ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

“Ідзіце па ўсім свеце і навучайце ўсе народы”: Гродзенская дыяцэзія атрымала шэсць новых дыяканаў

З жыцця Касцёла

Ксяндзы біскупы разам з выхавацелямі семінарыі і новымі дыяканамі пасля ўрачыстасці

6 снежня ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя шэсць навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне атрымалі дыяканскае пасвячэнне. Удзяліў пасвячэнне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
    На ўрачыстай Імшы сабраліся выкладчыкі гродзенскай семінарыі, духавенства, манаскія сёстры, родныя і знаёмыя новых дыяканаў. Таксама ў Імшы прымаў удзел біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка.
Новымі дыяканамі сталі:
    * Андрэй Белаблоцкі, паходзіць з парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне;
    * Павел Скуба, паходзіць з парафіі Божага Цела ў Крамя­ніцы;
    * Дзмітрый Папянюк, паходзіць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне;
    * Часлаў Ладыка, паходзіць з парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку;
    * Ян Варанецкі, паходзіць з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне;
    * Віталій Пяткевіч, пахо­дзіць з парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах.
    Новыя дыяканы абавязуюцца верна і сумленна выконваць задачы, якія вынікаюць з пасвячэння, захоўваць цэлібат і еднасць з біскупам, дапамагаць святарам у выкананні літургічных дзеяў, маліцца Літургіяй гадзін і служыць Хрысту ў Яго Касцёле.

    Несці дапамогу патрабуючым
    Біскуп Антоній Дзям’янка ў гаміліі звярнуў увагу на ролю пасвячэння дыяканату і дзеяў, якія вынікаюць з прынятага пасвячэння. Звяртаючыся да дыяканаў, іерарх сказаў: “Вы будзеце вялікай дапамогай для святароў і свайго біскупа. Будзеце абвяшчаць Божае слова і навучаць усіх тых, да каго вас пашле Касцёл”.
    “Вы былі выбраны сярод многіх людзей, – дадаў пінскі ардынарый. – Сёння вы становіцеся духоўнымі асобамі, будзеце належаць да асаблівай групы, якую выбраў і палюбіў Пан, які будзе вамі апекавацца”. Па словах іерарха, праз гэтае пасвячэнне Бог дае новым дыяканам канкрэтныя задачы, жадае, каб яны былі руплівымі і вытрывалі ў тым, да чаго Ён іх паклікаў, былі да канца вернымі ў гэтым пакліканні. Біскуп нагадаў пра важнасць рэгулярнай малітвы ў жыцці святара, заклікаў новых дыяканаў “быць вернымі малітве Літургіі гадзін”, “любіць індывідуальную і супольную малітву”. Таксама біскуп заахвоціў прымаючых пасвячэнне апекавацца тымі, хто патрабуе дапамогі, “хто найбольш пакутуе, бо яны найбольш блізкія да крыжа”, заклікаў асаблівым клопатам ахінаць тых, хто згубіўся ў веры, хто далёка ад Касцёла і Хрыста. “Несці дапамогу патрабуючым – ваша задача”, – дадаў іерарх, узгадваючы словы папы Францішка, які заахвочвае да апекі над гэтымі людзьмі.
    Словы ўдзячнасці ўсім тым, хто дапамог прыйсці да Хрыстовага алтара і падтрымліваў малітоўна, выказаў ад імя новапасвечаных дыякан Павел Скyба.
   
    Быць пакорным слугой Пана
    На заканчэнне св. Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу на тое, што праз факт прыняцця пасвячэння кожны свядома выбраў паставу слугі і перад пасвячэннем аб’явіў гэта Богу, Касцёлу і сваім блізкім. “У сённяшнім грамадстве пастава слугі не ў модзе, але толькі такая пастава адпавядае вучню Хрыста, які не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць сваё жыццё для адкуплення многіх”, – сказаў іерарх, дадаўшы, што да паставы слугі трэба ўзрастаць безупынна: “Гэтую паставу служэння трэба выбіраць штораз нанова. Штодня трэба нанова хацець служыць Богу і чалавеку, як вучыць нас сам Хрыстос і Яго Маці – пакорная Слуга Пана”.
    Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў бацькам новых дыя­канаў за тое, што выхавалі сваіх сыноў здольнымі прыняць цяжкае і ганаровае заданне службы Касцёлу. Сённяшняму свету патрэбны святары, адкрытыя на дзеянне Божай ласкі. Хочацца пажадаць, каб новыя слугі алтара Гродзенскай дыяцэзіі былі заўсёды адкрытыя на дзеянне Святога Духа і супрацоўнічалі з ласкай Пана. Спеў “Ідзіце па ўсім свеце і навучайце ўсе народы”, які гучаў падчас св. Імшы, нагадваў сабраным, а асабліва самім новым дыяканам, што жніво ўсё яшчэ вялікае, а работнікаў мала.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.