ГРОДНА
Панядзелак,
22 ліпеня
2024 года
 

Бог дае нам нейкія цяжкасці, але і сваю ласку

На службе Богу

Сёння сваёй гісторыяй дзеліцца з чытачамі сястра Аліцыя з Кангрэгацыі Школьных Сясцёр Нотр-Дам.
Малілася, але не разумела
    Нарадзілася сястра Аліцыя ў горадзе Патсдам, што ў Германіі. Бацька быў праваслаўным, маці – каталічкай. Гадавалі разам чацвёра дзяцей. Рэлігійным выхаваннем у сям’і займалася бабуля, за што сястра ёй сёння вельмі ўдзячна.
    “Я б не сказала, што гэта было нешта глыбокае. Хутчэй, традыцыйная вера. Я не разумела, што Бог – гэта Айцец, які мяне стварыў і бязмежна любіць. У мяне было паняцце Бога строгага, які дзесьці на нябёсах карае за правіны”.
    Дзеці падрасталі, вучылі малітвы. Паўтаралі іх, але, як прызнаецца сёння сястра, нічога не разумелі. З жахам думалі пра экзамен, які хутка давядзецца здаваць перад Першай камуніяй.
    “Першую споведзь я памятаю мала, камунію ўвогуле не памятаю. Было шмат людзей, у касцёле душна. Адзінае, што засталося ў памяці, гэта страх, ці здам я ксяндзу экзамен”.
    Урачыстасць адбылася ў лідскім фарным касцёле. Пасля дзяўчынка стала наведваць святыню праз раз. Па-першае, асабліва нічога не разумела ў набажэнстве на польскай мове, па-другое, баялася праследавання за веру.
    “Памятаю, калі мы яшчэ жылі ў Геранёнах, ля варот касцёла стаяў дырэктар і вылаўліваў дзяцей, якія ішлі туды маліцца. Мне шанцавала, бо я была маленькага росту і магла «згубіцца» сярод людзей. Але страх перажывала моцны, таму што потым гэтых дзяцей публічна лаялі на школьнай лінейцы”.

    Хачу дарыць любоў
    Ішоў час. Дзяўчына стала часцей задумвацца пра будучую прафесію. Найбольш прывабным для яе варыянтам здавалася праца бібліятэкара, бо вельмі любіла чытаць. Маніў доступ да таго, што так падабалася. Але дзесьці ўнутры дзяўчына разумела, што гэта не яе шлях.
    “Не скажу, што я малілася аб распазнанні свайго паклікання. Я нават не разумела, што аб гэтым трэба маліцца. Проста думала, куды мне ісці і што рабіць”.
    Праз нейкі час у горадзе з’явіліся манахіні. Дзеці і моладзь сталі хадзіць на ўрокі рэлігіі. Дзяўчына ж была нясмелая, ёй не хапала адвагі, каб прыйсці і запісацца на заняткі.
    “Мне здавалася, што гэта для выбраных, для тых, хто нечым гэта заслужыў”.
    Дзяўчына падоўгу заставалася ў касцёле і чакала, каб сёстры самі падышлі да яе. Але гэтага не здаралася.
    “У выніку бачу Божы Провід. Усявышні, ведаючы, што я ўсё ж сама не адважуся, зрабіў для мяне сюрпрыз: сёстры купілі дом і сталі маімі суседзямі”.
    Дзяўчына стала часцей наведваць касцёл. А калі і не ведала, у які час набажэнства, гуляла па падворку, пакуль сёстры не выходзілі з дому.
    Праз нейкі час адна сястра звярнула на дзяўчыну ўвагу і спытала, ці ходзіць тая на рэлігію. А пазней запрасіла ў групу марыянак (дзяўчынак, якія прысвяцілі сябе Марыі). І чым больш дзяўчына сустракалася з сёстрамі, тым больш у яе ўзмацнялася жаданне знаходзіцца разам з імі.
    “Аднойчы я пачула ад сясцёр словы, якія проста ашаламілі мяне: Бог – гэта Любоў. Даволі простыя словы, але як яны перавярнулі маю свядомасць! Гэта стала для мяне вялікім адкрыццём. Любоў Бога я адчувала праз саміх сясцёр: яны яе дарылі. І ў той момант я зразумела, што хачу быць такой, як яны: напаўняцца любоўю Бога і даваць яе іншым людзям”.
   
    Цудам блаславіў бацька
    З той пары дзяўчына стала прыслухоўвацца да голасу свайго паклікання. Гэтая думка ўсё больш і больш мацнела ў яе душы. Урэшце яна сказала сабе “так”. Аб сваім выбары расказала сёстрам, якія вельмі ўзрадаваліся.
    “…Чаго не магу сказаць пра бацькоў. Мама была катэгарычна супраць. І бабуля таксама. З аднаго боку, людзі ў нашай мясцовасці захапляліся сёстрамі, але з іншага – сваіх дзяцей на гэты шлях аддаваць не хацелі. У тым ліку і мая мама”.
    Дзяўчына вырашыла падрыхтаваць сваіх блізкіх і трошкі пачакаць. Таму пасля школы не адразу пайшла ў манастыр, а па настаянні маці спрабавала паступіць ва ўніверсітэт. Рыхтавалася да экзаменаў, але, на дзіва, не здала беларускую мову, якую ведала лепш за ўсё. Каб не губляць часу, паступіла ў вучылішча на повара. За гэты час удалося падрыхтаваць да свайго рашэння маму.
    “Што датычыць бацькі, была ўражана. Я не казала яму пра свой выбар да апошняга. Думала, што калі мама з бабуляй, каталічкі, так адрэагавалі, то што ж скажа тата – праваслаўны? Малілася за яго ў гэтай інтэнцыі. І калі падышоў час, роўна за тыдзень, прыйшла на размову. Бацька сказаў так: «Гэта тваё жыццё, твой выбар, я не маю права табе замінаць». Для мяне гэта было адным з Божых знакаў, што сапраўды маю пакліканне. Бо калі б тата сказаў «не», я не стала б яму супярэчыць”.
   
    Падчас катэхетычнай сустрэчыЦяпер я разам з Марыяй
    Ва ўзросце 18 гадоў дзяўчына паступіла ў манастыр. У навіцыяце атрымала імя Аліцыя, у гонар апякункі сваёй кангрэгацыі. Малілася і разумела, што яе месца менавіта тут. Не мае значэння, што прыйдзецца рабіць у супольнасці – галоўнае, што яна з Марыяй, у Кангрэгацыі Сясцёр Нотр-Дам, што ў перакладзе з французскай мовы азначае “нашай спадарыні”.
    “Ужо падчас першых шлюбаў я атрымала ад Бога вялікую ласку. Мая мама не толькі пагадзілася з маім выбарам, але і адчувала шчасце з гэтай нагоды, дала мне сваё бласлаўленне. Гэта стала для мяне яшчэ адным знакам Божага паклікання. Веру, што мае бацькі, якія ўжо адышлі ў жыццё вечнае, цешацца разам са мной і выпрошваюць для мяне неабходныя ласкі ў добрага Бога”.
    24 чэрвеня 2006 года ў касцёле святога Вацлава ў Ваўкавыску сястра Аліцыя склала вечныя шлюбы.
    “Не скажу, што зараз усе праблемы зніклі – іх дастаткова. Але каб не цяжкасці, то, думаю, я б не адчувала моцнай Божай любові і ласкі. Трэба ўмець перажываць з Усявышнім кожны дзень, незалежна ад таго, што ён з сабой нясе. Быць удзячным за ўсё добрае і трымацца за руку Бога, калі здараюцца цяжкасці”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  163

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.