ГРОДНА
Субота,
13 красавіка
2024 года
 

Паглыбіць веды пра рэлігію, да якой належу

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
    Вітаю ўсіх чытачоў рубрыкі “На скрыжаванні” ў бягучым 2015-ым годзе! Хутка рубрыцы спаўняецца 4 гады. Каб адчуць, што мы патрэбны адзін аднаму, прапаную прааналізаваць працу моладзевай пляцоўкі і даслаць каментарыі на адрас, які Вы знойдзеце трохі ніжэй. Рубрыка гатова змяняцца з улікам Вашых пажаданняў. Разам мы ствараем тое, што цікава нам.
    Сёння паспрабуем аб’ектызавацца ў пытаннях рэлігійнасці, адчуць падабенства ўсіх веруючых і разабрацца, у што верыць канкрэтна кожны з нас. Нас чакае роздум над простымі паняццямі і пошук святасці ў штодзённасці.
    Што ж, з Богам!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе” (Ян 4, 24)
    Мы не бачылі Бога, Ён не адкрываецца нашым вачам. Гэта значыць, што ў Бога няма канкрэтнага месцазнаходжання – Ён усюды. І пакланяцца Яму трэба не ў нейкім вызначаным месцы (напрыклад, касцёле), а душою і чысцінёю розуму паўсюдна.
        
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб людзі, якія належаць да розных рэлігійных традыцый, і ўсе людзі добрай волі супрацоўнічалі ў справе ўмацавання міру

   Усё роўна, хто мы, важна да чаго мы імкнёмся.
    Сучасны свет патрабуе падтрымкі. І асабліва ў справе ўмацавання міру. Свой уклад можа зрабіць кожны. Папа Рымскі Францішак прапануе ўсім католікам свету ахвяраваць у студзені свае малітвы ў гэтай інтэнцыі.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: рэлігія
   Сёння ў свеце існуе некалькі соцень рэлігійных традыцый. Яны адрозніваюцца па форме аб’яднання вернікаў, абраднасці, але базуюцца на адных і тых жа нормах маралі. Усе рэлігіі свету вучаць любові, развіццю чалавечай істоты праз духоўную практыку. Усе яны даюць сілу і здольнасць да пераўтварэнняў, каб дасягнуць вышэйшага стану. Падобныя і шляхі дасягнення гэтай мэты – вера, малітва, дабрачыннасць, самадысцыпліна.
    Дык чаму ж некаторыя з нас варожа ставяцца да тых, хто называе Бога Алахам або нейкім іншым імем? Мэта кожнага з нас – з’яднацца з Усявышнім. Гэта нас і аб’ядноўвае.
    Ці гатовы я роўна ставіцца да верніка іншай рэлігіі? Што мая рэлігія значыць для мяне? Шукаем адказы на пытанні ў студзені.
   
  СПРАВА МЕСЯЦА: паглыбіць веды пра рэлігію, да якой належу
   Часам можна жыць і не ведаць, па якім шляху ідзеш.
    “Сусвет пранізаны рэлігійным пасланнем і асвячаецца прысутнасцю сэнсу. У рэлігійным вобразе быцця рэчы і прадметы заўсёды азначаюць нешта большае, чым можна ўявіць на першы погляд. У кожнай з’яве свету праступае нявыказанае, тое, што выступае за межы прыроды”, – казаў некалі святар і псіхатэрапеўт з Галандыі Адрыян ван Каам.
    Што, чаму, калі і навошта? Не задаючы сабе такіх пытанняў, чалавек рызыкуе “тармазіць” свой духоўны пошук, які яго развівае. Час паглыбіць веды пра рэлігійныя ўяўленні, на якіх базуецца свядомасць, а разам з тым, і вера. Гэта можна зрабіць праз разнастайныя крыніцы: тэксты, аўдыёматэрыялы, відэа, сведчанні і інш.
   
  МЭТА МЕСЯЦА: перагледзець свой светапогляд
   Калі Вы чытаеце гэтыя радкі, то, хутчэй за ўсё, з’яўляецеся веруючым чалавекам, належыце да пэўнай рэлігіі. Яна, мабыць, напаўняе Вашае жыццё нейкім асаблівым значэннем і сэнсам. Але што з’яўляецца Вашым духоўным арыенцірам?
    Прапаную паразважаць над такімі, здавалася б, простымі і ў той жа час значнымі паняццямі, як дабро і зло, мараль, мэта, сэнс жыцця... Спраецыраваць іх на сучаснасць і сваё жыццё. Верагодна, Вам адкрыюцца новыя ісціны.
 
