Сурвілішкі

 |  Паводле архіва Гродзенскай дыяцэзіі  |  Парафіі і святыні
Дэканат Іўе
Парафіяльны касцёл (з XVI ст. у складзе Ашмянскага дэканата) пазначаны тут, ва ўладаннях роду Сурвілаў, як дзеючы яшчэ ў 1500 г. Па іншых звестках, заснаваны ў 1510 г. Асвечаны пад тытулам св. Яна.
    У сярэдзіне XVI ст. маёнтак Сурвілішкі быў падзелены паміж Сурвіламі і Гайкамі, пры гэтым на сваёй палове Ян Гайка (памёр не раней 1569 г.), кашталян берасцейскі і стараста трабскі, вырашыў пабудаваць асобны касцёл, аднак так і не паспеў гэтага зрабіць. Волю памерлага выканала яго жонка Ружа з Жычылаў, збудаваўшы святыню ў 1591 г. Новы касцёл быў асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. У 1603 г. святыню ўпасажыў Богдан Карызна. У той час пры касцёле дзейнічала альтарыя.
    Пазней касцёл св. Яна больш не ўзгадваецца (верагодна, струхнелую святыню разабралі і вырашылі не аднаўляць, таму што мясцовым парафіянам хапала і аднаго касцёла), а касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў другой палове XVIII ст. быў рэканструяваны ў стылі барока і працягваў дзейнічаць далей. Паволе іншых звестак, на пачатку ХХ ст. коштам парафіян быў пабудаваны новы касцёл, але хутчэй за ўсё адбылася толькі значная рэканструкцыя святыні.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў пабудаваны на паўднёвай ускраіне вёскі, на парафіяльных могілках. Гэта быў бязвежавы крыжападобны ў плане храм (памерамі прыкладна 18 х 12 м) з вузкім трансептам, пяціграннай падоўжанай апсідай, фланкаванай дзвюма нізкімі сакрыстыямі. Галоўны фасад завершаны фігурным барокавым франтонам. Касцёл быў накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над прэзбітэрыем, крылы трансепта – таксама двухсхільнымі. Вільчык даху над алтаром завяршаўся гранёнай сігнатуркай.
    Залавы інтэр’ер, перакрыты плоскай пад­шыўной столлю з за­круг­ленымі вугламі, упры­гожвалі тры барокавыя алтары, дэкараваныя кало­намі і пілястрамі карын­фскага ордэра, разь­бя­ным раслінным арнаментам, галоўкамі пуцці. Над нартэксам былі зроблены хоры з арганам, якія раскрываліся ў малітоўную залу арачнымі праёмамі.
    Званіца заўсёды стаяла асобна і таксама была драўлянай. У другой палове ХIХ ст. тэрыторыя касцёла была абнесена бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны двухслуповай брамай. Адначасова з гэтым, а дакладней у 1878–1880 гг., злева ад уваходнай брамы над магілай мясцовага шляхціча Рамана Паплаўскага была ўзведзена каменная капліца (аб чым сведчыць мемарыяльная гранітная пліта фундатара на заходняй сцяне), якая стала таксама новай званіцай касцёльнага комплексу. Атрымалася вельмі цікавае чатырохузроўневае квадратнае ў плане збудаванне з цэглы, бутавага каменю і дрэва. У цокальным узроўні быў пахаваны сам Паплаўскі, над пахавальняй у каменным ярусе знаходзілася капліца з алтаром і хорамі (трэці ўзровень, куды вядзе вінтавая лесвіца ў тоўшчы ўваходнага фасада), завяршаў кампазіцыю высокі драўляны ўзровень званіцы пад шатровым чатырохсхільным гонтавым дахам. Верагодна, у першай палове ХХ ст. апошні ўзровень быў страчаны і яго замяніла падобная канструкцыя званіцы, але больш простая, без дэкору і меншая па вышыні, аднак і ад яе цяпер амаль нічога не засталося.
    У 1784 г. у Сурвілішках, якія належалі тады Ігнату Чэховічу, была заснавана капліца. У другой палове ХIХ ст. да сурвілішскай парафіі належала капліца ў Клявіце (раней нарвілішская парафія (Літва), сёння Ашмянскі дэканат, граўжышская парафія), дзейнічала парафіяльная школа. Перад Другой сусветнай вайной колькасць вернікаў складала амаль 2300 чалавек.
    У пасляваенныя га­ды касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў зачы­нены, і комплекс з часам пераўтварыўся ў жахлівыя руіны. Тым не менш, у 1970-я гг. касцёл быў аб’яўлены помнікам архітэктуры, аднак гэта не ўратавала яго ад знішчэння – у 1999 г. струхнелую старажытную святыню разабралі, а на яе месцы ўсталявалі крыж. Капліца-званіца і касцёльная брама пакуль яшчэ захоўваюцца ў руінным стане.
    У наш час сурвілішская парафія адрадзілася. У 1992 г. на скрыжаванні ў цэнтры вёскі вернікі пабудавалі новы будынак касцёла з дрэва і абклалі яго сілікатнай цэглай. Святыня была асвечана пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы. На жаль, пажар 1 мая 2003 г. моцна пашкодзіў новы касцёл. Сёння ён ужо адбудаваны, згарэлае дрэва ўнутры заменена на газа-сілікатныя блокі. Касцёл прамавугольны ў плане з паўкруглай алтарнай часткай, накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром, з вежай-званіцай над галоўным уваходам. Тут захоўваецца старажытны табернакулюм са старога касцёла (у крухце ляжыць і стары каваны крыж з галоўнага фасада).
    25 чэрвеня 2006 г. гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч прывёз у парафію і асвяціў копію абраза Маці Божай, які згарэў 3 гады таму разам з касцёлам.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top