ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Вялікі пост без міласціны – згублены час

На шляху да святасці

Міласціна – гэта практычны знак нашай веры і любові да Бога і бліжняга

Папяльцовай серадой мы распачынаем Вялікі пост – час, калі мы па-асабліваму павінны паглыбіць сваё адзінства з Езусам.
“Мы павінны стаць падобнымі да Хрыста, які стаў убогім і ўзбагаціў нас сваёй убогасцю. Вялікі пост – гэта час пазбаўлення: добра, калі мы паразважаем над тым, чаго мы можам пазбавіцца, каб дапамагчы іншым і ўзбагаціць іх нашай убогасцю”, – напісаў у леташнім пасланні на Вялікі пост Святы Айцец.
   
    Па традыцыі, добрае перажыванне Вялікага посту атаясамліваецца з трыма галоўнымі элементамі: малітвай, постам і міласцінай. І калі першыя дзве пакаянныя практыкі мы без праблем прызнаём абавязковымі і стараемся іх выконваць, то пра міласціну мы часта забываемся. Аднак, яны настолькі цесна звязаны паміж сабой, што з’яўляюцца адным цэлым. “Таму што душой малітвы з’яўляецца пост, а жыццём посту – міласціна”, – вучыць святы Пётр Хрызалог.
Міласціна – гэта быццам праверка сапраўднасці нашай малітвы і нашага посту. Калі ты хочаш пераканацца ў тым, ці добра молішся і правільна посціш, падумай над тым, як ты падтрымліваеш сваіх бліжніх. Адкуль такая залежнасць? Дзве першыя практыкі – гэта перш за ўсё адкрыццё сябе на Бога, знаходжанне з Ім, прызнанне нашай залежнасці ад Яго. Гэта праяўленне нашай любові да Бога. Але адно з галоўных правіл нашай веры, пададзенае адразу ж пасля запаведзі любіць Бога больш за ўсё, гучыць: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”. А любоў павінна праяўляцца знешне. Сам Хрыстос дае нам матывацыю практыкаваць міласціну, калі ў апісанні Страшнага Суда атаясамлівае сябе з патрабуючымі, а за аказаную міласэрнасць абяцае ўзнагароду вечнага жыцця. Міласціна павінна быць жэстам гэтай міласэрнасці, павінна быць чымсьці большым, чым механічная перадача нейкай сумы беднаму. Гэта дарэнне чагосьці іншаму чалавеку з любові, а не з літасці, з сапраўднага клопату пра яго, гэта канкрэтны жэст, які вынікае з пачуцця братэрства, што яднае дзяцей Бога.
    Аднак, трэба памятаць пра разважлівасць. Ахвяруючы грошы нягодным людзям, мы толькі памнажаем зло. Гэта можна растлумачыць на прыкладзе. Калі мы даём вакзальнаму п’яніцы “на білет”, мы такім чынам складваемся яму на таннае віно і бярэм на сябе частку адказнасці за дрэнныя наступствы выпіцця гэтай бутэлькі. Таму, калі наша разважлівасць падказвае нам, што жабрак з’яўляецца сумленным чалавекам, не трэба баяцца падаць яму міласціну. Калі ж у нас ёсць абгрунтаваныя сумненні наконт таго, ці ўжыве гэты хтосьці нашыя грошы з добрай мэтай, не трэба рызыкаваць.
    Часам мы можам пачаць апраўдвацца ў стылі: “Але мне сапраўды няма чаго даць!”. Толькі вось міласціна – гэта не пазбаўленне чагосьці, што ў нас лішняе, таму трэба даваць тое, што маеш. Падары камусьці трошкі сваёй клапатлівай увагі. Калі мы пачнём успрымаць міласціну як акт любові, яна бясспрэчна абудзіць і расцягне нашу фантазію адносна таго, якім чынам мы можам дапамагчы бліжняму. Гісторыя беднай удавы, якая вельмі ўразіла Езуса, выдатна паказвае, што ўлічваецца не колькасць, а матывацыя, памкненне сэрца.
    Дык пойдзем жа праз гэты Вялікі пост за заахвочваннем св. Аўгусціна: “Таму давайце міласціну кожнаму, каб часам тым, каму не дасце, не быў сам Хрыстос, бо тым, каму дасце, з’яўляецца сам Хрыстос, бласлаўлёны на вякі”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.