ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Будзьце місіянерамі радасці Евангелля

Слова рэдактара

 “Чарговы загаловак свайго рэдактарскага разважання я ўзяў з гаміліі Святога Айца Францішка, прамоўленай у Маніле падчас візіту на Філіпіны 18 студзеня. На плошчу Рызаль на супольную малітву прыбыло мноства філіпінцаў. Усе, безумоўна, чакалі ад Пятра нашага часу пастарскага слова, падказкі на чарговыя дні зямнога жыцця, каб яно было бласлаўлёнае Богам. Беручы пад увагу паўсюднасць Касцёла, мы разумеем, што словы Святога Айца скіраваны таксама нам.
    Папа спачатку прыгадаў усім сабраным пра нашу тоеснасць, пра тое, што кожны з нас з’яўляецца Божым дзіцём. Тое, што мы члены Божай сям’і, абавязвае кожнага чалавека, незалежна ад таго, жыве ён у Беларусі ці на Філіпінах, захоўваць тоеснасць веруючага чалавека. Гэта не заўсёды атрымліваецца, бо д’ябал руйнуе нашае жыццё, робіць усё, каб сучасны чалавек забыўся пра сваё падабенства з Богам. Папа Францішак сказаў пра гэта наступным чынам: “Часам, калі мы бачым праблемы, цяжкасці і нясправядлівасць вакол нас, узнікае спакуса паддацца ім. Здаецца, што абяцанні Евангелля не могуць рэалізавацца, што яны нерэальныя. Але Біблія гаворыць нам, што вялікай небяспекай для Божага плана адносна нас ёсць і заўсёды быў падман. Сатана – бацька падману. Ён часта хавае свае сеткі за знешняй вытанчанасцю, за прывабнасцю быць «сучаснымі», быць «як усе».
Ён рассейвае нашу ўвагу мімалётнымі прыемнасцямі, павярхоўнымі забавамі. Такім чынам мы растрачваем атрыманыя ад Бога дары, забаўляючыся гаджэтамі, марнатравім нашыя грошы на азарт і выпіўку, закрываемся ў сабе. Мы забываемся засяроджвацца на рэчах, якія на самой справе ўлічваюцца. Забываемся быць як дзеці. Таму што дзеці, як навучае нас Пан, маюць сваю асабістую мудрасць, якая не з’яўляецца мудрасцю свету. Таму менавіта пасланне Дзіцятка Езус настолькі важнае для нас. Езус прамаўляе пранікнёна да ўсіх нас, прыгадвае нам пра нашу глыбокую тоеснасць – пра тое, да чаго мы пакліканы як Божая сям’я”.
    Пан Езус бласлаўляе кожнага з нас быць сведкамі радасці Яго Евангелля, быць апосталамі добрай, радаснай навіны. Мільёны філіпінцаў прынялі гэты заклік Папы. Я спадзяюся, што таксама і мільёны жыхароў Беларусі прымуць навуку Евангелля з радасцю, а затым стануць апосталамі добрай навіны для ўсіх, хто забыўся пра цудоўную евангелічную мелодыю ў сваім жыцці. Кожны з нас мае свае карані, сваю гісторыю жыцця, сваю сям’ю і сваё асяроддзе, а ўсіх нас яднае Евангелле, радаснае пасланне нованароджанага Езуса кожнаму з нас. Свету неабходны радасныя місіянеры Евангелля, больш таго, Беларусі неабходны такія людзі, якія, змяняючы сябе, змяняюць таксама аблічча зямлі. Некаторыя з нас маюць няшмат прычын для радасці, у кагосьці іх больш, але мы ўсе заўсёды можам знайсці нагоду для радасці – яе дае нам Евангелле, пасля прачытання якога хочацца цешыцца жыццём Божага дзіцяці. Чалавек, які памятае пра гэта, кожны дзень будзе перажываць радасць Евангелля. Часам здаецца, што гэта можа быць толькі духоўная асоба ці той, хто “адрываецца” ад зямнога жыцця і стварае свой асабісты свет радасці. Аднак, мы забываемся, што ўсе можам перажываць такую радасць, напрыклад, падчас св. Імшы, калі чуем Божае слова, альбо падчас чытання Святога Пісання дома. Варта задумацца над тым, што Евангелле становіцца для нас пашпартам нашага жыцця, радасцю і апостальствам у штодзённасці. Давайце будзем апосталамі радасці Евангелля, сведкамі цуду прысутнасці Бога сярод людзей, прысутнасці Яго ў нашым жыцці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.