ГРОДНА
Серада,
09 кастрычніка
2024 года
 

Дзе ёсць біскуп, там Касцёл

Інтэрв'ю

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі

Год таму ў катэдральным касцёле ў Гродне адбылося біскупскае пасвячэнне ксяндза прэлата Юзафа Станеўскага, прызначанага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. З гэтай нагоды іерарх распавёў аб пастарскай паслузе, а таксама заданнях і адказнасці, якія ляглі на яго плечы.
– 1 лютага 2014 года Ваша Эксцэленцыя ўпершыню блаславіў вернікаў менавіта як біскуп. Як змянілася Ваша жыццё за гэты час? Чаго Вы дасведчылі ў біскупскім служэнні?
    – Гэта праўда, што 1 лютага 2014 года Пан звярнуўся да мяне праз паслугу папы Францішка з новым пытаннем: “Ці любіш ты Мяне?”. З гэтага моманту я яшчэ больш адчуваю Божую далонь, якая вядзе мяне цяпер па дарозе пастарскай паслугі. Змены безумоўна адбыліся, прычым значныя, аднак я выконваю тыя самыя заданні, што і раней – з’яўляюся сведкам Евангелля сярод людзей.
    Адказваючы на пытанне, што я дасведчыў, магу сказаць: Божы дотык. Я заўсёды адчуваю правую руку Пана, якая робіць мяне здольным даваць сведчанне. Будучы з паслугай у парафіях нашай дыяцэзіі, я адчуў неабходнасць духоўных праваднікоў, якіх чакаюць нашыя вернікі.

    – Св. мучанік Ігнацы з Антыёхіі казаў: “Дзе ёсць біскуп, там Касцёл”. На працягу года Вы шмат разоў сустракаліся з вернікамі Гродзенскай дыяцэзіі, звярталіся да іх з прамовамі. Які ён зараз, Касцёл на Гродзеншчыне? Ці не гасне вера, ці адкрыты людзі на Божае слова?
    – За першы год маёй біскупскай паслугі я наведаў больш за 70 парафій (некаторыя нават два і больш разоў), сустракаўся з рознымі ўзроставымі групамі нашых вернікаў: на катэхезе, з нагоды сакраманту канфірмацыі, з моладдзю душпастарства “OPEN”. Гэтыя ў нейкай ступені афіцыйныя сустрэчы прыносяць чалавеку задавальненне і радасць. За ўсё гэта я ўдзячны Богу.
    Я таксама меў магчымасць сустрэцца з вернікамі нашай дыяцэзіі падчас маёй першай біскупскай “каляды”. Па прыкладзе папы Францішка я ўвайшоў пад дахі нашых вернікаў, наведаў хатнія касцёлы, каб разам з канкрэтнай сям’ёй схіліцца над таямніцай Божага Уцелаўлення. Гэта на самой справе іншы досвед, які заключаецца ў тым, што тут ёсць дыялог, ёсць пытанні і адказы. Чалавек, знаходзячыся ў сваім доме, адчувае сябе больш упэўнена, не саромеецца, што ў сваю чаргу дапамагае лепш пазнаць духоўны стан чалавека, дазваляе зайсці з ім туды, дзе ён знаходзіцца са сваімі поглядамі і ўзроўнем веры, каб агледзеўшыся, узяць яго за руку і накіраваць на шлях радасці Евангелля.
    Сёння шмат гаворыцца пра шуканне Пана Бога, але рэдка можна сустрэць таго, хто на самой справе можа Яго паказаць. Таму я лічу, што людзі маюць праблемы з верай. Сучасны чалавек працуе над здабываннем “вады”, неабходнай для жыцця на зямлі. На жаль, ён пакідае ў занядбанні дух, які ўводзіць яго ў рэчаіснасць неба. Усё гэта можна пераадолець. Лякарствам супраць секулярызацыі і спажывецтва, а значыць супраць духоўнага параліча, з’яўляецца ЛЮБОЎ.
   
 Кс. бп Юзаф з удзельнікамі Душпастарства студэнтаў і працуючай моладзі “OPEN” падчас аплаткавай сустрэчы   – Што, на Ваш погляд, варта зрабіць для яшчэ больш дынамічнага развіцця Касцёла ў Беларусі? Якія формы евангелізацыі з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі, улічваючы, што грамадства становіцца ўсё больш секулярызаваным і далёкім ад Бога?
    – Працягваючы папярэднюю тэму, я хацеў бы прыгадаць словы Езуса Хрыста: “Ідзіце і абвяшчайце Евангелле ўсяму свету”. Гэта значыць, што свету неабходна набліжаць радасць Евангелля, Божае Аб’яўленне. Беручы пад увагу дынамізм развіваючагася грамадства і пагоні за валоданнем, трэба сёння не паспяваць за светам, а быць, як вучыць Святы Айцец Францішак, правадніком. Мы павінны евангелізаваць – абвяшчаць Евангелле ў час і не ў час, выкарыстоўваючы сённяшнія арэапагі – тэлебачанне, радыё, інтэрнэт, газеты і вуліцы нашых гарадоў і вёсак. У сучасным каляровым і вясёлым свеце ўсё яшчэ не хапае колераў Евангелля і радасці жыцця, евангельскіх парад. Таму не толькі ў касцёле і не толькі духоўныя асобы маюць заданне абвяшчаць Евангелле, гэта абавязак усіх вернікаў. Трэба быць сёння святым Андрэем, які, сустрэўшы Хрыста, вяртаецца па свайго брата, каб і ён знайшоў дарогу да збаўлення.
    Сустракаючыся з вернікамі, пра што я ўжо прыгадваў, я заўважыў, што чалавек яшчэ не да канца пазнаў радасць Евангелля, яму больш вядомы рэлігійныя забароны і рэкамендацыі, чым радасць быць Божым дзіцём з усім багаццем жыцця ў ласцы. Таму трэба зрабіць заняткі рэлігіі даступнымі не толькі для дзяцей і моладзі, але таксама для дарослых пры кожнай нагодзе, напрыклад, хрост дзяцей, I Камунія, канфірмацыя. Бацькі павінны вывучыць і здаць экзамен па тых самых тэмах, што і іх дзеці.
    Тут я прагну таксама падзякаваць рэлігійным і свецкім сродкам масавай інфармацыі за перадачу Добрай Навіны нашаму грамадству. На маю думку, у кожнай газеце, у тым ліку і свецкай, павінна быць пастаянная рубрыка аб духоўным жыцці чалавека. Нават калі газета перадае далёка не рэлігійны змест, трэба накіраваць святло Евангелля на ўсе сферы чалавечага жыцця. У іншым выпадку хтосьці можа застацца ў цемнаце.
   
