ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Ці можна піць асвечаную ваду кожны дзень

Задай пытанне

“Ці можна піць асвечаную ваду кожны дзень, не маючы ў гэтым неабходнасці? Мае дзеці кожную раніцу, зрабіўшы знак крыжа, п’юць тры глыткі вады з Будслава. Ці не з’яўляецца гэта блюзнерствам?”
Гісторыя вады ў хрысціянскіх рэлігіях мае вельмі доўгую традыцыю, якая бярэ пачатак са Старога Запавету. На працягу стагоддзяў ваду выкарыстоўвалі ў розных мэтах. Яна мела вялікае лекавае значэнне: вада з крыніцы, з іншых месцаў, што славяцца цудамі. Каля некаторых санктуарыяў можам знайсці асвечаную ваду.
    Кожны з нас павінен адрозніваць ваду, асвечаную святаром, ад вады з крыніцы (не асвечанай). Асвечаная вада выключана са штодзённага (свецкага) карыстання. Яна павінна быць выкарыстана паводле малітвы Касцёла, якой моліцца святар падчас яе асвячэння. Крынічную ж ваду можна ўжываць па-рознаму: мыцца, рабіць гарбату, праць.
Малітвы пры асвячэнні вады змяняліся на працягу стагоддзяў. Хоць трэба прызнаць, што апошняя малітва перад Другім Ватыканскім Саборам мела вельмі багаты змест, але яна была толькі адна. Ватыканскі Сабор увёў змены, і колькасць малітваў павялічылася. Гэта дало святару права выбраць малітву для адпаведнай сітуацыі.
    Новыя малітвы асвячэння вады, якія выкарыстоўваюцца па-за святой Імшой, наогул маюць у сабе агульныя просьбы да Бога: аб Божай апецы, аб аднаўленні нашай душы і цела, аб бласлаўленні і ачышчэнні для Касцёла, аб тым, каб вада нагадвала нам аб нашым хросце... Ва ўспамін св. Агаты асвячаецца вада для таго, “каб бараніла нас ад агню і ўсіх небяспек”. Бласлаўляючы ваду падчас св. Імшы, святар просіць Бога, каб даў праз ваду “абарону ад усялякіх хвароб і подступаў д’ябла” і дапамог пазбегнуць “усіх небяспек для душы і цела”.
    Трэба таксама памятаць, што акрапленне падчас святой Імшы – гэта памятка нашага хросту. Хрысціянін акунаецца – ачышчаецца ад першароднага граху. Разам з Хрыстом ён уваскрасае ўжо як новы чалавек. Гэта настолькі важны момант, што ўсё, што адбываецца ў пазнейшым жыцці чалавека, павінна быць клопатам пра гэты выбар, каб яго ўмацоўваць, развіваць і ўдасканальваць.
    Касцёл бласлаўляе рэчы: памяшканні, прадметы, ежу, але сапраўдным адрасатам бласлаўлення з’яўляецца чалавек. Рэчы маюць адзіную мэту – дапамагчы “быць пасрэднікам” у персанальнай сустрэчы чалавека з Богам. Рэчы не атрымліваюць нейкай моцы. Самі па сабе яны не могуць дапамагчы ў працэсе збаўлення, але з’яўляюцца важнымі настолькі, наколькі ім спадарожнічае вера ў моц і Божае дзеянне. Такое разуменне асвечаных рэчаў вельмі важнае, бо засцерагае ад магічнага іх успрымання.
    Шмат можна казаць пра сакраменталіі ў Касцёле, але, адказваючы на пастаўленае пытанне, хачу падкрэсліць, што піццё асвечанай вады не з’яўляецца блюзнерствам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.