ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

Кожнаму чалавеку неабходна малітва, а тым больш святару

Інтэрв'ю

Кс. Валерый Быкоўскі – духоўны айцец Гродзенскай ВДС Аб важнасці малітвы за святароў і аб развіцці Апостальства “Маргарытка” з кс. Валерыем Быкоўскім, мадэратарам Апостальства малітвы за святароў, размаўляў кс. Павел Салабуда, галоўны рэдактар газеты.
– Ксёндз Валерый, Вы ўжо на працягу года займаецеся духоўнай апекай Апостальства малітвы за святароў “Маргарытка”. У чым заключаюцца Вашы душпастарскія абавязкі?
    – Маёй галоўнай задачай у правядзенні сустрэч Апостальства малітвы за святароў “Маргарытка” з’яўляецца духоўная апека над яго членамі. Раз на месяц мы сустракаемся разам. Звычайна сустрэчы праходзяць у будынку Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Падчас нашых супольных сустрэч спачатку адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, св. Імша і аскетычная канферэнцыя. Раз на год, звычайна гэта апошняя субота мая, мы сустракаемся ў дыяцэзіяльным марыйным санктуарыі ў Тракелях, куды прыязджаюць малітоўныя групы з усёй дыяцэзіі. Гэта час супольнай малітвы, дзялення радасцямі і праблемамі. На жаль, я не магу раз на месяц наведаць усе групы дыяцэзіі. Таму я вырашыў хаця б раз на некаторы час прыязджаць у асобныя групы, каб зладзіць дзень засяроджання. У Адвэнце я планую арганізаваць такую “маргарыткавую сустрэчу” для лідскага рэгіёна ў парафіі Ліда-Фара, а затым у іншых парафіяльных супольнасцях дыяцэзіі.

    – Раскажыце, калі ласка, пра гэтае Апостальства. Адкуль узялася такая назва?
    – Галоўнай задачай Апостальства “Маргарытка” з’яўляецца штодзённая малітва за канкрэтных святароў. Назва паходзіць ад імя незвычайнай асобы, якой была Маргарэт О’Донэл з Канады. У жніўні 1951 года, ва ўзросце 13 гадоў, яна захварэла на поліяміэліт падчас сямейнай сустрэчы. Яе завезлі ў шпіталь у Отаве, потым у Манрэаль. Пасля трох месяцаў лячэння яна вярнулася дамоў, але была абсалютна паралізаванай, магла варушыць толькі галавой. Маргарэт хутка зразумела, што гэтая хвароба была яе пакліканнем, так як для іншых сужэнства, святарства ці манаскае жыццё. Таму яна пачала прысвячаць свае пакуты, молячыся за сваю парафію, пробашча, святароў, ва ўсіх інтэнцыях, якія ёй даручалі. З кожным днём павялічвалася колькасць святароў, якія наведвалі Маргарэт і прасілі яе аб гэтай форме малітвы. Часам яна прымала па 20 чалавек на дзень. Многіх святароў яна ўзмацняла духоўна сваёй малітвай, многім дапамагла сваімі пакутамі. Маргарэт памерла ў Вялікую пятніцу ва ўзросце 40 гадоў, пасля 27 гадоў жыцця ў нерухомасці, пакутах і малітве. Прафесар Луіз Вард, якая асабіста ведала Маргарэт О’Донэл, 1 жніўня 1981 г. у горадзе Эйлмер у Канадзе заснавала рух “Маргарыткі”, натхненнем якога было жыццё і малітва Маргарэт, таму яна і назвала рух яе імем. Гэтае імя ў перакладзе з французскага азначае белую кветку, якую ў нас называюць маргарыткай. Такім чынам, сімвалам Апостальства стала невялікая белая кветка, якая азначае самаадданасць, прастату і адзінства. У цэнтр кветкі ўпісваецца імя і прозвішча святара, а на сямі пялёстках імёны і прозвішчы сямі чалавек (ці прозвішчы сем’яў), якія складаюць Богу прысягу пажыццёвай малітвы – кожны чалавек (ці сям’я) у адзін акрэслены дзень тыдня за канкрэтнага святара.
   
