ГРОДНА
Аўторак,
25 студзеня
2022 года
 

Прыклад любові, мацнейшай за смерць

Карані нашай веры

Перыяд Вялікага посту з’яўляецца часам пакаяння і навяртання сэрца, часам сталай адданасці Богу. Мы скіроўваем свае позіркі на Укрыжаванага, які дзеля нас адрокся ад усяго і склаў у ахвяру сваё жыццё. Мы прымаем у гэты перыяд розныя пакаянныя практыкі і робім добрыя пастановы, каб ачысціць і захаваць зерне любові, пасаджанае ў нас Хрыстом. Варта таксама ў гэты час пазнаёміцца з гісторыямі святых, якія з’яўляюцца нібы маяком на шляху да паяднання са Збаўцам.
Як прыклад трыумфу Божай любові хацелася б прывесці гісторыю адзінаццаці бласлаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка, 15-я гадавіна беатыфікацыі якіх прыпала на 5 сакавіка 2015 года.
    Першыя назарэтанкі прыбы-лі ў Навагрудак 4 верасня 1929 г. па запрашэнні б-па Зыгмунта Лазінскага, каб заняцца рэлігійным выхаваннем і навучаннем дзяцей і моладзі. Супольнасць з дванаццаці сясцёр служыла шматнацыянальнаму грамадству горада. У Навагрудку жылі палякі, беларусы, яўрэі і татары, якія стваралі маляўнічае, культурна багатае і гарманічна існуючае грамадства. Дэмаграфія гэтай мясцовасці паспрыяла таму, што паслуга сясцёр мела экуменічны характар.
Сёстры спачатку заснавалі інтэрнат, а затым ад 2 верасня 1930 г. у арэндаваным памяшканні пачала дзейнічаць школа. На працягу васьмі месяцаў намаганнямі супольнасці сясцёр і жыхароў горада была пабудавана ўсеагульная школа. Першай апостальскай справай сясцёр, якая пэўным чынам абумоўлівала адукацыйную дзейнасць, была праца, звязаная з касцёлам Перамянення Пана, называным Белай фарай, які з’яўляўся важным цэнтрам рэлігійнага ўздзеяння на жыхароў горада і ваколіц.
    З пачаткам II Сусветнай вайны справы пачалі развівацца трагічна. Спачатку савецкая акупацыя, потым нямецкая. З-за рэпрэсій сёстры былі вымушаны пакінуць кляштар і школу і ўзяцца за аплачваемую працу ў горадзе.
    Акупацыйны тэрор пасля захопу гэтых зямель немцамі распачаўся вынішчэннем яўрэяў, пасля чаго адбылася хваля арыштаў польскага насельніцтва, а затым масавы расстрэл шасцідзесяці чалавек, у тым ліку двух святароў.
    Сёстры, якія з самага пачатку прымалі актыўны ўдзел у жыцці навагрудчан, не маглі застацца абыякавымі да інфармацыі пра чарговыя хвалі рэпрэсій, накіраваныя на жыхароў горада і ваколіц. Адкрытыя на патрэбы людзей у мірны час, яны з яшчэ большай стараннасцю служылі іншым падчас ваеннай акупацыі. Сёстры суцяшалі жыхароў Навагрудка, якія трацілі сваіх блізкіх у расстрэлах і ссылках. Навагрудская Белая фара стала месцам нястомнага ўсклікання люду да свайго Бога. Вечарамі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам вернікі разам з ксяндзом і сёстрамі маліліся Ружанцам. Эўхарыстыя, якую штодзённа цэлебраваў кс. Аляксандр Зенкевіч, і малітвы сясцёр у фарным касцёле сталі для змучанага грамадства прасторай надзеі сярод змроку пануючага зла.
    Нямецкія акупанты раз-пораз арганізоўвалі “паказальныя” расстрэлы, каб настрашыць усіх, хто нейкім чынам спрабуе супраціўляцца. Падобная акцыя адбылася 18 ліпеня 1943 г., калі было арыштавана 120 чалавек. Іх намерваліся расстраляць. Менавіта тады сёстры назарэтанкі супольна прынялі рашэнне ахвяраваць сваё жыццё за арыштаваных. Яны шмат часу праводзілі на малітве ў фарным касцёле, а праз два дні пасля чарговых арыштаў настаяцельніца супольнасці маці Стэла Мардасевіч ад імя ўсіх сясцёр прамовіла перад капеланам кс. Аляксандрам Зенкевічам знаменныя словы: “Божа мой, калі неабходна ахвяра з жыцця, няхай лепш нас расстраляюць, а не тых, хто мае сем’і – мы молімся аб гэтым”. Праз некалькі дзён з’явілася чарговая небяспека, што закранула адзінага святара ў ваколіцы, імя якога аказалася ў спіску прыгавораных. Кс. Зенкевіч так успамінаў праз гады: “Праз пару дзён пасля адыходу транспарту з вязнямі, калі я, паглыблены ў смутак, з цяжарам на сэрцы, якому супярэчыла цудоўнае летняе надвор’е, стаяў на парозе закрыстыі, да мяне падышла маці Стэла і зноў з прастатой, годнай вялікіх часоў, сказала мне без прадмоў і падабраных слоў (словы былі тады дастаткова слабым сродкам, каб перадаць свае думкі і перажыванні): «Божа, мой Божа, ксёндз значна больш патрэбны на гэтым свеце, чым мы, таму мы молімся зараз аб тым, каб Бог лепш нас забраў, чым Вас, калі неабходна далейшая ахвяра»”.
