ГРОДНА
Субота,
15 сакавіка 2025 года |
Пасхальны Трыдуум

У гэты дзень ажыццяўляецца св. Імша Хрызма, цэлебраваная ў катэдральным касцёле біскупам і прэзбітэрамі дадзенай дыяцэзіі.
У катэдральнай базіліцы ў Гродне св. Імша Хрызма адбудзецца а 10-й гадзіне. Падчас яе біскуп блаславіць алеі хворых і катэхуменаў і кансэкруе алей хрызма.
Святары забіраюць новыя алеі ў свае парафіі, а старыя спальваюцца.
Вечарам цэлебруецца ўрачыстая св. Імша Вячэры Пана. Яна ажыццяўляецца ў памяць Апошняй Вячэры, падчас якой Хрыстос ахвяраваў Богу Айцу сваё Цела і сваю Кроў пад постацямі хлеба і віна. †
ВЯЛІКАЯ ПЯТНІЦА
У гэты дзень св. Імшы не цэлебруюцца на знак вялікай пашаны да ахвяры Езуса Хрыста на крыжы за грахі ўсяго свету.
Вечарам у рымскім Калізеі пад кіраўніцтвам Папы адбываецца Крыжовы шлях.
У цэнтры гэтага дня – літургія Мукі Пана.
Адарацыя Крыжа з’яўляецца ўрачыстым адкрываннем крыжа (закрытага часцей за ўсё ад пятай нядзелі Вялікага посту).
У ГЭТЫ ДЗЕНЬ ПАЧЫНАЕЦЦА ТАКСАМА НАВЭННА ДА БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ, ЯКАЯ Ў НАШАЙ ДЫЯЦЭЗІІ БУДЗЕ ПРАЦЯГВАЦЦА 9 ДЗЁН.
Згодна са шматвяковай традыцыяй, на заканчэнне літургіі начынне з камунікантамі пераносіцца ў Гроб Панскі, дзе выстаўляюць Найсвяцейшы Сакрамант. У гэты дзень можна правесці разважанне Крыжовага шляху аб пакутах і збаўчай смерці Хрыста.
&n
ВЯЛІКАЯ СУБОТА
У Вялікую суботу касцёл трывае ля Гроба Пана, разважаючы пакуты і смерць Хрыста.
Літургія Пасхальнай вігіліі належыць ужо да нядзелі ўваскрасення Пана.
Вернікі прыносяць у гэты дзень для асвячэння велікодныя стравы.
ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Усе абрады Пасхальнай вігіліі адбываюцца ноччу з суботы на нядзелю.
Літургія святла. Перад касцёлам святар асвячае агонь, ад якога запальваецца пасхал – сімвал Хрыста. Потым ксёндз уносіць запалены пасхал у святыню. Вернікі запальваюць ад яго полымя свае свечкі.
Літургія слова. У гэты дзень прадугледжана дзевяць біблейскіх чытанняў: сем старазапаветных, эпістола і Евангелле, якія пераплятаюцца рэспансарыйнымі псалмамі і малітвамі. Пасля апошняга чытання са Старога Запавету і малітвы святар пачынае спяваць гімн “Хвала на вышынях”, падчас якога б’юць ва ўсе званы. Пасля ўрачыстага гімна цэлебрант гаворыць калекту. Потым лектар зачытвае эпістолу, а пазней спяваюць урачыстае “Алелюя” і рэспансарыйны псалом. Потым святар чытае Евангелле і абвяшчае гамілію.
Літургія хросту. Пасля гаміліі адбываецца літургія хросту, падчас якой спяваецца Літанія да ўсіх святых. Затым цэлебрант блаславіць ваду для хросту, тройчы акунаючы ў ёй пасхал. Калі існуе такі звычай, удзяляе хрост катэхуменам і канфірмацыю моладзі.
Эўхарыстычная літургія. Яе ход падобны да эўхарыстычных літургій іншых нядзель. Цырымонію заканчвае ўрачыстая рэзурэкцыйная працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам, якая з’яўляецца радасным абвяшчэннем Уваскрасення Хрыста і заклікам да ўсяго стварэння ўдзельнічаць у трыумфе ўваскрослага Езуса.
На Пасхальную вігілію вернікам трэба прынесці ў касцёл свечкі.
У касцёлах нашай дыяцэзіі працэсія адбываецца не пасля Пасхальнай вігіліі, а ў нядзелю перад першай св. ранішняй Імшой, т.зв. Рэзурэкцыяй. Яна пачынаецца ля Гроба Пана, дзе святар спевам абвяшчае Уваскрасенне Хрыста. Пасля вяртання ў касцёл спяваецца гімн “Хвала на вышынях”. Пасля ўдзялення вернікам св. Камуніі спяваецца ўрачысты гімн “Те Deum” (“Цябе, Бога, праслаўляем”).
Ад гэтай нядзелі крыж ля алтара аздоблены чырвонай стулай.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 292 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.