ГРОДНА
Чацвер,
20 чэрвеня
2024 года
 

Езус, прыходзь з намі смачна паесці

Рэкалекцыі са «СЛОВАМ»

Мы перажываем перыяд Адвэнту. Для большасці з нас гэта не першы Адвэнт у жыцці, а таму варта ўзяцца за духоўную працу, каб сустрэць Хрыста з чыстым сэрцам. У такой падрыхтоўцы да сустрэчы наша Рэдакцыя хоча спадарожнічаць кожнаму з Вас, дарагія Чытачы. Чарговае адвэнтавае “слова” даслаў нам Арцём Ткачук, які цяпер працуе ў якасці валанцёра ў Камеруне на адной з місій. Давайце паспрабуем прыняць чарговую рэкалекцыйную падказку.
За калядным сталом чыта­юць Евангелле, за ім ядуць і за ім просяць прабачэння, за ім тонуць у самоце і не чуюць адзін аднаго з-за сямейнага гулу, калядны стол пераварочваюць і дзеці з маці збіраюць стравы з падлогі, яго адмыслова ўпрыгожваюць і за ім банальна вячэраюць, звычайна нешта ўзгадваецца і хтосьці маўкліва слухае. Які б ён не быў, яго заўсёды называюць калядным. Так па-людску, як кожны ўмее і хоча. †
Вось і сёлета чарговае Раство. Колькі гадоў жывём, столькі Бог прыпамінае пра гэтую таямніцу. Як быццам мы дзеці, якім трэба ўсё сто разоў паўтарыць. Адныя і тыя ж калядкі, тая ж аплатка, усё тыя ж віншаванні пробашча на Пастэрцы. Гэта ўсё падаецца такім далёкім ад неба, такім зямным і банальным, што хочацца супрацьпаставіцца, абурыцца, не скарыцца. Так яшчэ зусім нядаўна рабіў і я.
    Яшчэ летась я напісаў бы, што таямніцу Богаўцелаўлення мы схаваем пад аплатак, пад вігілійны стол, пад падарункі і елку. Але шматлікія роздумы над сэнсам прыйсця Хрыста, гэтым зацёртым “Бог прыйшоў на зямлю, каб уратаваць чалавецтва” не далі вынікаў. Нават радасць з самога пошуку сэнсу ўсяго гэтага ўжо не такая свежая. У чарговы раз схіляешся перад Ім і згаджаешся, што ты проста маленькі чалавек. Застаецца пакора і ціхі рух наперад. Дык я гэта пра стол.
    Упершыню ў жыцці хочацца дастаць святочны абрус, з’есці аплатку і проста схавацца ў мяккіх Калядах. Так хочацца сказаць: “Езус, прыходзь з намі смачна паесці, пагаманіць, можа, нечым пагрэцца”. Нібы думаеш, што не хочаш зямлі, толькі неба. А нядаўна, як меў тэмпературу 40,5 і з мяне літаральна цякло, я зразумеў, як хочацца жыць і як хочацца капчонай каўбасы з сырам і хлебам. Таму сёлета Езуса запрашаю проста па-людску паесці, пасядзець і пра нешта пашаптацца. І Ён прыйдзе, бо Ён Бог і паводле Евангелля не грэбаваў гэтым падсілкавацца.
   
ВАРТА ПАМЯТАЦЬ
    Вігілійная справа дапамогі
    Свечка “Карытас” на святочны стол – гэта дапамога бедным дзецям. Вялікімі крокамі набліжаецца перыяд Божага Нараджэння, але побач з намі ёсць тыя, хто без нашай дапамогі не адчуе прыгажосці гэтых Свят. Чакаючы свят Божага Нараджэння, “Карытас” распачало Вігілійную справу дапамогі дзецям. У Адвэнце ва ўсіх парафіях нашай дыяцэзіі можна набыць вігілійную свечку “Карытас”, якая будзе сімвалам нашай святочнай дапамогі самым бедным дзецям краіны. На ўсе ахвяры, сабраныя падчас акцыі, будуць закуплены святочныя падарункі для бедных, занядбаных дзяцей і сірот. Сядаючы за вігілійны стол і дзелячыся аплаткай пры запаленай свечцы, мы будзем больш шчаслівымі, бо дзякуючы нашай ахвяры бедныя дзеці таксама змогуць па-святочнаму перажыць гэтыя выключныя дні Божага Нараджэння. Праз нашыя добрыя ўчынкі нованароджаны Хрыстос прыходзіць у нашыя дамы і сем’і.
    СПЯШАЙМАСЯ РАБІЦЬ ДАБРО!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  195

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.