ГРОДНА
Нядзеля,
10 лістапада 2024 года |
У Ружанцы – сіла
Давайце настойліва адгаворваць Ружанец у касцёльных супольнасцях і ў нашых сем’ях. Падчас паўтараемых заклікаў ён з’яднае нашыя сэрцы, прывядзе да згоды, ажывіць надзею і адорыць усіх нас супакоем і радасцю Хрыста, які для нас нарадзіўся, памёр і ўваскрос. Адгаворваць Ружанец – значыць адправіцца ў школу Марыі і вучыцца ад Яе, Маці і Апостала Хрыста, як жыць у поўнай згодзе з патрабаваннямі хрысціянскай веры” (св. Ян Павел II).
Кастрычнік – асаблівы месяц, калі тысячы вернікаў бяруць у рукі ружанцы і ўзносяць свае малітвы да Бога праз заступніцтва Марыі. У сувязі з Годам малітвы, які сёлета перажывае каталіцкі Касцёл у Беларусі, а таксама ў сувязі з ружанцовым месяцам была праведзена ўрачыстая сустрэча з нагоды ўшанавання святога Ружанца – “Ружанцовая станцыя”. У яе межах 18 кастрычніка ў парафіяльным касцёле Святой Сям’і ў Лідзе адбылася канферэнцыя на тэму “Ружанец як інструмент малітвы і духоўная зброя XXI стагоддзя”, а таксама св. Імша з удзелам Ружанцовых колаў. Вернікі адаравалі Найсвяцейшы Сакрамант, ядналіся на супольнай ружанцовай малітве, а затым паслухалі сведчанні на тэму “Роля Ружанцовых колаў у духоўнай фармацыі парафіі”. Падчас гэтай духоўнай сустрэчы члены Ружанцовых колаў падкрэслілі, што плён ружанцовай малітвы вельмі добра бачны. Вернікі з вялікай ахвотай моляцца на ружанцы, паколькі гэтая глыбокая форма малітвы становіцца для іх указаннем, як яны павінны жыць, каб дайсці да святасці. †
Ружанец хоць і віртуальны, але жывы
Наступным пунктам “Ружанцовай станцыі” быў супольны Ружанец, які дзякуючы сучасным тэхналогіям аб’яднаў моладзь Гродзенскай дыяцэзіі з Ліды, Гродна, Воранава, Гудагая і Навагрудка. Ружанцовая малітва праз скайп праходзіла ўжо ў чацвёрты раз.
Малітве на ружанцы папярэднічала св. Імша ў касцёле Звеставання НПМ (пабрыгідскі) у Гродне, якую ўзначаліў кс. бп Юзаф Станеўскі. Прамаўляючы гамілію, іерарх адзначыў, што Панна Марыя праз ружанцовую малітву спадарожнічае нам на шляху пазнання Езуса. “Аднак сёння Ружанец часта называюць састарэлай малітвай, прызначанай толькі для старэйшых людзей, бо яна дастаткова доўгая і манатонная. Але гэтае сцверджанне абсалютна несправядлівае, паколькі Ружанец вучыць нас спакою, мернасці і засяроджанасці”, – казаў кс. бп Юзаф.
Душпастар таксама падкрэсліў, што таямніцы Ружанца з’яўляюцца найлепшым тлумачэннем Святога Пісання. Разважаючы асобныя таямніцы, мы стараемся паглыбіцца розумам і сэрцам у Божае слова. Ксёндз біскуп таксама падкрэсліў вялікую ролю ружанцовай малітвы ў жыцці веруючага чалавека. “Калі мы молімся на ружанцы, мы пераплятаем чалавечыя справы з Божымі, пэўным чынам злучаем неба і зямлю. Ружанец – гэта тая малітва, якая фарміруе наша жыццё, трэба толькі пастарацца і навучыцца даручаць Марыі ў Ружанцы сваю штодзённасць з яе клопатамі і радасцю, а часам нават з болем, і разам з гэтым праз малітву адкрываць Бога”, – падкрэсліў кс. бп Юзаф Станеўскі.
Пасля набажэнства моладзь уключылася ў ружанцовую малітву праз скайп, паказваючы такім чынам, што маладыя людзі ў сённяшні час адкрыты на Бога і прагнуць разам маліцца.
