ГРОДНА
Пятніца,
27 студзеня
2023 года
 

Пазбавіцца страху быць шчырым

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
    Вітаю Вас, паважаныя Чытачы, на старонках газеты ў рубрыцы “На скрыжаванні”. Кожнаму асабіста кажу шчырае дзякуй за тое, што знаходзіце час для моладзевай рубрыкі, а значыць, яна патрэбна і таму жыве.
    Адносна шчырасці, дарэчы. У гэтым нумары даведаемся пра тое, каго называюць фарысеямі і як навучыцца кіраваць сваімі пачуццямі. Паразважаем, навошта кожны дзень рабіць рахунак сумлення і пры якіх абставінах памірае вера. Адразу заахвочваю да каментарыяў. Актыўныя чытачы будуць узнагароджаны.
    З Богам!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што цяснілі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спачатку вучням сваім: «Сцеражыцеся закваскі крывадушнасці фарысейскай»” (Лк 12, 1).
    Сёння фарысей – хадзячая назва для ўсіх крывадушнікаў. Фарысейская закваска – гэта падробка, фальш, сімуляцыя.
    У часы Хрыста фарысеі былі вельмі пабожнымі людзьмі, але рабілі гэта напаказ. Страшны грэх – імітаваць духоўнасць і любоў да Бога. Езус неаднаразова выкрываў і асуджаў іх стыль жыцця, аб чым даведваемся з Еванелля. Там, дзе пачынаецца крывадушнасць, памірае шчырая і жывая вера.
        
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: Каб Госпад даў супакой найбольш змучаным ад вайны і гвалту рэгіёнам свету

   Ва ўсім свеце пакутуюць людзі. Дзесьці боль так прытупілася, што нават не адчуваецца, і чалавек жыве ў цярпенні. Ён не думае аб тым, каб стала лягчэй: абы не горш. За такіх людзей сёння ахвяруе малітву папа Францішак. Усе католікі свету могуць да яе далучыцца.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: Шчырасць
   Толькі чалавек з адкрытай душой здольны на сумленныя і бескарыслівыя адносіны з сабою, іншымі людзьмі і светам. Шчыры чалавек не баіцца праўды, не чакае ў адказ на сваю шчырасць узнагароды. Ён моцны і ўпэўнены.
    Нехта дакладна заўважыў, што ўсё наша жыццё – гэта праверка на шчырасць. Хто не прытрымліваецца праўды, не спасцігае шчасця. Ці гэта так? Час паразважаць.
   
  СПРАВА МЕСЯЦА: Запланаваць штодзённы рахунак сумлення
   Чаму штодзённы? Адбываецца пераасэнсаванне жыццёвых пазіцый. Частая практыка аналізу думак, слоў і ўчынкаў робіць чалавека больш адчувальным да сваіх недахопаў. Такім чынам гэта становіцца добрым штуршком да працы над дрэннымі схільнасцямі.
    Вядома, кожны хоча кіраваць сваімі пачуццямі і заўсёды дзейнічаць правільна. Для гэтага неабходна разумець сябе. Штодзённы роздум над сваім жыццём набліжае чалавека да запаветнай мэты. Ён не паспявае забыцца аб тым, што сабе абяцаў. І працуе. Такім чынам, яго рашэнні становяцца лёсавызначальнымі.
   
  МЭТА МЕСЯЦА: Пазбавіцца страху быць шчырым
   Сёння не кожны хоча і можа быць шчырым. Прасцей прытрымлівацца думкі большасці, каб не выклікаць неадназначную рэакцыю ў грамадстве. Многім выгадна забыцца пра сваю шчырасць. І тады нараджаюцца штучнасць, ненатуральнасць, крывадушнасць.
    Усе мы розныя, і кожны з нас унікальны. Мы не прыйшлі ў свет, каб удзельнічаць у маскарадзе. Саромецца сябе – значыць, абражаць Бога. Мы такія, якія ёсць. І сапраўды шчаслівы той, хто паважае сябе знутры, шануе сваю індывідуальнасць. Шчырыя намеры і пачуцці адкрываюць душу чалавека. І тады да яе з задавальненнем цягнецца іншая душа.
     
