ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

“Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны”

На шляху да святасці

Гэтыя словы будуць дэвізам 2015 года, які папа Францішак абвясціў Юбілейным святым Годам міласэрнасці. Святы Айцец сказаў, што вельмі важна, каб свецкія вернікі жылі ім і занеслі яго ў розныя грамадскія сферы.
НКс. Антоній Грэмза, душпастар гродзенскай моладзіавяртанне сэрца і здзяйсненне ўчынкаў міласэрнасці не толькі будуць сутнасцю годнага перажывання 2015 года. Дабрачынная і міласэрная дзейнасць былі таксама неад’емнай часткай Вялікага посту. У гэты перыяд людзі, якім не абыякавы праблемы іншых, рэалізавалі шэраг мерапрыемстваў, мэта якіх заключалася ў аказанні дапамогі тым, каму яна больш за ўсё патрэбна. Прычым бескарысліва, дабрачынна.
    Уся дзейнасць Касцёла грунтуецца на міласэрнасці, часам гэта спантанная дзейнасць, якая вынікае з патрэбы сэрца чалавека, з яго салідарнасці з іншым чалавекам, які знаходзіцца ў якой-небудзь патрэбе. Мы бачым на прыкладзе розных дзеянняў, што людзі гатовы дапамагаць не дзеля нейкай узнагароды, але таму, што хтосьці ў бядзе. Гэтую паслугу называюць паслугай добрага самараніна. Касцёл спяшаецца на дапамогу людзям, што знаходзяцца ў патрэбе. Асабліва на нашай гродзенскай зямлі можна заўважыць, што гэтая праца грунтуецца на валанцёрстве. Дабрачынная дзейнасць вядзецца не напаказ ці для нейкай рэкламы, у большасці сваёй яна застаецца ў таямніцы.
Вельмі ахвотна спяшаецца на дапамогу моладзь. Бачачы хворых дзяцей, хворых людзей, бяздомных, яны прагнуць дапамагчы ўсім, чым толькі могуць. Арганізуюць розныя акцыі дапамогі, ахвяруюць падарункі з нагоды розных свят. Моладзь з акадэмічнага душпастарства Гродна “OPEN” вельмі ахвотна адкрываецца і хоча дапамагаць. Мы ходзім у карэкцыйны цэнтр для хворых дзяцей, каб выказаць з імі салідарнасць, пакінуць ім дробныя падарункі. Можа, гэта і невялікая дапамога, але яна важная, бо мы бачым радасць на тварах дзяцей, бачым усмешкі. Так мы самі ўзмацняемся, паколькі гэта не мы ім патрэбны, а яны нам, каб зразумець, чаго варта любоў. Гэтыя дзеці нас узбагачаюць, вучаць быць больш адчувальнымі да бяды, не губляць сваю чалавечнасць.
   
Ірына Сосна, душпастарства “OPEN”Ужо сем гадоў я належу да дабрачыннай групы “Уваскрасенне”, якая дзейнічае пры душпастарстве “OPEN”. Наша дзейнасць накіравана на дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Мы нясём ім свае ўсмешкі, прысвячаем свой час. Мы рыхтуем для іх розныя прадстаўленні, дзе расказваем пра Бога, прыносім з сабой цацкі, адукацыйныя гульні. У гэтым годзе перад Вялікаднем мы наведалі дзяцей і паказалі спектакль пра хворую дзяўчынку, якую Пан Езус вярнуў да жыцця. У гэтым прадстаўленні мы выкарысталі ляльку, якую рабілі самі на працягу ўсяго года. Мы ўклалі ў яе вельмі шмат любові і працы, таму можна сказаць, што гэтая лялька мае душу. Сёння людзі не хочуць самі штосьці рабіць, ім прасцей даць грошы, але цяжка ахвяраваць свой час. Але моладзь, якую я ведаю, вельмі ахвотна ахвяруе свой час і далучаецца да дабрачыннасці, бо яна мае добрыя сэрцы, адкрытыя на міласэрнасць.
   