    – Колькі чалавек у нашай дыяцэзіі належаць да гэтага Апостальства? Хто гэтыя людзі? Ці ёсць “мужчынскія Маргарыткі”?
    – Сёння ўжо цяжка сказаць, колькі дакладна чалавек належыць да гэтага малітоўнага Апостальства ў Гродзенскай дыяцэзіі. Скажу, што афіцыйную дзейнасць у нашай дыяцэзіі Апостальства распачало ў 2004 годзе. У канцы верасня група сясцёр III Ордэна св. Францішка пасля фармацыйнай сустрэчы ў Польшчы прывезла ў Гродна звычай малітвы за святароў “Маргарытка”. А ўжо 4 кастрычніка 2004 года, у свята св. Францішка, былі абвешчаны першыя групы ахвотных маліцца. Рэалізуючы сваё пакліканне, свецкія францішканцы пачалі засноўваць “Маргарыткі” ў сваіх супольнасцях па ўсёй Беларусі, засноўваючы іх таксама ў пілігрымках, арганізаваных Францішканскім ордэнам свецкіх. Я прыгадаў, што гэта быў афіцыйны пачатак, бо сёстры і ксяндзы ўжо і раней засноўвалі “Маргарыткі” ў парафіях. Да Апостальства належаць людзі рознага ўзросту: дзеці, моладзь, старэйшыя асобы. Ёсць і “мужчынскія Маргарыткі”. Больш таго, да “Маргарытак” належаць нават цэлыя сем’і.
   
    – Колькі ксяндзоў ужо агорнута малітвай? І ці ёсць нейкія правілы выбару святара, за якога будуць маліцца члены “Маргарыткі”?
    – Мы стараемся ахінуць малітвай усіх святароў нашай дыяцэзіі. На сённяшні дзень афіцыйна гэтай малітвай агорнута больш за 130 святароў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама біскупы з усёй Беларусі, папы Францішак і Бенедыкт XVI. Я ўжо казаў, што ў некаторых парафіях “Маргарыткі” ўзніклі значна раней, яшчэ на пачатку 90-х гадоў, але яны не звярталіся ў цэнтральнае бюро ці да кіраўнікоў, таму цяжка падаць канкрэтную лічбу членаў Апостальства і ксяндзоў, агорнутых малітвай. Трэба сказаць, што ў афіцыйны рэестр членаў Апостальства нашай дыяцэзіі ўпісана больш за 500 чалавек.
    Пэўнага правіла распачацця малітвы за канкрэтнага святара няма. Наша мара – ахінуць усіх святароў нашай дыяцэзіі малітоўнай апекай. Напэўна, многія хочуць маліцца ў інтэнцыі святароў, што працуюць у парафіях, да якіх належаць “Маргарыткі”. Гэта іх дар удзячнасці за святарскую паслугу; але часцей за ўсё члены Апостальства не ведаюць святароў, за якіх яны моляцца.
   
    – Як заснаваць “Маргарытку”? Хто гэта можа зрабіць?
    – Малітоўную групу “Маргарытка” ствараюць 7 асобных чалавек. Гэтыя людзі штодзённа спадарожнічаюць выбраным святарам сваёй малітвай. Адна асоба бярэ на сябе абавязак дабравольна выбранай у групе малітвы за канкрэтнага святара ў вызначаны для яе адзін дзень тыдня. Кожны член групы можа належаць да многіх “Маргарытак”, ён можа маліцца ў інтэнцыі, напрыклад, сямі ксяндзоў – кожны на адзін дзень тыдня. Ёсць таксама магчымасць павялічыць колькасць ксяндзоў і ахінуць малітоўнай падтрымкай у той самы дзень некалькіх святароў, але ў такім выпадку трэба памаліцца вызначанай малітвай асобна за кожнага з іх. Пасля складання абяцання “сямёрка” не абавязана збірацца разам на малітву. Кожны моліцца ў тым месцы, у якім жыве ці на дадзены момант знаходзіцца. Калі хтосьці памірае раней, чым ксёндз, і існуе магчымасць замяніць гэтага чалавека іншым, можна гэта зрабіць. Калі ж не, то мы верым – абапіраючыся на еднасць святых – што гэтая асоба ўжо з іншага боку будзе заступацца за гэтага ксяндза. Калі ж ксёндз памрэ раней, то хто ведае, ці не патрэбна яму далей наша малітоўная дапамога. Вельмі часта члены “Маргарыткі” ведаюць толькі імя святара, а больш нічога, але гэтага павінна быць дастаткова. Астатняе заключаецца ў Божай міласэрнасці і ў нашым акце добрай волі і жаданні заступніцкай малітвы.
   
