ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Вызваліцца з палону граху – аперацыя “ўцёкі на волю”

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Віншую ўсіх чытачоў рубрыкі “На скрыжаванні”! Сёння мы святкуем чатырохгоддзе існавання моладзевай пляцоўкі ў газеце “Слова Жыцця”. З такой радаснай нагоды хачу аб’явіць конкурс разважанняў на тэму, аднайменную нашай рубрыцы – “На скрыжаванні”. Не паверу, калі Вы ніколі не стаялі перад выбарам і Вам не даводзілася аддаваць нечаму перавагу. Падзяліцеся сваім вопытам з чытачамі. Тры лепшыя лісты атрымаюць ад аўтара рубрыкі прызы – унікальныя дызайнерскія кубачкі з лагатыпам рубрыкі. Заахвочваю, прызы ўжо чакаюць сваіх пераможцаў. І, канешне, кожнаму з Вас я асабіста кажу шчырае дзякуй за ўвагу да моладзевай старонкі. Разам мы развіваемся і робім вялікія і маленькія справы. Заўсёды гатова выслухаць Вашы заўвагі і пажаданні (адрас напрыканцы старонкі). Заклікаю да дыялогу. Сёння паразважаем над тым, што ў жыцці палоніць нас і абмяжоўвае волю. Задумаемся, навошта мы павінны плаціць за тое, што аддаём, і дзе жывуць хрысціянафобы.
    Што ж, наперад з Богам! †
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “...І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку” (Мц 28, 20).
    Бог з намі ўвесь час: ад самага пачатку да самага канца. Мы можам забыцца пра Яго, ігнараваць Яго сваім няправільным жыццём, але Ён заўсёды побач. Рана ці позна чалавек гэта разумее. Таму хтосьці прымае ісціну са страхам, а хтосьці – з палёгкай і радасцю. Памятайце, вы не адны. Так было і будзе заўсёды.
        
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб вязні, асабліва маладыя, мелі магчымасць зноў пачаць годнае жыццё

   Усё роўна, хто мы, важна да чаго мы імкнёмся.
    Зразумела, што людзям з такім мінулым цяжка ўладкаваць жыццё. На Цябе глядзяць з асуджэннем, насцярожанасцю. У горшым выпадку, увогуле не хочуць мець ніякай справы. А людзі маюць права на яшчэ адзін шанс. Бог прабачае і ў тысячны раз, галоўнае, каб у чалавека было шчырае жаданне навярнуцца. Варта памятаць, што памыліцца можа кожны.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: палон
   Палон – гэта стан несвабоды, жыцця ў рабстве. Кожны з нас можа зна-ходзіцца ў такім становішчы: адчуваць залежнасць, падначаленасць. У народзе таксама кажуць: жыць у палоне забабонаў, граху, страсцей, перажыванняў. Часта людзі трапляюць у няволю з-за нявопытнасці, празмернай цікаўнасці, адчаю. А калі хочуць вызваліцца, ім не хапае сіл і жадання, насамрэч. Няхай месяц люты стане часам разважанняў над тым, што ж нас палоніць, колькі гэта каштуе і чаго мы пазбаўляемся ў выніку.
   
 МЭТА МЕСЯЦА: паглядзець у вочы праціўніку
   Калі свабода абмежавана, відавочна, існуе нядобразычлівец, непрыяцель, вораг, які нас заваяваў. Гэта можа быць іншы чалавек, слабасць, недастача, страх. Каб весці з ворагам барацьбу, варта ведаць яго асабіста, у твар. Лічыце гэта паловай поспеху. Застаецца, бадай што, самае адказнае і смелае рашэнне... (чытайце ніжэй!)
   
  СПРАВА МЕСЯЦА: вызваліцца з палону граху
   Можна быць вязнем сумлення або кахання, і гэта не прыносіць чалавеку ніякай шкоды, хутчэй, наадварот. А калі свабоду абмяжоўвае грэх, тут праяўляюцца ўсе яго наступствы, і чалавек нешчаслівы. Аб’яўляю аперацыю “ўцёкі на волю”!
    Канешне, з грахом варта змагацца: бясстрашна, да апошняга. Але нячысты хітры, ён можа падпільнаваць цябе ў самы небяспечны момант – і барацьба пачнецца ізноў. Можна паспрабаваць уцячы з палону, забыцца пра ворага, не ўпускаць яго ў сваё жыццё. Калі грэх яшчэ не паспеў укараніцца ў жыццё, аперацыя можа быць завершана паспяхова. Проста шчыра гэтага жадайце і не азіраючыся крочце наперад.

