ГРОДНА
Панядзелак,
15 ліпеня
2024 года
 

Via Dolorosa

Хрысціянскія традыцыі

“Найперш прыгадаем сабе на гэтым Крыжовым шляху словы Езуса Хрыста, які першы прайшоў па ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай возьме крыж свой і ідзе па Маіх слядах»”.
Кардынал Стэфан Вышынскі
Віа Далароза – гэта шлях, пройдзены Езусам Хрыстом, калі Ён нёс свой крыж з месца асуджэння да месца распяцця на Галгофе. Віа Далароза пачынаецца ў двары мусульманскай школы, дзе дзве тысячы гадоў таму была рымская крэпасць, вядомая як крэпасць Антонія, пабудаваная ў 36 годзе да нашай эры Ірадам Вялікім у гонар яго сябра Марка Антонія.
    У 2012 годзе ізраільская пошта на блоку коштам 5 шэкелей паказала Ерузалем у часы другой Святыні, якая была адноўлена царом Ірадам. На марцы размешчана фігура першасвятара. Малюнак Ерузалема зроблены на аснове мадэлі, распрацаванай прафесарам Майклам Aві Ёнам у 1960 годзе. Чырвоныя дахі – яўрэйскі квартал Старога горада на дадзены момант. За Святыняй знаходзіцца крэпасць Антонія, адкуль пачынаўся Крыжовы шлях Хрыста. На адным з двароў крэпасці, які называлі Літастрот (Lithostrotos – “Брукаванае месца”), адбыўся суд над Езусам (параўн. Ян 19, 13).
    Паводле біблейскай традыцыі, апошні ўчастак дарогі на Галгофу (пагорак, які нагадвае чалавечы чэрап) быў размешчаны па-за гарадскімі сценамі. Выхад ажыццяўляўся праз Яфрэмаву браму. У некаторых богаслужбовых кнігах з апісаннем сцэн Крыжовага шляху гэтую браму называюць Судовай.
Працягласцю каля 1300 крокаў, Віа Далароза – за выключэннем пятніцы запоўненая кіёскамі і поўная мітусні – у значнай ступені праходзіць праз мусульманскі квартал. Гэта ўжо зусім не той выгляд і асяроддзе, што было амаль дзве тысячы гадоў таму, не тая архітэктура, бо за мінулыя стагоддзі тут адклаліся археалагічныя пласты і шматразова змяніліся будынкі. Крэпасць Антонія была разбурана Цітам разам з амаль усім Ерузалемам пасля падаўлення яўрэйскага паўстання ў 70 годзе.
    У 135 годзе імператар Адрыян загадаў на руінах Ерузалема пабудаваць рымскую калонію Элія Капіталіна, забараняючы адначасова яўрэям сяліцца ў горадзе. На месцы, дзе раней была крэпасць, стварылі вялікі форум, а на ім пабудавалі браму з трох арак. Адна з меншых бакавых арак называецца “Ecce Homo” і знаходзіцца цяпер у царкве сясцёр Сіёна на Віа Далароза, а цэнтральная частка аркі бачна над вуліцай паміж будынкамі з абодвух бакоў. Гэтая частка Віа Далароза вядзе да Львінай брамы. Як найбольш характэрная, яна паказана на марках і паштоўках.
    У 2012 годзе ізраільская пошта выпусціла марку з выглядам на вуліцу, намаляваным Людвігам Блюмам ў 1946 годзе.
    Ні ў Евангеллях, ні ў гістарычных крыніцах не згадваецца, якім шляхам Езуса вялі з горада да месца ўкрыжавання. У пачатку візантыйскіх часоў паломнікі, прыбыўшы ў Ерузалем, ішлі працэсіяй з царквы на Аліўнай гары праз Львіную браму ў напрамку Галгофы. У сярэднія вякі, пасля распаду хрысціянства на Усходняе і Заходняе, кожная рэлігійная групоўка ўсталёўвала свой уласны маршрут Крыжовага шляху. Канчатковы маршрут Ерузалемскага Крыжовага шляху быў усталяваны ў XVIII стагоддзі з васьмю стацыямі. У наступным стагоддзі дадалі і вызначылі месцазнаходжанне шасці іншых стацый, згодна з еўрапейскай традыцыяй. У цяперашні час Крыжовы шлях ад месца суда над Езусам да месца ўкрыжавання падзелены на 14 стацый. Дзевяць з іх размешчаны на Віа Далароза, а пяць апошніх – унутры базілікі Святога Гроба Пана.
    Сцэны мукі Езуса на Крыжовым шляху паказаны на многіх паштовых марках. Адзін з апошніх выпускаў уяўляе серыю з 14 марак Рэспублікі Харватыя, выдадзенай у 2011 годзе. Мастак намаляваў вельмі эмацыянальны і прасторавы вобраз стацый. Дамінуючыя колеры – жоўты, залаты і чорны. Сцэна асуджэння мае больш за ўсё жоўтага колеру, у сцэне распяцця яго найменш. Гэта напамін аб біблійным апісанні цёмнага неба ў момант смерці Езуса, а таксама аб барацьбе паміж дабром і злом. І толькі як намёк на ўваскрасенне – проблеск блакітнага неба ў сцэне пахавання.
    На блоку, выдадзеным поштай Ізраэля ў 1978 годзе з нагоды філатэлістычнай выставы, адлюстраваны старэйшы з вядомых план Ерузалема ў адпаведнасці з фрагментам мазаікі з VI стагоддзя ў горадзе Мадаба, у цяперашні час на тэрыторыі Ярданіі, недалёка на паўднёвы захад ад Амана. Мазаіка, якая паказвае карту Палестыны і суседніх краін, была знойдзена ў 1884 годзе падчас будаўніцтва праваслаўнай царквы на руінах больш ранняй святыні. На гэтай мазаіцы Ерузалем названы па-грэчаску “Hagiapolis”, або Святы горад. Фрагмент, які паказвае Ерузалем, адлюстроўвае, між іншым, галоўныя вуліцы з аркадамі, якія ідуць ад Дамаскай брамы з поўначы на поўдзень і з усходу на захад, калоны Адрыяна, Вежу Давіда і базіліку Святога Гроба Пана.
    Базіліка Гробу з’яўляецца самым старэйшым хрысціянскім культавым будынкам у Ерузалеме. Яе будаўніцтва пачалося па загадзе імператара Канстанціна неўзабаве пасля Нікейскага Сабору. Першапачаткова яна складалася з трох частак: сад Юзафа Арымафейскага ў форме дворыка з каланадай, дзе была скала Галгофы, базіліка “Anastasis” – маўзалей пустой грабніцы ў форме ратонды, і Мартырыён – святая частка Святыні. Цяперашняя структура базілікі, неаднаразова перабудаваная і пашыраная, паходзіць яшчэ з часоў крыжаносцаў і аб’ядноўвае пад агульным дахам усе даўнейшыя рэлігійныя элементы.
    Базіліка Гробу Пана паказана, між іншых, на паштовых марках Ярданіі (1963, 1966 г.) і Ватыкана (у серыі, апублікаванай у 1964 г. з нагоды візіту Папы Рымскага Паўла VI у Святую Зямлю).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.