ГРОДНА
Нядзеля,
29 студзеня
2023 года
 

Супакою, шчасця, радасці і здароўя...

Хрысціянскія традыцыі

Менавіта гэтыя словы ўжо ў хуткім часе паляцяць у свет, паколькі набліжаюцца святы Божага Нараджэння – святы сямейных сустрэч, адкрыцця нанова прыгажосці веры. Яны напоўняць нас духам еднасці, супакою і добразычлівасці. Сотні святочных віншаванняў будуць напячатаны на клавіятуры, высланы СМСкай, прамоўлены ў трубку тэлефона і напісаны на паштоўцы.
Складанне пажаданняў на святы – калядная тра­дыцыя, вядомая прак­тычна кожнаму. Калісьці ўся сям’я з вялікім энтузіязмам чакала паш­тальёна, які прыносіў святочныя паштоўкі, часам у канвертах акрамя карткі з віншаваннямі можна было знайсці таксама аплатку, якую здалёк прыслалі родныя ці сябры, з якімі не было магчымасці сустрэцца асабіста.
    Сёння ўсё часцей для перадачы віншаванняў людзі карыстаюцца сучаснымі сродкамі камунікацыі: бліжэйшым членам сям’і тэлефануюць, знаёмым высылаюць СМСкі ці электронныя паштоўкі. Так, сучасныя тэхналогіі вельмі зручныя, бо віншаванні хутка трапляюць да адрасата. Але яны не могуць замяніць задавальнення, з якім мы выбіраем паштоўкі ў крамах, каб дома разам упісаць у іх пажаданні і адрасаваць блізкім. Таму не варта адмаўляцца ад гэтай прыгожай традыцыі, без якой многія з нас не ўяўляюць сабе ідэальных Свят.
    Большасць з нас жадае на Святы мноства Божых ласкаў, бласлаўлення на наступны год ад нованароджанага Збаўцы. Аднак, паводле статыстыкі, асобы, у якіх пыталіся аб тым, якія святочныя пажаданні падабаюцца ім больш, адказалі: “Тыя, што складаюць проста ад сэрца, адрасаваныя індывідуальна, калі падчас ламання аплаткай, гледзячы ў вочы шчыра выказваецца тое, чаго б хацелася для дадзенай асобы. Бо менавіта тады вядома, што чалавек не ўспрымаецца павярхоўна, а само віншаванне прыносіць задавальненне”.

    Адсутнасць магіі віншаванняў,
ці свецкія паштоўкі з нагоды рэлігійнага свята

    “Учора я стаяла ў чарзе на пошце, а перада мной пара ва ўзросце трыццаць з нечым. Жанчына просіць святочныя паштоўкі. З акенца пытаюцца: «Рэлігійныя ці свецкія?» – «Свецкія». Мужчына ў паўголасу да сваёй спадарожніцы: «А рэлігійныя гэта якія?» Яна: «Ну, ведаеш, такія з Езусікам, з Божанькай...»” – апісвае выпадак пэўная інтэрнэт-карыстальніца, звяртаючыся да грамадства з пытаннем: “Адкуль такое пазбяганне традыцыйнай рэлігійнай сімволікі?”.
    Сёння інтэрнэт-парталы ўсё часцей апісваюць выпадкі, дзе са свят Божага Нараджэння спрабуюць абдзерці рэлігійнае вымярэнне. Напрыклад, рэпарцёры адной з польскіх газет прааналізавалі святочную карэспандэнцыю, якую рассылалі ўстановы і важныя асобы ў дзяржаве. Вывад? Атрымліваючы паштоўкі, можна не дадумацца, з якой яны нагоды.
    Як аказалася, нават у Польшчы, каталіцкай краіне, каб знайсці на картках разам з віншаваннямі на Божае Нараджэнне традыцыйныя рэлігійныя сімвалы, трэба добра пашукаць. Яслі, Бэтлеемская стайня ці Дзіцятка Езус саступілі месца паўсюднай елцы. Установы і палітыкі рассылаюць віншаванні, дзе прысутнічаюць словы “Божае Нараджэнне”, але стайню замяняюць будынкі ў зімовым афармленні. Ніхто не хоча задумвацца над тым, што адкідванне рэлігійнай сімволікі – гэта бессэнсоўнае перайманне моды на антырэлігійнасць. Пажаданні, што праўда, святочныя, а ілюстрацыя? Бутэлька шампанскага плюс чатыры келіхі.
    Варта адзначыць, што агульная колькасць высы­лаемых па ўсім свеце калядных паштовак дасягае некалькіх мільярдаў. У англасаксонскіх краінах гэты звычай настолькі папулярны, што на аднаго чалавека прыпадае ў сярэднім больш за дзесяць святочных паштовак. Існуюць цэлыя выдавецкія фірмы, якія спецыялізуюцца ў гэтай галіне. Было б выдатна, калі б на Святы, якія з’яўляюцца часам любові, перыядам, калі мы павінны аказваць адзін аднаму добразычлівасць, веруючыя асобы не адмаўляліся ад такога мілага звычаю, якім з’яўляецца складанне калядных пажаданняў на картках з рэлігійнымі матывамі. Тады ад сэрца да сэрца паляцяць словы: “Здаровых, спакойных і бласлаўлёных свят Божага Нараджэння і шмат шчасця і поспехаў у Новым годзе!”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  337

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.