ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Асвячэнне фундамента першай у Беларусі святыні ў гонар св. Яна Паўла ІІ

З жыцця Касцёла

Кс. бп Аляксандр Кашкевіч асвячае фундамент касцёла

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў фундамент будучага касцёла імя св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні.
У Беларусі гэта першая святыня, якая ўзводзіцца пад ты­ту­лам святога. Адметна, што цырымонія асвячэння адбылася 22 кастрычніка – у дзень першага літургічнага ўспаміну св. Яна Паўла II.
    Парафіяльная супольнасць св. Яна Паўла II у Смаргоні яшчэ дастаткова маладая і налічвае толькі два гады. 17 лістапада 2012 года тут быў асвечаны крыж і пляцоўка пад будаўніцтва новага касцёла. Праца па ўзвядзенні новай святыні распачалася з вялікім энтузіязмам, і ўжо праз год – 15 ліпеня 2013 года – на гэтым месцы гродзенскім ардынарыем была асвечана новая капліца.
    На ўрачыстую святую Імшу ў парафіяльны адпуст, падчас якога быў асвечаны фундамент будучай святыні, прыбыло шмат вернікаў і гасцей, сярод якіх шмат запрошаных святароў і прадстаўнікоў мясцовай улады. Усе прыбылі, каб аддаць хвалу вялікаму святому, які, як кажуць самі парафіяне, бласлаўляе іх працу па будаўніцтве касцёла.
Найважнейшае ж, прыз­наюцца парафіяне, гэта апека св. Яна Паўла II – іх заступніка “з дому Айца” – у будаўніцтве духоўнага Касцёла, які ўтвараюць самі людзі. Пра такую еднасць сведчыць згуртаванасць парафіян, якія з ахвотай далучаюцца да будаўнічых прац.
    Адказаць на пытанне Езуса “Ці любіш Мяне?”
    Урачыстую святую Ім­шу цэлебраваў біскуп Аляк­сандр Кашкевіч. “Мы з’яўляемся сведкамі незвычайнай падзеі. У першы раз у літургіі мы ўзгадваем нашага вялікага заступніка ў небе. Мы ўдзельнічаем таксама ў асвячэнні фундамента новай святыні, якая вельмі хутка з дапамогай Бога і шматлікіх ахвярных людзей расцe ўвысь. Вы будуеце дом для Пана, і ў будаўніцтве вам дапамагае св. Ян Павел II. За ўсё сваё жыццё ён нікога не пакінуў без увагі, таму звяртайцеся да яго ў сваіх малітвах”, – адзначыў іерарх.
    З гаміліяй да прысутных звярнуўся кс. Юрый Марціновіч. У сваёй прамове святар прыгадаў пытанне, якое Хрыстос задаваў святому Пятру: “Сёння Хрыстос пытаецца ў нас, як пытаўся калісьці ў св. Пятра і св. Яна Паўла II: «Ці любіш Мяне?». Чым большая наша віна, тым часцей Езус пытаецца: «Ці любіш Мяне?». І такая Божая праўда: чалавек часцей абражае Бога сваімі грахамі, чым Бог паспявае прабачыць чалавека. Езус патрабуе нашай любові, Ён сам дае нам любоў і пытаецца ў нас аб любові. Пан Езус ведае нашыя слабасці, ведае, што крыецца ў кожным з нас, ведае пра нас больш, чым мы самі пра сябе ведаем. Аднак кожнага з нас Ён пытае: «Ці любіш Мяне?». Сёння ў Евангеллі Хрыстос запрашае нас: «Ідзі за Мной» (Ян 21, 19). Ці ж можна на гэтае пытанне адказаць інакш, чым: так, Пане, іду! Таму сёння, калі мы асвячаем фундамент будучай святыні, калі хочам з вялікай любоўю ўзносіць Дом Пана, мы не можам выйсці з гэтай святыні да той пары, пакуль не адкажам Езусу Хрысту на пытанне: «Ці любіш Мяне?»”.
    Святар прыгадаў прыклад дванаццаці Апосталаў: “Мы таксама па прыкладзе Апосталаў павінны ісці ў свет, ісці ў свае сем’і, на працу, вучобу і даваць сведчанне. Мы павінны патрабаваць ад сябе. Мы павінны вучыцца любіць іншых і быць для іх братамі і сёстрамі. Напэўна, не раз на нас будуць паказваць пальцам, не раз будуць нас абмяркоўваць, высмейваючы, але з вопыту Апосталаў мы павінны радавацца, бо церпім у імя Езуса”.
    Падчас святой Імшы ў малітве былі ўзгаданы і ахвярадаўцы, якія дапамагаюць у будаўніцтве святыні не толькі малітоўна, але і матэрыяльна. Напрыканцы прагучала падзяка ў адрас дзяржаўных улад, якія падтрымліваюць узвядзенне новай святыні ў Смаргоні і пазітыўна ставяцца да ўсіх спраў, звязаных з далейшымі будаўнічымі працамі.
    Пасля Імшы бп Аляксандр Кашкевіч асвяціў фундамент будучай святыні і пажадаў вернікам смаргонскай парафіі не стамляцца ў распачатай справе, якая застанецца прыгожым напамінам для будучых пакаленняў.
    Новай парафіі ў Смаргоні толькі два гады, але плён яе працы бачны ўжо сёння. Гледзячы на старанні парафіян, якія працуюць над будаўніцтвам новага касцёла, можна толькі пацвердзіць, што яны ставяць перад сабой вялікія задачы. Тут вельмі дарэчнымі будуць знакамітыя словы Святога Айца Яна Паўла II, сказаныя ім моладзі падчас адной з гамілій у 1987 годзе: “Вы павінны патрабаваць ад сябе, нават калі б іншыя ад вас гэтага не патрабавалі”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.