ГРОДНА
Аўторак,
18 лютага 2025 года |
2015 – Год навяртання

Распачынаючы новы літургічны год, старшыня беларускага епіскапату кс. бп Аляксандр Кашкевіч у пастарскім лісце адзначыў, што заклік да навяртання датычыцца не толькі людзей, якія жывуць далёка ад Бога, не толькі тых, хто згубіў дар веры ці заблытаўся ў сур’ёзнае маральнае зло.
“Навяртанне з’яўляецца дарогай і заданнем кожнага хрысціяніна, які ўсведамляе асабістыя слабасці і абмежаванні і прагне з дапамогай ласкі ўвесь час нанова вызваляцца з няволі граху і ўсё больш адкрывацца на дар Божай любові: справядлівай, велікадушнай і вернай, якая праяўляецца перш за ўсё ў прабачэнні і адкупленні. Навяртанне, у самым глыбокім значэнні гэтага слова, – гэта змена мыслення, а таму і адмова ад логікі эгаізму, лёгкасці, кампрамісу са злом і прыняцце праўды Евангелля як адзінай дарогі, што беспамылкова вядзе нас да паўнаты жыцця ў Хрысце”, – падкрэсліў кс. бп Аляксандр. †
“Навяртанне з’яўляецца дарогай і заданнем кожнага хрысціяніна, які ўсведамляе асабістыя слабасці і абмежаванні і прагне з дапамогай ласкі ўвесь час нанова вызваляцца з няволі граху і ўсё больш адкрывацца на дар Божай любові: справядлівай, велікадушнай і вернай, якая праяўляецца перш за ўсё ў прабачэнні і адкупленні. Навяртанне, у самым глыбокім значэнні гэтага слова, – гэта змена мыслення, а таму і адмова ад логікі эгаізму, лёгкасці, кампрамісу са злом і прыняцце праўды Евангелля як адзінай дарогі, што беспамылкова вядзе нас да паўнаты жыцця ў Хрысце”, – падкрэсліў кс. бп Аляксандр. †
Можна сказаць, што своеасаблівым дэвізам гэтага года будуць словы: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”, а галоўным прыярытэтам – належнае прыняцце сакраманту пакаяння і паяднання, а таксама дапамога тым ахрышчаным, якія яго занядбалі, адкрыць у ім крыніцу Божай міласэрнасці.
Дык чым жа з’яўляецца тое навяртанне, да якога заклікае Касцёл?
Заклік да навяртання побач з абвяшчэннем Божага Валадарства і заахвочваннем прыняць Добрую Навіну з’яўляецца найбольш характэрнай рысай навучання Езуса. У самым старэйшым Евангеллі, Евангеллі паводле св. Марка, гэта першыя запісаныя словы Езуса: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле” (1, 15). Евангеліст Лука запісвае, што Езус ужо раней заклік да нявяртання зрабіў мэтай свайго прызначэння (5, 32: “Я прыйшоў заклікаць да пакаяння не праведнікаў, а грэшнікаў”). Ён рабіў гэта прама, называючы рэчы сваімі імёнамі (10, 13; 11, 32), ці ўскосна, заклікаючы да разважанняў, якія павінны былі вынікаць з прыпавесцей (напр. 10, 30–37).
Аднак, у Евангеллі паводле Лукі заахвочванне да навяртання прымае яшчэ адзін своеасаблівы выгляд. Ён вынікае з разгляду гэтага заахвочвання ў святле паслання ўсёй Кнігі. Лука падкрэслівае ролю Божай міласэрнасці: Бог міласэрны (6, 36), Ён з бацькоўскай міласэрнай дабрынёй чакае навяртання чалавека (15, 11–32), больш таго, Ён нават сам гэтага чалавека шукае і знаходзіць (15, 3–10), прытым ніколі не позна прыняць Яго міласэрнасць (23, 39–43).
І як міласэрнасць з’яўляецца выхадам Бога насустрач чалавеку, так навяртанне з’яўляецца выхадам чалавека насустрач Богу. Прыняцце паставы навяртання робіць чалавека здольным перажыць сустрэчу з Богам. І хоць яна часта складаная, у той жа час гэта неабходна.