  АСОБА МЕСЯЦА: Святая Ядзвіга Сілезская

   Поўнае імя святой – Ядзвіга фон Дзісэн фон Мераніен. Дачка Бертальда IV Меранскага. Прадстаўніца нямецкага багатага роду Андэксаў, які дамінаваў на паўднёвым усходзе Свяшчэннай Рымскай імперыі ў другой палове XII – пачатку XIII стагоддзя.
    Нарадзілася Ядзвіга каля 1174 года ў Германіі. У 12 гадоў была выдадзена замуж за сілезскага князя Генрыха І. У шлюбе нарадзіла сямёра дзяцей. Пры жыцці жанчына пахавала ўсю сям’ю. Вясною 1241 года страціла апошняга сына. У баі з манголамі загінуў Генрых ІІ Набожны.
    Ядзвіга заснавала ў Трэбніцы (Польша) манастыр цыстэрак, дзе асабіста наглядала за хворымі і займалася дабрачыннасцю. Памерла там жа 15 кастрычніка 1243 года. Праз 24 гады была кананізавана папам Кляментам ІV.
    Манахіні, якія належаць да ордэна яе імя, працуюць у дзіцячых прытулках. Святая Ядзвіга Сілезская лічыцца заступніцай сірот і гістарычнай вобласці Сілезіі, большая частка якой сёння ўваходзіць у Польшчу, а таксама ў Чэхію і Германію.
    На цэнтральнай плошчы ў Берліне пабудаваны сабор святой Ядзвігі. Зараз ён з’яўляецца рэзідэнцыяй кардынала Райнера Марыя Велькі, які ўзначальвае архідыяцэзію Берліна.
   
    Да якіх святых можна звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў кастрычніку?
    Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус (1 кастрычніка),
   св. Францішак (4 кастрычніка),
    св. Ядзвіга Сілезская (16 кастрычніка),
    св. Лука Евангеліст (18 кастрычніка),
    св. Сабіна (27 кастрычніка).

    КНІГА МЕСЯЦА: “Чвэрць гадзіны шчырасці”, Юзаф Аўгустын SJ
   Новая кніга выйшла ў выдавецтве “PRO CHRISTO”. Уводзіны ў малітву штодзённага рахунку сумлення прапануе чытачу аўтар шматлікіх кніг пра духоўнае выхаванне айцец Юзаф Аўгустын.
    Напачатку аўтар разважае аб тым, што значыць сур’ёзна ставіцца да свайго жадання маліцца. Затым адказвае на пытанне, у чым заключаецца сэнс агульнага рахунку сумлення.
    Кніга змяшчае пяць разважанняў, якія грунтуюцца на паасобных пунктах рахунку сумлення, прапанаваных св. Ігнацыем Лаёлам у “Духоўных практыкаваннях”. Напрыканцы кожнага разважання чытачам прапануюцца канкрэтныя практыкаванні, якія можна выкарыстоўваць у якасці ўводзінаў у асабістую малітву (з анатацыі да кнігі). Карысны практыкум для кожнага хрысціяніна.

    ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Шчырасць”, Юлія Аўструб

   У свеце, дзе столькі багаццяў, спявачка просіць толькі аб адным: “Шчырасць! У гэты шлях пайдзі зараз са мной!”.
    Жыццё з’яўляецца інтрыгуючым і цікавым падарожжам. Яно бывае рознае: горкае і салодкае, з пакутамі і палёгкамі. Лепшы спадарожнік чалавека – гэта шчырасць. Яна дапаможа ў любой сітуацыі заставацца сабою і накіруе на правільны шлях, калі на гарызонце з’явяцца “міражы і блікі”. “Будзь для мяне, калі не апраўданнем, то, хаця б, компасам маім”.
   
Дзяліцеся сваімі ўражаннямі ад планавання свайго жыцця разам з рубрыкай “На скрыжаванні”. Дасылайце лісты на адрас рэдакцыі або на электронны адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . Ініцыятыўных чытачоў аўтар рубрыкі адзначыць прызамі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  339

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.