    – Пасля намінацыі ў адным з інтэрв’ю Вы падкрэслілі, што сваім прыярытэтам лічыце дзяленне Божай любоўю з людзьмі. Што яшчэ праз сваю біскупскую паслугу Вы імкнецеся перадаць людзям?
    – Дазволю сабе невялікае адступленне. У спорце існуе эстафетны бег, калі ў адной камандзе ўдзельнічае некалькі асоб і кожны ведае, што ад яго здольнасцей і ўменняў, а таксама ад яго намаганняў залежыць гатунак медаля. Да таго ж, бегуны не могуць выпусціць эстафетную палачку, якая павінна перадавацца з рукі ў руку, бо інакш выступленне не будзе залічана. А таму тое, што я атрымаў падчас хросту, што было ўзмоцнена ў сакраманце пасвячэння – дар Божага жыцця – я павінен перадаць маім суайчыннікам. Я павінен таксама паклапаціцца пра тое, каб гэты дар не быў зняважаны і неацэнены маладым пакаленнем, якое з’яўляецца нашай надзеяй.
  
 Падчас душпастарскага візіту іерарха ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа   – Восенню Вы сустракаліся з папам Францішкам. Святы Айцец тады заклікаў культываваць айцоўскі і пастарскі падыход у адносінах да сваіх святароў, заахвочваў прымаць усіх людзей, не дыскрымінуючы нікога, прапануючы кожнаму “цвёрдасць улады, якая спрыяе росту, і слодыч айцоўства, якое адраджае”.

    – Што ж, з хатнім заданнем цяжэй за ўсё. Я не ўтойваў радасці ад сустрэчы з папам Францішкам, але таксама слухаў наказ, які мы павінны выконваць у свеце як пастыры. Пры гэтым ніхто не забараняе нам праводзіць душпастарскі “эксперымент”. А таму падчас сустрэчы з добра выпіўшым мужчынам у яго доме, я спачатку спытаўся, з кім яму ўдалося выпіць, колькі ён можа выпіць, ці не баліць яму раніцай галава. Мужчына ахвотна адказаў на зададзеныя пытанні, але быў яшчэ ў стане падсумаваць і спытаўся, чаму я на яго не крычу і не палохаю пеклам? На што я пацікавіўся, чаму я павінен гэта рабіць. Ён адказаў: “Вы ж біскуп, у Вас такі абавязак”. На жаль, часам так думаюць і цвярозыя. Чалавек, які ні ў што не верыць, баіцца ўсяго. Таму трэба дадаць сучаснаму чалавеку адвагі стаць у праўдзе перад Богам, а Ён звернецца да нас і задасць пытанне, а таксама падкажа тады, калі мы не будзем арыентавацца з-за іншых галасоў.
   
    – 2015 год аб’яўлены ў Касцёле ў Беларусі Годам навяртання. На чым вернікам трэба засяродзіцца асаблівым чынам, каб плённа перажыць гэты год?
    – Навяртання ў рэлігійным значэнні патрабуе кожны чалавек. Навяртанне з’яўляецца вяртаннем да першапачатковага стану ласкі – Божага сыноўства. Сёння многія захапляюцца здароўем, прыгажосцю, інтэлектам і талентамі, адцягваючы такім чынам сваю ўвагу ад крыніцы сапраўднага дабра, якое чалавек знаходзіць толькі ў Богу. Хтосці сказаў: “Я баюся Пана, што праходзіць каля мяне”. Шмат гаворыцца пра шуканне Бога, але рэдка можна сустрэць тых, хто можа яго паказаць. Таму хачу пажадаць, каб у жыцці кожнага з нас сустрэўся той ці тое, што паказвае дарогу да навяртання.
   
    – Што б Вы хацелі пажадаць чытачам “Слова Жыцця” на новы 2015 год?
    – У 1968 годзе Луі Армстронг спяваў: “What a Wonderful World” – які цудоўны свет. Ён меў на ўвазе свет, створаны Богам. Таму я жадаю ўсім чытачам газеты “Слова Жыцця”, усяму рэдакцыйнаму калектыву на чале з галоўным рэдактарам кс. Паўлам Салабудам, каб мы разам стваралі гэты цудоўны Божы свет.
   
    Прашу ўсіх аб малітве і ад усяго сэрца бласлаўляю.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  84

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.