   КНІГА МЕСЯЦА: “Я ахвяра хрысціянафобіі”, Фернанда Ферын Каламіта
   Некалькі гадоў таму ў Іспаніі выйшла аўтабіяграфічная кніга суддзі католіка. У ёй расказваецца пра тое, як ён быў пазбаўлены сваёй пасады па абвінавач-ванні ў дыскрымінацыі ў адносінах да лесбіянкі.
    Як нешта абсурднае гэта сёння мала хто ўспрымае. Многія еўрапейскія дзяржавы легалізавалі аднаполыя “шлюбы” (у тым ліку і Іспанія), і людзі там ставяцца да гэтага досыць спакойна.
    Дык у чым жа справа? Адна лесбіянка хацела ўдачарыць пры жывым бацьку непаўналетняе дзіця сваёй партнёркі. Суддзя пастанавіў, што “дзеці маюць права на бацьку і маці, а не на дзвюх маці або двух бацькаў”. Фернанда Ферын Каламіта апісвае ціск, пагрозы і шантаж, якія праследвалі яго пасля вынесенага ім прысуду. Рашэнне выклікала за сабой яшчэ адзін працэс, накіраваны ўжо супраць самога Фернанда. Яго прысудзілі да дыскваліфікацыі на тэрмін больш за два гады і вызначылі штраф памерам шэсць тысяч еўра на карысць ісцоў.
    Да чаго коціцца свет, і да чаго мы прыйдзем – сэнсавы стрыжань споведзі. На жаль, кніга існуе толькі ў іспанскім варыянце. Але дзякуючы сучасным магчымасцям, гэта не такая сур’ёзная перашкода.

    ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Зняволены”, Аляксандр Дзюмін

   Выканаўца шмат гастралюе па Расіі, блізкім і далёкім замежжы. Часта прымае ўдзел у дабрачынных акцыях, наведваючы з канцэртамі калоніі для непаўналетніх, жаночыя і мужчынскія калоніі ўсіх рэжымаў. Адна з асноўных задач Аляксандра – данесці да слухача ў месцах пазбаўлення волі цяпло, даць зразумець, што іх памятаюць, любяць і чакаюць.
    У песні “Зняволены” выканаўца распавядае аб тым, што вязні таксама мараць. Уяўляюць, як цвіце чаромха і пяюць салаўі. Яны лічаць дні, месяцы, гады. Шкадуюць, што так склалася, бо мінулае не вернеш. А хочацца кахаць, атрымліваць асалоду ад сузірання прыроды, мець сям’ю, дзяцей, забыцца пра ўсе нягоды. І тут аўтар рэзка крычыць, што “душа калючкай іржавай парасла”. “Быць можа, ты мне душу супакоіш?”. Зварот да Цябе, чалавек.
 
АСОБА МЕСЯЦА: святая Схаластыка

   Нарадзілася Схаластыка ў 480 годзе ў Нурсіі (Італія). Была роднай сястрой заснавальніка заходняга манаства Бенедыкта Нурсійскага. У юнацтве дзяўчына раздзяляла ідэалы брата. Яна таксама хацела прысвяціць сваё жыццё Богу, таму вырашыла захаваць сябе ў дзявоцтве і стаць пустэльніцай.
    Хутка брат заснаваў першы манастыр у Монтэкасіна. Схаластыка адгукнулася на гэта і паследавала яго прыкладу. Недалёка ад Монтэкасіна, у мястэчку Пломбарыола, яна стварыла жаночую суполку, якая жыла паводле статута, напісанага Бенедыктам для манахаў мужчынскага манастыра. Суполка стала першым на тэрыторыі Еўропы рэгулярным жаночым манастыром.
    Нягледзячы на тое, што брат і сястра жылі блізка адзін ад аднаго, сустракаліся яны толькі раз на год. Увесь час яны прысвячалі гутаркам на духоўныя тэмы. Аднойчы Схаластыка папрасіла Бенедыкта застацца на ноч, каб працягнуць размову. Але ён адмовіўся, тлумачачы гэта тым, што, паводле напісанага ім жа статута, манах не можа начаваць за межамі манастыра. Тады па малітве святой Схаластыкі здарылася моцная навальніца. Бенедыкт быў вымушаны застацца. А праз тры дні падчас малітвы ў келлі брат убачыў сястру ў вобразе галубкі, якая ляціць у неба. Тады Бенедыкт зразумеў, што просьба сястры застацца на ноч была не капрызам, а жаданнем развітацца перад смерцю. Памерла Схаластыка ў 547 годзе.
    Дзень памяці святой – 10 лютага. Разам з братам яна пахавана ў абацтве Монтэкасіна. Да святой Схаластыкі звяртаюцца з просьбай абароны ад бур.
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў лютым?
    Св. Вераніка (4 лютага), св. Агата (5 лютага), св. Тэадор (7 лютага),
    св. Вільгельм (10 лютага), св. Кірыл (14 лютага), св. Конрад (19 лютага),
    св. Мадэст (25 лютага), св. Аляксандр (26 лютага), св. Раман (28 лютага).
   
    Усе заўвагі, пажаданні і конкурсныя лісты дасылаць на паштовую скрыню рэдакцыі або на электронны адрас аўтара рубрыкі
    Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
    Да сустрэчы ў сакавіку!
    Ангеліна Пакачайла

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.