    – Якую яшчэ духоўную практыку, акрамя малітвы, людзі могуць прыняць за святароў?
    – Асноўная прапанаваная малітва – гэта малітва за святароў і Вяночак. Да такіх малітваў могуць быць далучаны іншыя адвольныя малітвы, такія як Ружанец і да т.п. Заахвочваем членаў малітоўных груп запісваць св. Імшы ў інтэнцыі сваіх святароў, асабліва ў дзень іх імянін ці нараджэння. Рэкамендуецца, каб гэтыя асобы ўдзельнічалі таксама ў розных акцыях, якія адбываюцца пры парафіях, падтрымліваючы сваіх святароў. Так ствараецца духоўная сувязь вернікаў са сваімі душпастарамі, а святары маюць надзейны малітоўны тыл. Асабіста для мяне важна, каб члены Апостальства духоўна спадарожнічалі святарам, асабліва калі іх закранулі нейкія праблемы ці крызіс.
   
    – Часцей за ўсё людзі думаюць, што гэта менавіта ксёндз павінен за іх маліцца. Як растлумачыць такім людзям, што ксяндзу таксама неабходна малітва?
    – Кожнаму чалавеку неабходна малітва, а тым больш святару. Жаданне маліцца за іншых вырастае з асабістай малітвы. Чалавек, які сустракаецца з Богам і прымае Яго любоў, не можа пакінуць яе толькі для сябе, таму ён прагне дзяліцца гэтай любоўю. Гэта так, як у жыцці Маці Божай.
    Пасля звеставання Маці Божая адразу ж накіравалася ў горы да сваёй сваячкі Альжбеты, акая была ў патрэбе, каб дапамагаць ёй. Такім чынам, гэта азначае, што кожны, хто калісьці сустрэў Бога ў сваім жыцці, не можа пакінуць гэты досвед толькі сабе, ён хоча дзяліцца Богам. У жыцці кожнага святара неабходнасць дзяліцца досведам Бога вынікае з сутнасці паклікання, падобна як у жыцці кожнага хрысціяніна. Св. сястра Фаустына Кавальская калісьці сказала, што кожны з нас пакліканы сведчыць міласэрнасць. Дзе мы можам рабіць гэта канкрэтнымі ўчынкамі, мы павінны рабіць гэта як мага хутчэй, дзе не можам учынкамі, застаецца нам наша слова, а дзе нават слова не мае сілы прабіцца, нам заўсёды служыць малітва. Таму малітва спрадвеку была адной з асноўных форм дапамогі, за якой так часта звяртаюцца людзі адзін да аднаго, як таксама і мы, святары, да сваіх вернікаў.
   
    – Ксёндз Валерый, прашу Вас з дапамогай нашай газеты заахвоціць людзей маліцца і далучацца да гэтай вельмі важнай Божай справы, якой з’яўляецца Апостальства малітвы за святароў.
    – Для малітвы і любові ніколі няма межаў. Адначасова малітва заўсёды з’яўляецца цудоўным выражэннем нашай удзячнасці. У жыцці мы не заўсёды маем адвагу ці магчымасць асабіста падзякаваць святарам за іх душпастарскую паслугу, таму такая малітоўная форма нашай удзячнасці з’яўляецца для святароў не толькі радасцю і памяццю, але і падтрымкай. Мы вельмі ўсцешымся, калі гэтая справа малітоўнай падтрымкі святароў будзе разрастацца.
    Неацанімую дапамогу ў распаўсюджванні гэтага Апостальства на працягу ўжо многіх гадоў аказвае с. Марыя Этоль, якая першай пачала пашыраць Апостальства сярод членаў III Ордэна свецкіх св. Францішка з Асізі на Гро-дзеншчыне, а сёння гэтую дапамогу аказваюць незаменныя с. Аліна Куроўская і с. Лілія Барысюк (III Ордэн свецкіх св. Францішка з Асізі), якая, зрэшты, з’яўляецца мамай аднаго з нашых святароў з Гродна. Таму ўсе зацікаўленыя Апостальствам “Маргарытка” могуць атрымаць інфармацыю па наступных кантактных нумарах: кс. Валерый Быкоўскі +375296952469, Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript ; с. Аліна Куроўская +375297804170; с. Лілія Барысюк +375298873901; с. Марыя Этоль +375298672914, 76-57-05.
   
    – Дзякуй за размову, ксёндз Валерый, і жадаю Вам мноства Божых ласкаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.