    Бог прыняў гэтую ахвяру.
    31 ліпеня 1943 г. адзін з гестапаўцаў загадаў сёстрам з’явіцца вечарам у 19.30 у камісарыяце. Пасля ружанцовага набажэнства адзінаццаць сясцёр назарэтанак на чале з настаяцельніцай накіраваліся ў гестапа. Горшым, на што яны маглі спадзявацца, быў вываз на прымусовыя працы ў Германію. Дома засталася дванаццатая з іх, с. Маргарыта Банась, якая працавала ў шпіталі. Вяртаючыся з працы, яна сустрэла сясцёр, што ішлі ў камісарыят. Хацела далучыцца да іх, але настаяцельніца сказала ёй вярнуцца ў кляштар і паклапаціцца пра касцёл і ксяндза.
    Сясцёр ні ў чым не абвінавачвалі, не праводзілі ніякае следства. Яны правялі ноч на малітве, замкнутыя ў невялікім падвале камісарыята. У нядзелю 1 жніўня 1943 г. на світанні гестапаўцы вывезлі сясцёр і расстралялі ў невялікім бярозава-сасновым лесе, на адлегласці 5 кіламетраў ад Навагрудка. Перад смерцю сёстры ўкленчылі, маліліся, развітваліся адна з адной. Настаяцельніца блаславіла кожную. Апошні ўдар яны прынялі на каленях.
    Акалічнасці мучаніцтва сясцёр вядомы з фрагментарных выказванняў удзельнікаў расстрэла. Адзін з гестапаўцаў у пэўны момант схапіўся за галаву і сказаў: “Ах, як яны ішлі, трэба было бачыць, як яны ішлі!”. Калі ў яго спыталі, хто ішоў, адказаў: “Сёстры”. Іншым разам ён сказаў: “Так, яны безумоўна былі бязвінныя”.
    Як кс. Зенкевіч, так і вязні ацалелі. Іх вывезлі на працы ў рэйх, а некаторых адпусцілі.
    Пасля адступлення немцаў і заняцця Навагрудка савецкімі войскамі, 19 сакавіка 1945 г. адбылася эксгумацыя сясцёр і пахаванне іх астанкаў у магіле пры Фары. У 1991 г. у Варшаве распачаўся беатыфікацыйны працэс слуг Божых Марыі Стэлы і дзесяці паплечніц.
    5 сакавіка 2000 г. папа Ян Павел II беатыфікаваў адзінаццаць мучаніц з Навагрудка. Падчас гаміліі ён сказаў: “Бог стаў сапраўднай апорай і ўмацаваннем таксама для мучаніц з Навагрудка: бласлаўлёнай Марыі Стэлы – Адэлі Мардасевіч – і дзесяці яе паплечніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта – назарэтанак”.
    Адкуль яны мелі сілы, каб ахвяраваць сябе ўзамен за выратаванне жыцця арыштаваных жыхароў Навагрудка? Адкуль чэрпалі адвагу, каб спакойна прыняць такі жорсткі і несправядлівы прысуд? Бог паступова рыхтаваў іх да гэтай хвіліны найважнейшага выпрабавання. Зерне ласкі, кінутае на глебу іх сэрцаў у хвіліну святога хросту, а затым прарошчваемае з вялікім клопатам і адказнасцю, укаранілася глыбока і выдала самы цудоўны плод, якім з’яўляецца дар з уласнага жыцця. Хрыстос кажа: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13). Так, няма большай любові за тую, якая гатова аддаць жыццё за братоў.
    Смерць сясцёр была гераічным жэстам любові, сведчаннем веры ў Бога, які першы нас палюбіў. Мучаніцы з Навагрудка з’яўляюцца самым каштоўным і нятленным скарбам, прыкладам хрысціянскага гераізму і моцы Святога Духа, які слабых, звычайных жанчын робіць здольнымі даваць сведчанне пра Хрыста і ахвяраваць жыццё “за сяброў сваіх” (Ян 15, 13).
    Ахвяра жыцця сясцёр актуальная праз многія гады пасля іх мучаніцкай смерці. З верай ва ўсё яшчэ жывы плён іх мучаніцтва, давайце даручым заступніцтву бл. Марыі Стэлы і дзесяці паплечніц – назарэтанак з Навагрудка свае асабістыя і сямейныя праблемы і клопаты, давайце папросім праз іх заступніцтва, каб час Вялікага посту перамяніў нас і паглыбіў у перамогу Хрыста.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  340

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.