АСОБА МЕСЯЦА: святы Раймунд з Пеньяфорта

   Нарадзіўся Раймунд у 1175 годзе ў Пеньяфорце – невялікім мястэчку ў Каталоніі – у багатай дваранскай сям’і. Вучыўся ў Балонскім універсітэце. Там жа атрымаў доктарскія ступені па грамадзянскім і кананічным праве. Некаторы час выкладаў ва ўніверсітэце, узначальваў кафедру права. Хутка заваяваў сваім інтэлектам уплыў пры двары караля Хайме І і стаў каралеўскім спаведнікам. У 1230 годзе Раймунда выклікаў у Рым папа Рыгор ІХ. Ён хацеў, каб адзін з лепшых канонікаў часу прыняў удзел у распрацоўцы адзінага зводу кананічнага права. Такім чынам, у 1234 годзе выйшаў першы афіцыйны Кодэкс кананічнага права каталіцкага Касцёла, вядомы як “Дэкрэталіі Рыгора IX” або “Дадатковыя кнігі”. Па заканчэнні працы папа Рыгор IX хацеў прызначыць Раймунда на пасаду арцыбіскупа Тарагона, аднак той адмовіўся. У 1236 годзе Раймунд вярнуўся на Іберыйскі паўвостраў. На два гады ён быў абраны генералам дамініканскага ордэна. У пажылым узросце працаваў у Барселоне над паляпшэннем якасці адукацыі ў дамініканскіх школах. Увёў абавязковае вывучэнне арабскай і яўрэйскай моў для будучых місіянераў. Падтрымліваў і высока ацэньваў працы брата па ордэну святога Тамаша Аквінскага. У прыватнасці менавіта па яго просьбе Тамаш Аквінскі напісаў сваю працу “Сума супраць язычнікаў”.
    Памёр у Барселоне ў 1275 годзе. Пахаваны ў адным з гарадскіх сабораў. Кананізаваны ў 1601 годзе папам Кляментам VIII. Дзень памяці – 7 студзеня. Лічыцца заступнікам юрыстаў, канонікаў, спаведнікаў.
   
    Да якіх святых звяртацца з асаблівымі просьбамі аб заступніцтве ў студзені?
   Св. Здзіслаў (3 студзеня),
    св. Андрэй (6 студзеня),
    св. Раймунд (7 студзеня),
    св. Юліян (9 студзеня),
    св. Фелікс (14 студзеня),
    св. Фабіян (20 студзеня),
    св. Агнешка (21 студзеня),
    св. Тамаш (28 студзеня),
    св. Ян Боско (31 студзеня).

 
   КНІГА МЕСЯЦА: “Гісторыя аднаго «так». Жыццё святога Хосэмарыі Эскрыва”, Мігель Анхель Карсэлес і Ізабэль Тора
   Сёння Хосэмарыю Эскрыва называюць святым “штодзённасці”, таму што ён дапамагаў зразумець, што нашы надзённыя справы маюць вялікі сэнс.
    З анатацыі да кнігі: “Гады дзяцінства, юнацтва, дарослае жыццё святога Хосэмарыі праходзяць перад вачыма чытача, як кадры займальнага фільма. Выдатныя ілюстрацыі дапамагаюць наглядна ўявіць сабе жыццё гэтага чалавека. З кнігі чытач пазнае, якія падзеі паўплывалі на жыццё Хосэмарыі, якія людзі сустракаліся на яго шляху, як ён пераадольваў усе цяжкасці і нягоды жыцця, пакутаваў, радаваўся, змагаўся і... стаў святым. Кніга адрасавана дзецям рознага ўзросту, але будзе цікавай і шырокаму колу дарослых чытачоў”.

    ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Няхай светам кіруе каханне”, Андрэй Алексін

   Неверагодная песня! Глыбокі хрысціянскі сэнс і неадчэпная мелодыя. Упэўнена, што большасць з Вас пасля праслухоўвання будзе напяваць сабе пад нос некаторыя яе радкі.
    Усявышні наказаў усім людзям любіць. “Пакуль жывуць на свеце людзі, няхай светам кіруе каханне”. Выканаўца заклікае нас не апускаць рукі: “Усё будзе добра, бо ў свеце ёсць любоў”. І ты верыш яму! “І не трэба лішніх слоў, так было і заўсёды так будзе”.
   
Дзяліцеся ўражаннямі ад планавання свайго жыцця разам з рубрыкай “На скрыжаванні”. Дасылайце лісты на адрас рэдакцыі або на электронны адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . Ініцыятыўных чытачоў аўтар рубрыкі адзначыць прызамі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  263

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.