Кс. Антоній Грэмза, душпастар студэнтаў і працуючай моладзі Гродна, адзначыў, што сёння інтэрнэт і новыя тэхналогіі з’яўляюцца добрым спосабам евангелізацыі, яны могуць і павінны служыць з’яднанню ўсіх хрысціян, напрыклад, менавіта праз супольную ружанцовую малітву.
“Ружанец – гэта спосаб жыць паводле Евангелля. Першым крокам з’яўляецца жаданне ісці за Хрыстом і Марыяй. Другі крок – гэта пошук сувязей свайго зямнога жыцця з Евангеллем. Ружанец – малітва на ўсе часы, правераная стагоддзямі. Штодзённая малітва, якую мы паўтараем, спалучаючы з разважаннем Евангелля, нараджае ў нас ласку, абараняе ад граху і зла, а таксама не дазваляе збочыць з добрага жыццёвага шляху”, – сказаў кс. Антоній.
Варта адзначыць, што ружанцовая малітва ўсё часцей прапагандуецца ў інтэрнэце. “Ружанец” – гэта адно з найбольш часта ўпісваемых у пошук Google слоў. Інфарматыкі рэгіструюць штомесяц каля 1,5 млн. пытанняў, што ўключаюць у сябе гэтае слова. Часцей за ўсё яны датычаць спосабаў адгаворвання ружанцовай малітвы, а звыш 60 тысяч у месяц – гэта пытанні аб набыцці канкрэтных ружанцаў.
Гродзенская дыяцэзія даручана НПМ Каралеве Святога Ружанца
Чарговым пунктам, звязаным з ружанцовым месяцам стала св. Імша ў гродзенскай катэдры 19 кастрычніка. У гэты дзень святыня была запоўнена вернікамі, а асабліва членамі Ружанцовых колаў. Падчас набажэнства маліліся ў інтэнцыі духоўнага плёну “Ружанцовай станцыі” ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Св. Імшу ўзначаліў кс. бп Юзаф Станеўскі, які, звяртаючыся да вернікаў з гаміліяй, гаварыў пра Ружанец як спосаб жыцця і заахвочваў паглыбляць ружанцовую духоўнасць. Іерарх прыгадаў таксама аб аб’яўленні Маці Божай тром пастушкам. У той час Найсвяцейшая Панна зышла на зямлю, трымаючы ў руцэ ружанец, каб перадаць пасланне супакою.
“Праз ружанцовую малітву ў нас узрастае пачуццё прыналежнасці да Хрыста і жаданне аддаць сябе пад мацярынскую апеку Яго Маці, – казаў кс. бп Юзаф. – Молячыся такім чынам, мы просім аб Яе заступніцтве, аб навяртанні і змене нашага жыцця, а таксама дзякуем Марыі за тое, што Яна – наша Маці, якая пяшчотна атуляе нас плашчом сваёй мацярынскай апекі”.
Душпастар таксама падкрэсліў, што Ружанец не можна назваць лёгкай малітвай. Яе нельга бяздумна паўтараць, гэта павінна быць размова з Богам, час суцішэння, роздуму.
“Не ўсе разумеюць структуру Ружанца. Пяць таямніц – гэта галоўныя раны Хрыста, з якіх разам з Найкаштоўнейшай Крывёю сплывае на нас Яго міласэрнасць. Паўтараючы «Вітай, Марыя», мы нібы падстаўляем свае далоні і ловім кроплі крыві Хрыста, каб яны не ўпалі на зямлю і не былі растаптаныя”, – падсумаваў ксёндз біскуп.
Іерарх таксама падкрэсліў, што моц Ружанца, якая дапамагае ў самых складаных жыццёвых сітуацыях, можа адчуць кожны, хто з верай і засяроджанасцю адгаворвае гэтую малітву.
Пасля св. Імшы адбылося выстаўленне і адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, а затым вернікі разам адгаварылі Хвалебную частку Ружанца. Малітву праводзілі прадстаўнікі Ружанцовых колаў з розных парафій Гродна: катэдральнай, Дзевятоўкі, Вішняўца, Аўгустоўка і францішканскай. У канцы адбылося даручэнне Гродзенскай дыяцэзіі НПМ Каралеве Святога Ружанца і асвячэнне ружанцаў.
Калі злучыць усе ружанцы, на якіх вернікі маліліся падчас гэтага ружанцовага месяца ў розных кутках Гродзеншчыны, яны б, напэўна, акружылі ўсю дыяцэзію. А гэта можна назваць сведчаннем узрастання веры і любові да Бога.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 51 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.