На працягу чатырох гадоў я займаюся хворымі людзьмі на тэрыторыі парафіі Унебаўзяцця НПМ і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне, да якой належыць 27 вёсак. У маім спіску больш за 300 хворых. Я наведваю тых, каму гэта найбольш неабходна: ляжачых людзей, тых, да каго ўрачу няма навошта хадзіць, паколькі іх хваробы не паддаюцца медыцынскаму лячэнню. Я стараюся прыносіць палёгку гэтым пакутуючым людзям. У прыярытэце таксама адзінокія. Да ўсіх гэтых людзей прыходзіць і сацыяльная апека, але толькі раз ці два разы на тыдзень. А ім вельмі неабходны сталы клопат, звычайнае чалавечае слова, падтрымка, ім трэба расказаць усё тое, што назбіралася ў іх душы.
   Сястра Гарэцці, серафітка Адной з форм нашай дабрачыннай дзейнасці з’яўляюцца дабрачынныя акцыі. Напрыклад, калі некаму неабходны сродкі на лячэнне, а звычайна гэта дастаткова вялікія грошы, тады мы арганізуем акцыю дапамогі, і людзі вельмі ахвотна да яе далучаюцца. Адна з нашых акцый адбылася на Дзень хворых: мы ездзілі з калядой па дамах, нам удалося сабраць значную суму, якая была прызначана на пачастунак для хворых. Дзеці зрабілі паштоўкі з нагоды Дня хворых, на іх былі напісаны прыемныя словы, якія ўздымаюць настрой. Хворыя былі вельмі ўсцешаны.
    Таксама напярэдадні Вялікадня мы зрабілі для нашых хворых велікодныя кошычкі з асвечаным, якія потым развезлі па хатах.
    Варта падкрэсліць, што ва ўсіх нашых акцыях вельмі ахвотна прымаюць удзел мясцовыя парафіяне. Але калі казаць пра валанцёрства, то амаль няма ахвотных удзельнічаць у гэтай форме дапамогі патрабуючым. Можна заўважыць, што людзі замыкаюцца ад іншых, знікае пачуццё спачування, духоўнай падтрымкі, зацікаўленасці: ці не патрэбна штосьці адзінокаму, хвораму чалавеку. Атрымліваецца, што людзі проста забываюцца, што кожнага калісьці чакае старасць – той апошні прамежак, апошні этап, і можа здарыцца так, што калі чалавеку больш за ўсё хтосьці будзе неабходны, не знойдзецца той другой асобы, не акажацца побач бліжняга. А вельмі важна, каб побач з хворым ці адзінокім чалавекам быў хтосьці, хто суцешыць, вытра слёзы.
    Я кожны дзень езджу па вёсках і бачу, як людзі ўмеюць дастойна пераносіць свае пакуты, далучаць сваю адзіноту, свае намаганні да мукі Езуса, як яны моляцца за цэлы свет, за дыяцэзію і ў іншых інтэнцыях цэлымі днямі. Гледзячы на гэта, сустракаючы такіх людзей, сэрца разварочваецца і хочацца быць з імі, быць якімсьці маленькім праменьчыкам у іх жыцці, несці ім Езуса, а разам з Ім таксама радасць і супакой у сэрцы.
    Паводле мяне, міласэрнасць – гэта дзяленне Богам, евангелізацыя, гэта выхад насустрач іншаму чалавеку ў духу Езуса, гэта ўменне разгледзець у кожным Яго аблічча. Яно часам можа быць трохі здэфармаванае, і мы павінны клапаціцца пра тое, каб рысы Езуса былі ўсё больш выразныя ў абліччы гэтага чалавека. Мы ходзім да людзей, якія часам згубіліся на жыццёвым шляху, і стараемся працаваць над тым, каб кожнага прывесці да Хрыста. Гэтая духоўная справа вельмі важная, але варта таксама ўбачыць патрэбы іншага чалавека, такія простыя, людскія, матэрыяльныя. Проста прытуліць яго, абцерці слёзы, выслухаць і паклапаціцца пра тое, каб ён мог жыць, мог адчуваць, што яго любяць – і Бог, і тыя, хто да яго прыходзіць.
   
Алег Гарбачоў, Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” у ГроднеУ ІІІ Нядзелю Вялікага посту валанцёры “Карытас” зладзілі кірмаш ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля. На ім былі прадстаўлены велікодныя паштоўкі, свечкі, мяккія цацкі ў выглядзе сэрцаў і птушак, свежая выпечка і інш. Парафіяне былі прыемна здзіўлены разнастайнасцю прадстаўленых творчых работ і прынялі актыўны ўдзел у кірмашы сваімі ахвяраваннямі. Мэта кірмашу была ў тым, каб як мага больш людзей маглі ў гэты дзень зрабіць дабро тым, хто яго асабліва патрабуе.
    Падчас кірмашу валанцёры распавялі пра дабрачынную дзейнасць “Карытас” і пра тое, як і каму дапамагае гэтая арганізацыя. Яны заахвоцілі вернікаў матэрыяльным і духоўным чынам далучыцца да дапамогі патрабуючым. У Касцёле ў Беларусі кожная ІІІ Нядзеля Вялікага посту адзначаецца як нядзеля “Карытас”, калі вернікі скіроўваюцца думкамі не толькі да таямніц, звязаных з мукай Езуса Хрыста, але і да тых, хто найбольш патрабуе дапамогі.
    Сёлетнюю нядзелю “Карытас”, а таксама ўвесь 2015 год Касцёл перажывае пад дэвізам: “Выкараненне крайняй беднасці і голаду”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.