ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

Адвэнт. Знайсці сваё чаканне

Рэкалекцыі са «СЛОВАМ»

Тэрэза КлімовічНаперадзе чарговы перыяд нашага жыцця – перыяд чакання сустрэчы з Хрыстом, які народзіцца ў нашых сэрцах. Рэдакцыя “Слова Жыцця” прапануе ўжо цяпер распачаць падрыхтоўку да сустрэчы са Збаўцам. У гэтым годзе “Рэкалекцыі са «Словам»” правядуць свецкія людзі, якія сваімі словамі і досведам веры хочуць кожнаму з нас паказаць дарогу да Хрыста. Запрашаем! Першая спроба рэкалекцыйнай падказкі ад Тэрэзы Клімовіч з Мінска.
А чакаць жа ніхто не любіць. Людзі здаўна вынаходзяць нейкія рэчы, сэрвісы, аптымізацыі і паслугі, каб скараціць чаканне, не марнаваць часу, пазбегнуць непрыемных перажыванняў.
    Чаму ж такім каштоўным з’яўляецца адвэнтавае чаканне? Чаму нельга атрымаць адразу cвята Божага Нара­джэння? Катэхеты ведаюць, што такія пытанні часта задаюць дзеці. А дарослыя ўжо спрабуюць высветліць самі, што будзе, калі не рыхтавацца, не пасціць, не абцяжарваць сябе пастановамі, а “атрымаць” адразу свята. А потым на наступны ж дзень сказаць: “Вось і прайшло, нібыта нічога і не было”. Сумна, праўда? Больш за тое, чаканне “за кампанію з іншымі” таксама прыносіць мала карысці. Пражыць гэты перыяд трэба сваім сэрцам, знайсці сваё чаканне і свае адзнакі, што Божае абяцанне вось-вось споўніцца – прыйдзе Збавіцель, блізка выратаванне, цемра адступае перад Святлом.
Такім чынам, калі пазы­чыць чаканне не атрым­ліваецца, трэба шукаць сваё. Напрыклад, чакаючы, можна выйсці Хрысту насустрач, падрыхтаваць Яму падарунак. Толькі... што рабіць і як? Перабіраем у галаве пастановы, дзень, другі... (Не страшна, лепш даўжэй падумаць, чым паабяцаць тое, што не стрымаеш.) Што, калі перад табой час выпрабавання – малапрыемны, аскетычны, пазбаўлены карунак і мішуры? Толькі без кіслай міны і з прыстойным выглядам, памятаеш?
    Чаканнем можа стаць рызыка: пачаць маліцца за свайго ворага, прапанаваць дапамогу альбо, наадварот, адмовіцца саўдзельнічаць у нядобрых справах. З рызыкай звязана і шчырасць, калі пачынаем называць рэчы сваімі імёнамі. Магчыма, камусьці трэба не пазбягаць канфлікту, а пачаць доўгую размову, дайсці да дробязей, да вытокаў непаразумення. Прыціснуць сваю ганарлівасць і прызнаць памылкі. А іншаму – перастаць глытаць крыўды і пачаць гаварыць.
    З іншага боку, калі кагосьці чакаеш, запавольваеш хаду, нават спыняешся. Так бывае, калі чалавек вырашае больш не грашыць. Усё. Стоп. Хопіць пустых сварак, нястрыманых абяцанняў, хлусні, абыякавасці, крыва­душнасці...
    Адвэнт – гэта шанс абвясціць мараторый на нараканні і зайздрасць, а таксама спроба падзяліцца з блізкімі і далёкімі тым, што маеш, адсыпаючы “меру добрую, утрэсеную”...
    Гэта твой шанс наталіцца радасным прадчуваннем свята, услухацца ў словы адвэнтавай літургіі, гамілій, спеваў. Прачытаць добрую кнігу. Няспешна падрыхтавацца да свята, не адкладаючы на апошнія дні. Радасць вызвалення і прымірэння чакае пасля шчырай споведзі, якая таксама патрабуе падрыхтоўкі і малітвы, каб адкрыцца перад Богам.
    А можа, тваё чаканне ў тым, каб адчуць працягласць часу. Адчуць, як гэта адбываецца, калі надыходзіць “поўня часу”. Сёння – яшчэ не. Заўтра – не. Праз 2 тыдні – не. Дні карацеюць, холад мацнее, настрой марнее, а надзея... надзея, як агеньчык раратніх свечак, свеціць, ёсць, гарыць. Якім чынам Бог спаўняе тое, што абяцаў? Што тады адчувае душа?
    Ці не падказвае табе сэрца стаць Бэтлеемам – “найменшым з гарадоў Юды”? Тады час Адвэнту будзе часам служэння ўсім і кожнаму, часам “апошніх месцаў”, лагоднасці, даверу, адрачэння ад сваёй “вялікасці”.
    Чаканне Дзіцяці без лю­бові – штосьці нечалавечае. Калі твае раны – як глыбокія бязводныя студні, няхай напоўняцца яны любоўю. Няхай яна пераліваецца цераз край і знаходзіць мільёны шляхоў, каб атуліць сабой іншых людзей.
    Якім жа будзе тваё чаканне? Каб жа стала яно тугою... Такой моцнай, якая дапамагла б хаця крыху зразумець, як Бог чакае чалавека. Тады адкрыецца табе моц чакання, і напоўніць увесь Сусвет радасць сустрэчы.
   
   
Варта памятаць:
    1. Рэкалекцыі (лац. recolligere – збіраць нанова, паўторна). Адвэнтавыя рэкалекцыі – гэта некалькідзённы перыяд, прысвечаны адвэнтавай духоўнай аднове праз малітву, канферэнцыі і споведзь.
    2. Рараты, раратняя св. Імша – першая св. Імша перад усходам сонца ў час Адвэнту. Гэта ватыўная Імша аб Найсвяцейшай Панне Марыі. Характэрным элементам Раратаў з’яўляецца запальванне свечкі. Гэтая свечка (раратка) змяшчаецца побач з алтаром толькі падчас Адвэнту. Яна сімвалізуе Найсвяцейшую Панну Марыю. У сённяшні час з-за таго, што ўдзел у Раратах прымаюць дзеці і моладзь, гэтая св. Імша часта адпраўляецца вечарам. У некаторых парафіях дзеці прыходзяць на раратнюю св. Імшу з запаленымі ліхтарамі. Раней Імша адпраўлялася штодзённа, таксама і не ў перыяд Адвэнту.
    3. Адвэнтавы вянок – вянок у форме кола, які складаецца з галінак елкі, на якіх размешчаны 4 свечкі, што сімвалізуюць 4 нядзелі Адвэнту. Кожную нядзелю запальваецца чарговая свечка.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.