ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Дарагія Чытачы газеты “Слова Жыцця”!

Пастырскае Слова

Я ўсцешаны, што звяр­таючыся да Вас упер­шыню як біскуп, магу паведаміць Вам радасную навіну: “Я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан” (Лк 2, 10–11). І далей з Вамі напяваю калядную песню пры Бэтлеемскіх яслях у нашых касцёлах: “Ляжыць у яслях, хто ж паверыць?!”
    Бог у яслях? Яго адаруюць анёлы, Ім захапляецца Найсвяцейшая Маці, з асцярожнасцю глядзіць св. Юзаф, з радасцю схіляюцца пастушкі. І толькі адно пытанне: ці так выглядае Бог? Ці праўда, што Бог выглядае таксама, як кожны чалавек?
    Дарагія Браты і Сёстры! Гэта Божы Сын пакладзены на сене. Гэта цуд, які мы перажываем, пры якім молімся, які нас затрымлівае каля сябе. Калядка за калядкай, дзяленне аплаткай, Пастэрка, зноў Бэтлемская стайня, задуменнасць у Тваім і маім сэрцы: ці сапраўды Бог аж так палюбіў свет?
    Давайце яшчэ раз прыгледзімся да стайні, да фігуркі Дзіцятка Езус. Яна ўказвае на звычайнага чалавека адразу ж пасля нараджэння: безабароннага, якому неабходна апека, любоў, пяшчота, трохі цеплыні і сэрца, якое чакае.
Павер, Брат і Сястра, што гэта Бог! Ён чакае Твайго сэрца, адкрый яго перад Ім, не бойся, там шмат дабрыні і цеплыні. Я перакананы, што ў сэрцы нашага народа, хоць і закранутага многімі праблемамі, ёсць вялікая моц – моц надзеі. Наша зямля – гэта зямля надзеі.
    Няхай сёлетнія святы Божага Нара­джэння ўсвядо­мяць нам, што Бог выглядае менавіта так, як кожны чалавек: як Твой сын, Твая дачка, брат, жонка, бацька і маці, а таксама сусед ці чалавек, якога Ты штурхаеш, спяшаючыся на працу ці ў школу, як хтосьці, на каго, можа, крыўдзішся. Менавіта так выглядае Бог, таму давайце паглядзім адзін на аднаго ў гэтыя святы Божага Нараджэння і Новага года па-Божаму, паглядзім, як Божыя дзеці. Давайце радавацца, а дзелячыся аплаткай, дзяліцца адзін з адным прысутным у нашых сэрцах Езусам.
    Давайце заглянем падчас гэтых Свят са свечкай “Карытас” у дзіцячыя дамы і дамы прыстарэлых, заглянем з надзеяй, што прыйдзе такі час, калі ў нашай краіне не будзе пакінутых дзяцей і нежаданых бацькоў.
    Давайце ахінём сваёй апекай дзяцей і моладзь, прысвецім ім трохі часу кожны дзень. Давайце не будзем укладваць у іх рукі цацачныя аўтаматы ці пісталеты. Не трэба згаджацца на прысутнасць на першакамунійным стале нават безалкагольнага шампанскага. Не трэба апраўдвацца, гаво­рачы: няхай лепш курыць папяросы, чым прымае наркотыкі.
    Памолімся, Дарагія, за сем’і, каб яны былі моцныя Богам, дадайма ім веры ў магчымасць вытрываць у любові і вернасці да канца, каб яны не стаялі ў чарзе па развод.
    Пры Бэтлеемскай стайні давайце маліцца адзін за аднаго і памятаць аб “Маленькай Любові”, якая спіць у яслях. Папросім аб бласлаўленні Божага Дзіцяці для ўсіх людзей добрай волі.
    Бласлаўлёных, радасных і спакойных свят Божага Нараджэння і шчаслівага Новага 2015 года!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.