Ці патрабуем мы навяртання?
Чалавек з’яўляецца адзінай істотай на гэтай зямлі, якая можа прычыніць крыўду не толькі іншым, але і сабе. Чалавек можа завесці сябе ў залежнасць, псіхічныя расстройствы, прывесці да самагубнага стану. Можа дзейнічаць не згодна з сумленнем. Можа рабіць зло, якога не хоча, замест дабра, якога так прагне. Можа самому сабе схлусіць, ашукаць, зрабіць няшчасным. Натуральным вынікам любога зла і граху з’яўляюцца пакуты. Чым часцей мы парушаем Божыя запаведзі і сціраем розніцу паміж дабром і злом, тым большую шкоду мы прыносім сабе і іншым, тым больш балючыя нашыя думкі і перажыванні. У сваю чаргу радасць і надзея – гэта плён святасці, плён жыцця ў еднасці з Богам, з самім сабой і іншым чалавекам. Хрыстос заклікае нас да навяртання менавіта таму, каб Яго радасць была ў нас і каб нашая радасць магла быць поўнай (параўн. Ян 15, 11).
Тыповыя цяжкасці ў навяртанні
Існуе некалькі тыповых пастаў, якія робяць цяжэйшым ці ўвогуле немагчымым працэс навяртання. Першай такой паставай з’яўляецца ігнараванне сваіх грахоў і слабасцей. Чалавек, як правіла, мае тэндэнцыю перабольшваць чужыя недахопы і заніжаць уласныя. Пакуль мы не прызнаем факт, што якасць нашага жыцця залежыць галоўным чынам ад нашай штодзённай паставы ў дробных справах і што мы не можам ігнараваць нашыя малыя слабасці і грахі, да таго часу мы блакіруем свой шанс на навяртанне і на большую радасць у сваім жыцці.
Другой тыповай перашкодай да навяртання з’яўляецца параўнанне самога сябе з іншымі людзьмі. У кантэксце рахунку сумлення і неабходнасці навяртання мы часцей за ўсё параўноўваем сябе з людзьмі, якіх лічым горшымі за сябе. Так мы трапляем у некалькі пастак. Па-першае, мы маральна асуджаем іншых людзей. Па-другое, робячы рахунак сумлення, мы звычайна параўноўваем сябе не з Хрыстом ці з тымі людзьмі, якія могуць Яго пераймаць верна і самааддана, каб мабілізаваць сябе і змяняцца, а хутчэй з паставай тых, каго лічым горшымі, каб пазбягаць неабходнасці ставіць перад сабой патрабаванні і каб супакоіць сваё сумленне.
Яшчэ адной з тыповых перашкод у навяртанні з’яўляецца перакананне чалавека ў тым, што ён ужо не можа змяніцца. Але толькі ў свеце рэчаў бываюць незваротныя працэсы. Нельга, напрыклад, вярнуць назад разбітае шкло ці спаленую рэч. У чалавечым жа свеце – за выключэннем абсалютна крайніх выпадкаў – незваротных сітуацый няма.
Хто можа быць для нас прыкладам у працэсе навяртання?

Пайсці за Езусам з нашым грахом – гэта чарговая ўмова трывалага навяртання. Калі мы становімся ў адзіноце перад тварам балючай праўды пра нас саміх, нам пагражае – як Іудзе – роспач і адчай. Калі ж мы, спалоханыя і прысаромленыя, ідзём з нашым грахом да Езуса, тады адбываецца штосьці незвычайнае. Сілай Яго любові і прабачэння мы становімся большымі за свае слабасці, і тады перад намі адкрываецца новая будучыня. Трывалае навяртанне патрабуе падысці да кратак канфесіянала, каб зазірнуць у вочы Езусу і ў чарговы раз, а можа і ўпершыню, пераканацца, што Яго любоў большая за нашу слабасць і што мы ўсё можам у Тым, хто нас узмацняе.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 317 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.