кветачкі ледзь бачныя сярод раскошы іншых кветак і траў. Яна пяшчотна дакранулася да іх далонню і, загарнуўшы ў блакітную хусцінку, адплыла ў бок воднага люстра, што блішчала ўдалечыні. Гэта была вялікая зеленавокая сажалка, на якой калыхаліся шыкоўныя лотаці і вадзяныя лілеі. Гэта яны тут усімі кіравалі. Іншыя расліны паслушна выконвалі іх загады, бо проста былі менш прыкметнымі і таму вельмі нясмелымі. Замест таго, каб спаборнічаць з тымі, кім захапляліся мастакі і закаханыя пары, яны ціхенька размаўлялі і раслі. Так, як і маленькія раслінкі ля берага. Яны выцягвалі паміж раскі свае маленькія галоўкі, каб схапіць жыватворны прамень сонца. Толькі яно было для іх важным.
– Яно прыгожае і добрае, – прызвычаіліся яны гаварыць. – Мы жывём толькі дзякуючы яму.
    – Маеце рацыю. Таму Я размяшчу вас бліжэй да яго. – Постаць, якая ўважліва прыслухоўвалася да ўсяго, што адбывалася ў свеце, перанесла маленькія водныя раслінкі ў сваю блакітную хусцінку. Затым аглядзелася навокал і вырушыла ў бок дома з чырвоным дахам. Спынілася за свежа пафарбаваным плотам і агарнула позіркам сад. А там якраз адбываўся паказ мод. На клумбах праходжваліся браткі, дэманструючы свае незвычайныя касцюмы. Ніякія іншыя кветкі не маглі пахваліцца такімі разнастайнымі адценнямі, колерамі і якасцю элегантных матэрыялаў. Больш ніхто не меў столькі аксамітных фіялетавых і бардовых куртачак з залатымі гузікамі, бэзава-блакітных лёгкіх сукенак, белых спартыўных касцюмаў з сінім канцікам. На бліжэйшых градках маргарыткі дэманстравалі пляжныя сукенкі, а белыя і жоўтыя нарцысы – свае элегантныя касцюмы. У зацененай частцы саду, дзе звычайна трымалася вільгаць, адбываўся парад модных пахаў. Свой салодкі водар тут распаўсюжвалі бэз, ландышы і салодкі гарошак. Цяжка было вырашыць: ці захапляцца садовай прыгажосцю, ці паддацца водару натуральных парфумаў, які распаўсюджваўся навокал. Але далікатная постаць, якая азірала сад, не сумнявалася. Яна схілілася і адхінула траву, што расла пад плотам. Перад Яе яснымі вачамі аказалася купінка аранжавых кветачак, якія туліліся адна да адной паміж салатавых лістоў. Яны пахнулі мёдам і выглядалі як кавалкі бурштыну.
    – Вы таксама, – прамовіла меладычным голасам постаць і схавала іх паміж складак сваёй хусты.
    На наступны дзень жыхары вёскі накіроўваліся да каплічкі з фігурай Марыі, якая была на ўзгорку. Жанчыны і дзяўчынкі неслі ахапкі самых прыгожых кветак і траў, з якіх збіраліся сплесці вянок для Маці Божай. Мужчыны і хлопцы ішлі трохі далей разам з ксяндзом, які павінен быў асвяціць гэтую нядаўна збудаваную каплічку. Калі людзі затрымаліся перад пабеленымі слупкамі, усе былі вельмі ўражаны. Ад фігуры біў незвычайны бляск. Толькі праз хвіліну людзі заўважылі яго крыніцу. На галаве Найсвяцейшай Панны Марыі блішчала цудоўная карона, аздобленая жэмчугам, ізумрудамі і бурштынам. Адкуль магла ўзяцца такая каштоўнасць на Яе скронях?
    – Але гэта не карона. Гэта вянок, сплецены з белых лугавых кветачак і жоўтых садовых, – ускрыкнула маленькая дзяўчынка, пляскаючы ў далоні. – А паміж імі салатавыя шарыкі, што растуць на беразе нашай сажалкі, – смяялася радаснае дзіця.
    Безумоўна, толькі цяпер дарослыя паглядзелі на Марыю вачамі дзяўчынкі і пераканаліся, што Божая Маці больш за ўсё любіць тое, што нябачна іх вачам.
    – Так, гэта праўда, у яе кароне сапраўднымі каштоўнасцямі з’яўляюцца пакорнасць, сціпласць і паслухмянасць, – сказаў ксёндз, распачынаючы набажэнства.
   
Паразважайма!
    Што Табе прыгадваюць
    размовы кветак на лузе?
    Якія Ты ведаеш водныя расліны?
    Ці ўсе кветкі ў садзе аднолькава важныя?
    Чаму Маці Божая выбрала менавіта гэтыя, а не іншыя кветкі?
    Як лічыш, што Богу можа
    найбольш падабацца ў чалавеку?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  78

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.